Ілюстрацыйнае фота

Бацькоўскія веды і ўклад у матывацыю дзяцей — па-ранейшаму абавязковы элемент існавання беларускай школы. Хатнія заданні, праверка дзённікаў, бацькоўскія сходы і іншыя рудыменты застаюцца абавязковым атрыбутам сярэдняй адукацыі.

Ну не можа школа вучыць дзяцей, не перакладаючы абавязкі на іншых. Абстаўлена гэта вонкава прыстойна: заданні даюцца вучням, а задача бацькоў — пракантраляваць.

Аднак у рэальнасці сапраўднае навучанне пачынаецца дома, калі высвятляецца, што дзіця не зразумела правіла або праслухала тлумачэнне. Адсунуўшы хатнія справы, дарослыя бяруцца асвяжаць веды, потым тлумачыць, затым правяраць. І так амаль кожны дзень.

Ведаю кіраўніка буйнога прадпрыемства, які прыходзіць дадому, адпачывае гадзіну-другую, а потым у яго пачынаецца другая змена — праверка ўрокаў. Вось такі вольны час у мэнэджара, якому б адпачываць, ну а калі ёсць нястрыманае жаданне папрацаваць, — думаць аб матывацыі супрацоўнікаў, аптымізацыі працы, павышэнні тэхналагічнасці працэсаў. Аднак не!

Цікава, што бухгалтар кампаніі не нясе настаўніцы сваёй дачкі справаздачу, якую трэба тэрмінова скончыць. А праграміст — незавершаны код, а лекар не прыводзціь пацыента з невысветленым дыягназам.

Чаму ж са школай адбываецца наадварот? Ці не таму ў нас пакутуюць цэлыя галіны, што многія займаюцца не сваёй справай?

Так, я чуў аргументы пра вялікія класы, загружанасць настаўнікаў, немагчымасць індывідуальнага падыходу… Як тут не ўспомніць знакамітае «ну вы ж самі ўсё разумееце».

Аднак нядаўна на вочы трапіла цікавая статыстыка. У Беларусі 430 тысяч работнікаў адукацыі, а педагогаў з іх — толькі палова (дакладней, непасрэдна з дзецьмі працуе 191 тысяча)! Чым жа займаюцца астатнія супрацоўнікі сістэмы адукацыі? У Мінадукацыі патлумачылі, што 240 тысяч гэта «ўсе астатнія, напрыклад, нянькі ў садках», а вось у абласных і раённых аддзелах адукацыі «150 тысяч будзе, а можа, і больш». То-бок людзі, якія распрацоўваюць метадычную і нарматыўную базу ды здзяйсняюць праверкі.

Адразу ж згадалася карцінка з сям’ю начальнікамі, што пільна сочаць за рабочым, які капае яму.

Канечне, пачалося гэта не ўчора і нават не трыццаць гадоў таму, а з’яўляецца здабыткам савецкай сістэмы. Але пакуль іншыя імкнуліся прапаноўваць новыя падыходы, тэхналогіі, метады, зніжаючы нагрузку на дзяцей і дарослых і вызваляючы час для сям’і, у Беларусі сітуацыя толькі пагаршалася.

А цяпер на карысць настаўнікаў працуюць яшчэ і сучасныя тэхналогіі, у прыватнасці, чаты ў мэсэнджарах, дзе аператыўна можна тузануць бацькоў — нагадаць не толькі пра нездадзеныя грошы на фіранкі, але і пра невыкананае практыкаванне.

Справы ў сістэме школьнай адукацыі нагадваюць трэнд беларускай дзяржавы, якая з задавальненнем перакладвае непрыемную адказнасць на звычайных людзей, пакідаючы сябе больш важныя рэчы. 

Чытайце яшчэ:

«Гэта чарговы манеўр, каб пакпіць з, як яны кажуць, «беглых». Настаўнікі пра новы Кодэкс аб адукацыі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру