Фота: depositphotos.com.

Фота: depositphotos.com.

У снежні Нацыянальны цэнтр статыстыкі аховы здароўя (ЗША) прадставіў канчатковы аналіз даных па смяротнасці ў краіне за 2020 год. Згодна з ім, хваробы сэрца і рак былі ў тым годзе галоўнымі прычынамі смяротнасці, на трэцім жа месцы апынуўся кавід, піша New York Times.

Смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых хвароб вырасла на 9%, ад сіндрому Альцгеймера — на 8,7%. Сярод дыябетыкаў рост смяротнасці ўвогуле склаў 15%. Усе гэтыя хваробы — фактары рызыкі пры кавідзе, які можа працякаць у такіх людзей асабліва цяжка. Навукоўцы таксама дапускаюць, што гэтых смерцяў магло б не быць, калі б тыя ж дыябетыкі наведвалі дактароў своечасова — магчымасць, якую шмат у каго забрала пандэмія і лакдаўны.

Яшчэ адна верагодная прычына росту смерцяў — змены ў ладзе жыцця. Амерыканская Асацыяцыя Альцгеймера сцвярджае, што сацыяльная ізаляцыя, пагаршэнне лячэння хранічных хваробаў і парушэнне звыклага ладу жыцця маглі выклікаць рост смяротнасці ад сіндрому Альцгеймера. Што да дыябету і сардэчна-сасудзістых хваробаў, жыццё з імі павінна ўключаць здаровае харчаванне, фізічную нагрузку, кантроль узроўню стрэсу і стабільны прыём лекаў, і лакдаўны маглі паўплываць на ўсё гэта не ў лепшы бок.

Нас чакае яшчэ больш смерцяў, якіх магло б не быць без пандэміі. Напрыклад, калі на піках хваляў кавіду шпіталі мелі справу з наплывам пацыентаў, ім прыходзілася адмяняць планавыя аперацыі. Але ж калі аперацыя планавая, гэта не азначае, што яна непатрэбная. Сярод такіх аперацый можа быць і выдаленне ракавай пухліны, і замена сустава, і калі такія важныя аперацыі адкладаюць, гэта можа пагоршыць стан пацыента.

Тое ж самае датычыць прафілактыкі раку. Мільёны амерыканцаў прапусцілі праз пандэмію рэгулярныя праверкі ў дактароў на прадмет наяўнасці раку грудзей і прастаты, а таксама каларэктальнага раку. Тыя выпадкі анкалогіі, якія былі б выяўленыя на гэтых праверках, усё роўна праявяцца. Але гэта адбудзецца на больш позняй стадыі, калі хваробу ўжо будзе больш цяжка вылечыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0