Украіна апошнія гады збірала рэкордныя ўраджаі кукурузы і пшаніцы. Фота: depositphotos.com.

Украіна — адзін з найбольшых у свеце вытворцаў сельгаспрадукцыі. Калі там пачнецца вялікі канфлікт, гэта выкліча турбулентнасць на рынку прадуктаў і рост цэнаў на ежу. І гэта пры тым, што свет і так мае справу з поскавідным скачком інфляцыі, піша Politico.

Цяпер Украіна пастаўляе ў ЕС прыкладна чвэрць яго імпарту зерневых і алею, у тым ліку каля паловы імпарту кукурузы. ЕС мае моцную харчовую вытворчасць, таму, напэўна, ён будзе здольны адаптавацца да новай рэальнасці без паставак з Украіны.

Зусім іншая справа — Блізкі Усход і Паўночная Афрыка. Егіпет, напрыклад, закупляе шмат украінскага зерня. Ліван вельмі залежыць ад імпарту пшаніцы, і 55% усіх яе паставак туды ажыццяўляецца з Украіны. Пры гэтым праблемы з пастаўкамі ежы былі ў свой час сярод рухавікоў падзей Арабскай вясны, і ЕС пастаянна турбуе магчымасць новай нестабільнасці ў тым рэгіёне.

І нават у ЕС перабоі з харчовымі пастаўкамі з Украіны выклічуць кароткатэрміновы шок. Вайна ў асноўным паўплывае на аптовых імпарцёраў і вытворцаў ежы, якія ўжо вымушаныя падціснуцца ў сувязі з высокімі цэнамі на энергарэсурсы і жорсткімі экалагічнымі патрабаваннямі ад еўрапейскіх рэгулятараў. У дадатак, кукурузу з Украіны шырока выкарыстоўваюць у кармавых мэтах, і яе недахоп можа сур’ёзна пашкодзіць вытворчасці мяса і малака ў ЕС. Напрыклад, самы вялікі імпарцёр кукурузы ў ЕС — Іспанія, таму канфлікт ва Украіне паўплывае не толькі на цану багетаў у Парыжы, але і на якасць іспанскага хамону.

У 2021 годзе Украіна сабрала рэкордны за ўсю гісторыю краіны ўраджай зерневых: 106 мільёнаў тон. Рэкорд дасягнуты дзякуючы росту ўраджайнасці, якая вырасла проці мінулага года на 18 працэнтаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства аграпалітыкі Украіны. Гэта ў два разы больш, чым Украіна збірала ў самыя ўдалыя гады ў савецкі час, да 1991 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру