Аляксандр Лукашэнка ў пасланні да беларускага народа і парламента прыгразіў апазіцыянерам, якія з’ехалі за мяжу, зняволеннем і вялікімі штрафамі.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і становіцеся на калені! — заявіў ён. — Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду. Хаця б часткова: таму што за тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы заробіце за сваё жыццё». 

Але найперш вінаватыя, па яго словах, павінны будуць адбыць тэрмін у зняволенні. Лукашэнка прапанаваў стварыць грамадскую камісію, сустаршынямі якой могуць быць генеральны пракурор і прапагандыст Рыгор Азаронак. Чым канкрэтна будзе займацца гэтая камісія, ён не ўдакладніў.

Што прапанаваў Лукашэнка? 

Сёння ж генеральны пракурор Швед прысутнічаў на нарадзе ў Лукашэнкі, дзе абмяркоўвалі магчымыя змены ў крымінальным заканадаўстве.

Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Па словах Андрэя Шведа, Лукашэнка паставіў задачу актыўней прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў правасуддзі. Але наўрад ці маецца на ўвазе такая самая камісія, куды павінны паклікаць Азаронка. Вось што заявіў Швед:

«[Гаворка ідзе пра] сумленных і прыстойных людзей, каб яны разам з суддзямі прымалі рашэнне аб законнасці прынятых судамі рашэнняў. Гэта сур’ёзны крок. Гаворка ідзе пра тое, каб узмацніць інстытут народных засядальнікаў — гэта грамадзяне, не прафесійныя суддзі. І далей Лукашэнка паставіў задачу прадумаць механізм, каб і ў апеляцыйным працэсе з’явіліся, можа быць, не народныя засядальнікі, а [грамадзяне] з іншым статусам, але гэта павінны быць людзі, якія карыстаюцца аўтарытэтам. Іх удзел будзе падкрэслівасць бесстароннасць і аб’ектыўнасць правасуддзя». 

Са словаў генпракурора вынікае, што абмяркоўвалі, як уключаць шырокае кола грамадзян, але тых, якія заслугоўваюць даверу ўладаў, у судовы працэс як падчас разгляду справы ў першай інстанцыі, так і падчас абскарджвання прысуду, які яшчэ не ўступіў у законную сілу. Гаворка ідзе агулам пра змены ў крымінальным працэсе, а не пра рашэнні па справах за палітычную пазіцыю.

Хто такі народны засядальнік?

Больш за 20 год у Беларусі вяліся размовы, ці варта стварыць суд прысяжных, які функцыянуе ў многіх краінах — напрыклад, у ЗША і Расіі, як пацверджанне ўдзелу грамадзян у правасуддзі. На выбарах у 2010-м Лукашэнка нават паабяцаў у сваёй перадвыбарчай праграме, што ў Беларусі будзе суд прысяжных. Але абяцанне так і не выканаў. А старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала у інтэрв’ю падкрэслівае, што гэта неэфектыўны інстытут. Ён казаў, суды з цяжкасцю могуць дабіцца, каб два народных засядальніка прыходзілі на працэс, што ж тады рабіць з прысяжнымі, якіх павінна быць сем-дзевяць. 

Валянцін Сукала. Фота kp.by

Народныя засядальнікі — гэта непрафесійныя «суддзі», якіх прыцягваюць для ўдзелу ў судовым разглядзе і вынясенні прысуду. Практыка цягнецца яшчэ з савецкіх часоў. 

Чым яны адрозніваюцца ад прысяжных? Прысяжныя засядальнікі адбіраюцца па методыцы выпадковай выбаркі для пэўнай справы і вырашаюць пытанні факта (ці даказана, што абвінавачаны здзейсніў злачынства). На падставе іх калегіяльнага рашэння прафесійны суддзя вырашае пытанне права (якое пакаранне прызначыць вінаватаму). Народныя засядальнікі сядзяць па абодва бакі прафесійнага суддзі і разам з ім прымаюць рашэнне аб прысудзе.

Народным засядальнікам можа стаць грамадзянін, які дасягнуў 25 гадоў і валодае абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Не можа быць народным засядальнікам чалавек, у дачыненні да якога ёсць абвінаваўчы прысуд; чалавек, які знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным і псіханеўралагічным дыспансерах; чалавек, які па рашэнні суда прызнаны абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным. Акрамя таго, абмежаванне распаўсюджваецца на супрацоўнікаў міліцыі, КДБ, судоў, пракуратуры, устаноў юстыцыі, а таксама дэпутатаў, натарыусаў, адвакатаў і святароў. Спісы народных засядальнікаў складаюць у выканкамах, а потым перадаюць у суды. Яны фармуюцца як пры адборы кандыдатаў у члены выбарчых камісій, у выніку часта абіраюць прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый, палітычных партый, дзяржаўных прадпрыемстваў.

Па законе, народнага засядальніка могуць прыцягваць да працы ў судзе на тэрмін не больш за 21 дзень у год. Але калі разбіральніцтва зацягнецца (часам працэсы зацягваюцца на месяцы), давядзецца затрымацца да вынясення прысуду. За кожны дзень знаходжання ў судзе засядальніку плацяць суму ў памеры яго сярэдняга штодзённага заробку. Калі чалавек не працуе або на пенсіі, аплата ідзе ў памеры сярэдняга заробку па месцы знаходжання суда, таму засядальнікамі часцей за ўсё і выступаюць пенсіянеры, у іх і часу больш, і плаціць ім трэба менш. Грошы на гэтыя мэты ідуць з рэспубліканскага бюджэту. Але ні Вярхоўны суд, ні Міністэрства фінансаў ні разу публічна не каментавалі, колькі штогод выдаткоўваюць на працу засядальнікаў.

Лукашэнка агучыў ідэю, чыноўнікі павінны прыдумаць, як яе рэалізаваць

У савецкія часы за народнымі засядальнікамі замацавалася мянушка «ківалы» — гэта значыць, пагаджаюцца ва ўсім з суддзёй, ні на што не ўплываюць. Хоць па законе ў іх ёсць права знаёміцца з матэрыяламі справы, задаваць пытанні ўдзельнікам працэсу, а ў выпадку нязгоды з меркаваннем большасці выказаць сваё меркаванне, якое далучаецца да справы. Іх прыцягваюць на разгляд спраў, пакаранне па якіх перавышае дзесяць год пазбаўлення свабоды, а таксама спраў з удзелам непаўналетніх.

Швед кажа аб большым прадстаўніцтве народных засядальнікаў. Магчыма, пашыраць катэгорыі справаў, дзе іх удзел стане абавязковым. У савецкі час народныя засядальнікі нават удзельнічалі ў працэсах аб разводах. 

Але галоўнае пытанне, што будуць рабіць простыя грамадзяне, якія нават карыстаюцца аўтарытэтам, падчас разгляду апеляцыі на прысуд. Такія скаргі разглядае калегія з трох прафесійных суддзяў, гэта ўжо ўзровень абласных судоў ці нават Вярхоўнага суда. Побач з прафесіяналамі пасадзяць людзей без спецыяльнай адукацыі і ведання крымінальнага працэсу? 

Зрэшты, нават генпракурор пакуль не дае ўцямных тлумачэнняў. Лукашэнка агучыў ідэю, цяпер чыноўнікі павінны прыдумаць, як яе рэалізаваць.

Сышоў у адстаўку суддзя, які адмовіўся судзіць палітвязня па спушчаным зверху артыкуле. Падрабязнасці

Аднагрупнік Курэйчыка, у 2020-м не даваў сутак. Яшчэ адзін суддзя сышоў па ўласным жаданні

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру