— Я здагадваюся, як узнікла ідэя правядзення рэферэндуму і ўнясення змен у Асноўны закон, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Падзеі 2020 года падштурхнулі да гэтага, бо яны паказалі, што старая схема падману людзей не працуе, і сотні тысяч чалавек выйшлі з пратэстамі супраць несправядлівых выбараў. Але для мяне відавочна, што ніякіх змен у бок дэмакратыі ў краіне не будзе. Гэта адназначна.

Што, рэферэндум не зменіць жыццё простага беларуса?

— А як змянілася жыццё беларусаў пасля рэферэндуму 1996 года, калі было ўзаконена, што прэзідэнт можа абірацца колькі заўгодна разоў?

Але не можа адзін чалавек кіраваць краінай каля 30 гадоў. Мы ж не ў Афрыцы жывём, а ў цэнтры Еўропы.

Дарэчы, я лічу, што была нармальная Канстытуцыя 1994 года, але яе сапсаваў былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, які дазволіў 38 артыкулаў прыняць адным галасаваннем. З пазіцыі канстытуцыйнага права гэта было злачынствам, але Грыб на такое пайшоў, бо, відаць, чакаў для сябе добрую пасаду.

Калі будзе прынятая новая Канстытуцыя, то гэта будзе азначаць вяртанне ў савецкія часы. Што гэта за Усебеларускі народны сход? Хто будзе абіраць дэлегатаў на гэты сход? Народам будуць прыкрывацца, а насамрэч кандыдатуры будуць зацвярджацца ў іншых кабінетах. У савецкія часы ўсё вырашала партыя і яе лідары, і цяпер фактычна будзе тое самае.

Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, не змогуць узяць удзел у рэферэндуме. Маўляў, там нязначная частка беларусаў, якая стаіць на консульскім уліку, а таксама з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Канстытуцыя хіба не гарантуе кожнаму грамадзяніну, што яго голас будзе ўлічаны?

— Калі ў краіне «часам не да законаў», то што можна казаць пра такія рэчы, як пазбаўленне права голасу беларусаў за мяжой?..

На ваш погляд, ці зацікаўленая Масква, каб была прынятая новая Канстытуцыя?

— Адно магу сказаць: кандыдатура Аляксандра Лукашэнкі, яго паводзіны цалкам задавальняюць Крэмль.

Калі раней галоўнай тэзай беларускай прапаганды было тое, што ў нас няма вайны, то апошнім часам рыторыка змянілася, ваенная тэматыка ўсё часцей гучыць з вуснаў высокіх чыноўнікаў, ідуць пагрозы ў бок Украіны. На ваш погляд, наколькі рэальна, што Беларусь можа быць уцягнутая ў ваенны канфлікт?

— Найперш хачу сказаць, што

нам няма чаго адстойваць ваенным шляхам ні ва Украіне, ні на Курылах, ні ў Кітаі. Лепш бы займаліся сваімі праблемамі, праблемамі беларусаў, а іх нямала.

Якія інтарэсы былі ў Савецкага Саюза ў Афганістане? Толькі палітычныя. А колькі маладых хлопцаў праз гэта палягло ў зямлю! І за што?! Што мы выйгралі ў выніку? Нічога, а маці страцілі сыноў, якіх прывезлі дадому ў цынкавых трунах.

Але я і насамрэч бачу, як у тых, хто пры ўладзе, і заангажаваных прапагандыстаў змянілася апошнім часам рыторыка, загучала ваенная тэма. І гэта замест таго, каб казаць, што краіне неабходна пазбаўляцца залежнасці ад Крамля…

Прамываюць людзям мазгі…

— Так, тупая прапагандысцкая машына працуе бесперапынна. Да таго ж я бачу, што і расійская прапаганда працуе ў гэтым жа накірунку. Амерыканцы ўжо даўно прынялі закон, што Кангрэс не ўмешваецца ў справы тэлебачання і друку, а ў Беларусі незалежныя сродкі масавай інфармацыі наогул практычна зачысцілі.

Натуральна, моладзь беларускае тэлебачанне не глядзіць, але ж сталыя людзі ў рэгіёнах у асноўным чэрпаюць інфармацыю менавіта адтуль. І ў іх складваецца ўяўленне, далёкае ад рэальнасці.

Калі вярнуцца да рэферэндуму… Ці ёсць асабіста ў вас нейкія прапановы па зменах у Канстытуцыю?

— Я бачу адзін варыянт. Без фальсіфікацый вынікаў галасавання абіраецца прэзідэнт, а далей парламент прымае Асноўны закон. І калі парламент яго прыме ў некалькіх чытаннях, то тады ўжо дакумент можна будзе выносіць на рэферэндум. Але ў нас усё перавярнулі з ног на галаву. Такі і вынік будзе…

«Лукашэнка пачаў апошнюю гульню ў сваім палітычным жыцці». Вялікая гутарка з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам

«Лукашэнка будзе думаць аб тым, што рабіць з новай канфігурацыяй улады, калі пабудуе яе». Highlights з інтэрв’ю Арцёма Шрайбмана

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру