У гэтым артыкуле мы даём аналіз па наступных пытаннях:

  • Агульная аператыўная сітуацыя вакол Украіны
  • Найбольш і найменш верагодныя сцэнарыі развіцця падзей
  • Сітуацыя ў Чорным і Азоўскім марах
  • Пытанні абароны Кіева
  • Гатоўнасць сілаў бяспекі і абароны
  • Чым выкліканыя пазіцыі сусветных лідэраў і іх ацэнкі?
  • Што цяпер рабіць?

Аператыўная сітуацыя вакол Украіны

Паводле стану на 12 лютага агульная колькасць войскаў Расійскай Федэрацыі ўздоўж расійска-ўкраінскай мяжы, у Беларусі і на акупаваных тэрыторыях усходу Украіны і Крыма складае 87 батальённа-тактычных груп — гэта каля 147,8 тысяч вайскоўцаў з улікам авіяцыйных і марскіх складнікаў.

Войскі забяспечаныя адпаведным узбраеннем, вайсковай і спецыяльнай тэхнікай (гл.табліцу і карту), а таксама штатнымі лагістычнымі і медыцынскімі падраздзяленнямі, але пакуль без прыкметаў дадатковага ўзмацнення, неабходнага для маштабных наступальных дзеянняў.

Усталяваная і функцыянуе аб'яднаная сістэма кіравання войскамі як на тэрыторыі Беларусі, так і Расійскай Федэрацыі. Войскі і сілы РФ актыўна ажыццяўляюць мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі.

Працягваецца правядзенне сумесных вучэнняў Узброеных Сілаў Расіі і Беларусі «Саюзная рашучасць — 2022», якія павінны завяршыцца 20 лютага. Ад РФ на тэрыторыі Беларусі прыцягнута каля 15 батальёнаў — тактычных груп, і іншыя падраздзяленні. Дадаткова разгорнутыя падраздзяленні 103-й ракетнай брыгады, якія маюць на ўзбраенні АТРК «Іскандэр» і іншыя войскі Усходняй вайсковай акругі Расеі.

За апошнія тыдні боегатоўнасць размешчаных на мяжы з Украінай расійскіх падраздзяленняў значна ўзмацнілася. Гэта можна растлумачыць як правядзеннем вучэнняў, інфармацыйна-псіхалагічных аперацый, так і гатоўнасцю да правядзення патэнцыйнай ваеннай аперацыі.

Найбольш і найменш верагодныя сцэнарыі развіцця падзей

Колькасць сілаў і сродкаў РФ, уключаючы размешчаныя на тэрыторыі Беларусі, не перавысіла чаканых. Мы гаварылі пра магчымасць узмацнення УС РФ паблізу межаў Украіны да 160 тысяч, але пакуль колькасць не перавышае 150-ці. Цяпер назапашаных сілаў і сродкаў для шырокамаштабнай аперацыі з мэтай захопу ўсёй або значнай часткі Украіны недастаткова. Таму ў найбліжэйшай перспектыве прагнозы адносна верагоднасці такіх сцэнарыяў не пацвярджаюцца.

Больш таго, мы лічым, што такія сцэнарыі малаверагодныя ў агляднай будучыні праз розныя фактары.

Калі коратка, то цяпер не назіраецца актыўных дзеянняў у Расіі па падрыхтоўцы сотняў тысяч войскаў, неабходных для такога маштабнага наступлення. У цяперашні час таксама не назіраецца істотных мераў па стварэнні стратэгічных рэзерваў і мабілізацыі на базе цэнтраў забеспячэння мабілізацыйнага разгортвання УС РФ.

Акрамя таго, правядзенне такой аперацыі будзе мець надзвычай негатыўныя наступствы для Расіі. Калі ў формулу гарантавана правальнага нападу на Украіну ўключыць невайсковыя складнікі, міжнародную ізаляцыю і санкцыі, то вынік такой аперацыі будзе катастрафічным для ўсёй Расіі, а не толькі Крамля.

Гэтак жа лічым малаверагоднымі большасць лакальных сцэнарыяў па захопе асобных гарадоў і тэрыторый з-за адсутнасці палітычнай мэтазгоднасці. Пры гэтым некаторыя баявыя дзеянні на асобных кірунках магчымыя толькі для адцягвання ўвагі сілаў абароны Украіны.

Мы працягваем лічыць, што сцэнарыі масіраванай бамбардзіроўкі і ракетных удараў, якія могуць прывесці да маштабных стратаў сярод цывільнага насельніцтва, з'яўляюцца нерэалістычнымі. Такія дзеянні могуць перашкодзіць планам расійскага палітычнага кіраўніцтва заваяваць «сэрцы і розумы» рускамоўнага насельніцтва Украіны. Як вынік, жаданне гіпатэтычнай падтрымкі Пуціна ва Украіне можа знікнуць нават у яго нешматлікіх прыхільнікаў.

Аднак асобныя ракетныя і авіяцыйныя ўдары па вайсковых або інфраструктурных аб'ектах магчымыя толькі як сродак падтрымання наземнай аперацыі або як сродак псіхалагічнага ціску.

Разам з тым застаецца верагоднай спроба арганізацыі Крамлём падзеі-трыгера — спланаванай правакацыі, напрыклад, на ўсходзе Украіны. Мэта гэтых дзеянняў — легітымізаваць увод расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны або ўзброенай эскалацыі на лініі судакранання.

Наогул абвастрэнне на ўсходзе Украіны з'яўляецца высокаімаверным. Застаюцца высокаімавернымі сцэнарыі розных варыянтаў гібрыднага нашэсця без вайсковага складніка ў многіх кірунках праз дэзынфармацыю, расхістванне палітычнай сітуацыі, падрыў даверу і фізічныя дзеянні — тэракты, дыверсійныя аперацыі, кібератакі на крытычную інфраструктуру.

Асобным пытаннем з'яўляецца верагоднасць патэнцыйнага наступлення на Кіеў. Мы разгледзім гэтае пытанне ніжэй, пасля ацэнкі сітуацыі на моры.

Чорнае і Азоўскае мора

Сітуацыя ў Чорным моры працягвае змяняцца з-за ўзмацнення магчымасцяў Чарнаморскага флота Расіі караблямі Ціхаакіянскага і Паўночнага флатоў. Так, з 9 лютага ў Чорным моры знаходзяцца 12 вялікіх дэсантных караблёў з усіх флатоў РФ.

Паводле разлікаў, на барты гэтых дэсантных караблёў можа быць загружана 2 брыгады марской пяхоты з вайсковай тэхнікай. Арыенціровачна гэта да 4 тысяч чалавек і да 250 адзінак бронетэхнікі, што можа ўяўляць пагрозу дэсанту на Чарнаморскім узбярэжжы Украіны, у прыватнасці ў Херсонскай вобласці.

Разам з аэрамабільным і паветраным дэсантам, сілы якога сканцэнтраваныя ў Крыме, гэта можа ствараць пагрозу правядзення аперацый расіян на поўдні Украіны. Карыстаючыся значнай ваеннай перавагай на моры і насуперак міжнароднаму праву, РФ будзе ажыццяўляць амаль поўную блакаду Чорнага і, верагодна, Азоўскага мораў у перыяд з 13 па 19 лютага на падставе вучэнняў з баявымі стрэльбамі. Дадзеная правакацыя з'яўляецца праверкай магчымасцяў Расіі і наступстваў такіх дзеянняў.

Гэтыя дзеянні, а таксама магчымасць фарміравання сілаў для высадкі дэсанту, будуць мерамі, каб адцягнуць увагу як ваенна-палітычнага кіраўніцтва Украіны, так і сусветнай супольнасці.

Пакуль прагноз развіцця сітуацыі ў Чорным і Азоўскім морах з'яўляецца негатыўным, але ён будзе вельмі залежаць ад рэакцыі Украіны і асабліва сусветнай супольнасці на блакаванне. Калі свет жорсткім чынам не адрэагуе на такую правакацыю, яе паўтор з'яўляецца толькі пытаннем часу.

Пытанні абароны Кіева

Сёння вялікая частка ўвагі аглядальнікаў прывязаная да перспектыў абароны Кіева.

Зразумела, што для крамлёўскіх стратэгаў ключавая мэта агрэсіі — вяртанне поўнага кантролю над Украінай. Яна будзе выглядаць прасцейшай у выпадку захопу сталіцы.

Сапраўды, расійскія вайсковыя фармаванні на тэрыторыі Беларусі разам з групоўкамі войскаў на тэрыторыі РФ ствараюць пагрозу паўночным абласцям Украіны і Кіеву. Колькасць сілаў і сродкаў з'яўляецца тэарэтычна дастатковай для рэалізацыі «Кіеўскага сцэнарыя». Але толькі тэарэтычна.

