Юры Лявонаў, першы дзень на волі, фота Радыё Свабода.
Ваўкавыскі прадпрымальнік Юры Лявонаў 8 жніўня выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка па‑ранейшаму знаходзяцца за кратамі. У панядзелак Лявонаў адказаў на пытанні карэспандэнта «НН».
«Наша Ніва»: Спадар Юры, як адбывалася вызваленне?
Юры Лявонаў: У пятніцу падалі дакументы на змяненне меры стрымання. Я ведаў, што тэрмін следства канчаецца. Таму рашэнне пра вызваленне пад падпіску мяне не здзівіла. Не ведаю, чаму не вызвалілі Аўтуховіча і Асіпенку, гэта пытанне да следчых.
«НН»: Вы праходзілі толькі па справе падпалаў дамоў?
ЮЛ: Так, у тэрарызме абвінавачванні мне высунутыя не былі.
«НН»: Наколькі актыўна праводзіліся следчыя дзеянні па справе?
ЮЛ: Я не маю справа разгалошваць матэрыялы справы, але магу запэўніць, што праводзіліся і допыты, і вочныя стаўкі.
«НН»: Якія ўмовы былі ў ізалятары?
ЮЛ: Знаходзіўся ў камеры разлічанай на восем чалавек. Там увесь час было шэсць — дзевяць чалавек. Абсалютна розныя людзі. Ніякіх нараканняў у мяне няма.
«НН»: А на здароўі як турма адбілася?
ЮЛ: Не паверыце, але станоўча. Калі да турмы ў мяне была гіпертанія, ціск 180 на 140, то пасля трох месяцаў зняволення ціск стаў 120 на 80. Нават кавы магу сабе дазволіць папіць.
«НН»: А з Аўтуховічам ці Асіпенкам атрымлівалася сустрэцца ў турме?
ЮЛ: Аднойчы бачыў Мікалая на калідоры. Мяне вялі ў адзін бок, а Аўтуховіча ў іншы. Больш нікога не бачыў.
«НН»: А як адбываўся арышт?
ЮЛ: Было як у кіно. А 7:00 раніцы ў кватэру на пятым паверху прыйшло восем супрацоўнікаў «Алмазу». Пачалі праводзіць ператрус. Ён доўжыўся блізу паўтары гадзіны. Потым адвезлі ў мясцовы пастарунак. Там быў, здаецца, да пятай раніцы. Мне адразу паведамілі, што я падазраюся ў артыкуле 218 КК «Падпалы маёмасці».
«НН»: Адчувалі падтрымку з волі?
ЮЛ: Так, з газет ведаў пра тое, што хлопцы з нашымі партрэтамі выходзілі на плошчы. Сукамернікі з вялікай цікавасцю чыталі газеты, дзе былі напісана пра нашу справу. Увогуле, незалежныя газеты чытала ўся камера.
«НН»: Які Ваш прагноз на далейшае развіццё справы?
ЮЛ: Справа падоўжаная яшчэ на два месяцы. Следчы перакананы, што за гэты час яны яе скончаць. Думаю, што судовы разгляд справы пачнецца ў лістападзе.
«НН»: У следства ёсць доказы Вашай віны?
ЮЛ: Мне здаецца сам той факт, што мяне адпусцілі сведчыць, што ніякіх доказаў у іх няма.
«НН»: Вы не лічыць сябе вінаватым?
ЮЛ: Канечне, не. Я абсалютна ніяк не датычны да гэтай справы. Упэўнены, як і мае калегі.