У выпадку спробы прарыву мяжы ў Чарнігаўскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласцях расійскія войскі нясуць непрымальныя страты. Такі сцэнарый выглядае занадта рызыкоўным для РФ пры наяўнай абстаноўцы.

Па-першае, сцэнарый захопу Кіева як у матэрыяльным вымярэнні, так і ў вымярэнні чалавечых стратаў не з'яўляецца «больш бюджэтнай» версіяй поўнамаштабнага ўварвання, улічваючы колькасць і якасць войскаў і рэсурсаў, задзейнічаных у абароне сталіцы Украіны.

Для захопу вузлоў камунікацый (аэрапорты, вакзалы, масты) павінны выкарыстоўвацца тактычныя паветраныя дэсанты са складу штурмавых падраздзяленняў УС РФ, якія могуць быць нейтралізаваныя наяўнымі сіламі бяспекі і абароны Украіны.

Нават гэтыя дзеянні не маюць сэнсу без перамяшчэння Расгвардыі і агульнавайсковых часцей для ўтрымання захопленай тэрыторыі. Такое наступленне будзе вельмі павольным, бо трэба прайсці 100 км ад мяжы праз шматэшалонную абарону войскаў Паўночнага аператыўнага камандавання, узмоцненых магчымасцямі Аб'яднаных сілаў. Гэтыя войскі гатовыя да супрацьдзеяння.

Па-другое, атрыманне кантролю над мегаполісам з насельніцтвам больш за 3 мільёны чалавек, вялікая колькасць якіх гатовая аказаць супраціўленне ворагу — задача складаная і маларэальная, улічваючы неабходную колькасць войскаў, якіх пакуль не назіраецца.

Акрамя таго, Кіеў вельмі няпроста ізаляваць з-за яго складанай тапаграфіі, і да яго будуць прыходзіць групы руху супраціву з усёй Украіны. Гэта зробіць немагчымым доўгае ўтрыманне ворагам сталіцы і, адпаведна, моцна ўплывае на мэтазгоднасць рашэння адносна спробы наступлення.

Па-трэцяе, надзеі на падтрымку наступлення РФ з боку «пятай калоны» марныя — гэта не 2014 год.

Украіна ўжо ведае што рабіць з паслугачамі Крамля прафесійна, жорстка і хутка. Акрамя гэтага, пасля акупацыі Крыма і блакады АРДЛА Расія пазбавіла сябе магчымасці падвозу «мабілізацыйнага рэсурсу» ў выглядзе праплачаных прарасійскіх цітушак. Рупары Масквы не маюць тых пераваг, якія мелі 8 гадоў таму.

Па-чацвёртае, толькі стратэгі з аўтарытарным чынам мыслення могуць разлічваць на перавагі захопу Кіева. На самай справе, дэмакратычная Украіна зможа выстаяць нават у выпадку захопу сталіцы.

Любы патэнцыйны «марыянеткавы» ўрад не будзе прызнаны ні ўкраінцамі, ні светам. То-бок разлікі на тое, што, захапіўшы Кіеў, РФ усталюе кантроль над Украінай — бескарысныя.

Але галоўнае, што любыя сцэнарыі захопу Кіева, як агульнавайсковыя, так і з ужываннем «спецыяльных аперацый» не будуць нечаканымі.

Гатоўнасць сілаў бяспекі і абароны Украіны

Украіна сёння гатовая да абароны краіны і Кіева. Пры падрыхтоўцы гэтага артыкула мы гаварылі з вялікай колькасцю службовых асоб і можам пацвердзіць, што ніхто не ігнаруе пагрозу.

Спробы прарвацца ўглыб тэрыторыі Украіны сустрэнуць вельмі істотны супраціў нашых сілаў. Паводле нашых ацэнак, узровень гатоўнасці Украіны ў апошні час значна павысіўся.

Першае: значна вырас узровень забеспячэння ўзбраеннем, у тым ліку за кошт нядаўна атрыманага ад краін-партнёраў.

Другое: адбылася перадыслакацыя часткі ўкраінскіх войскаў бліжэй да беларускіх межаў, усе маглі назіраць за трэніроўкамі часцей у паўночных рэгіёнах і да таго падобнага.

Трэцяе: цяпер ва Украіне праходзяць маштабныя вучэнні, мэта якіх заключаецца менавіта ў адпрацоўцы каардынацыі дзеянняў на выпадак адпаведных сцэнарыяў. Гэта значыць, войскі Украіны цяпер знаходзяцца ў стане павышанай баявой гатоўнасці. Усё гэта пацвярджае, што ваенна-палітычнае кіраўніцтва сур'ёзна ўспрымае патэнцыйныя пагрозы і працуе з імі.

Акрамя таго, за апошні перыяд пачалі актыўна разгортвацца і трэніравацца сілы тэрытарыяльнай абароны. Вядома, мы не можам гаварыць пра максімальную іх гатоўнасць, але дзясяткі тысяч людзей, маральна і фізічна гатовых да супраціву, ведаюць, што ім рабіць у экстраннай сітуацыі і будуць дзейнічаць зладжана. Дэталі падрыхтоўкі падаюцца ў сумеснай заяве міністра абароны і галоўнакамандуючага УСУ.

Такі ўзровень падрыхтоўкі сведчыць аб тым, што рэалізацыя любога з заяўленых вышэй сцэнарыяў, а асабліва захоп Кіева, для расіян значна ўскладнілася.

У выпадку спробы такой аперацыі ў іх узнікнуць значныя праблемы з перамяшчэннем цяжкай тэхнікі — дзякуючы цёпламу надвор'ю і гразі, а колькасць стратаў абавязкова будзе бачная шырокай грамадскасці, у тым ліку і расіянам, дзякуючы сацсеткам.

Ці гатовыя расіяне бачыць карцінкі палаючай тэхнікі і сустракаць сотні ці тысячы загінулых суайчыннікаў — рытарычнае пытанне. Рэйтынг кіраўнічай вярхушкі перыядычна зніжаецца, а падтрымка «неабходнасці» вайны з Украінай грамадзянамі РФ з'яўляецца стабільна нізкай дзякуючы «страху Вялікай вайны».

У дадатак да гэтага, будуць імгненна ўключаныя «пякельныя» санкцыі, узмоцніцца аказанне дапамогі Украіне. Наяўнасць такіх санкцый створыць, у тым ліку, перадумовы для канфліктаў унутры элітаў РФ.

Усе гэтыя фактары робяць сцэнарый паходу на Кіеў малаверагодным.

Прычыны заяваў сусветных лідэраў

Дык чаму ж амерыканскія чыноўнікі кажуць аб такім развіцці падзей?

Па-першае, сярод многіх намераў РФ могуць быць аперацыйныя планы аб наступленні па розных сцэнарыях, у тым ліку — на Кіеў. РФ магла б іх задзейнічаць у выпадку адсутнасці згуртаванасці ўкраінскага насельніцтва, слабой гатоўнасці сілаў абароны і/або адсутнасці міжнароднай падтрымкі.

РФ пастаянна карэктуе і адаптуе планы, зыходзячы са зменлівай сітуацыі, рэакцыі Украіны і сусветнай супольнасці. Не забываемся, што мы знаходзімся ў стане гібрыднай вайны, у якой інфармацыйнае ўздзеянне з'яўляецца часткай нападу або абароны.

Мабыць, нашыя заходнія партнёры бачаць у раскрыцці інфармацыі аб намерах расійскага кіраўніцтва магчымасць ціску і стрымлівання: мы ведаем пра вашых планы і рыхтуемся да іх.

Перахоп ініцыятывы ў Крамля адносна наступных крокаў і абсалютнае і непарушнае непрыманне ідэі пачатку Вялікай вайны, гатоўнасць імгненна ствараць непрымальныя наступствы — гэта тое, што стрымлівае Пуціна.

Што ў гэтых умовах рабіць цывільнаму насельніцтву?

Наша гатоўнасць да супраціву, сабранасць і адсутнасць панікі адыгрываюць істотную ролю. Часам менавіта такія рэчы вырашаюць ход гісторыі.

Цяпер мы бачым вельмі правільную рэакцыю насельніцтва. Няма панікі. Сацыялагічныя дадзеныя, якія пастаянна абнаўляюцца, сведчаць пра непрымальнасць патэнцыйнай акупацыі і гатоўнасць да супраціву, нават пры такой сур'ёзнай інфармацыйнай хвалі.

Украінцы даказваюць сабе і свету сур'ёзную і рашучую гатоўнасць абараняцца. І гэта менавіта тое, што з'яўляецца ключавым элементам удалай стратэгіі супраціву.

Чытайце таксама:

Пагроза ўварвання Расіі ва Украіну павінна хваляваць кожнага. Гісторык Юваль Ной Харары — пра тое, што чалавецтва можа страціць

Замежнікі з'язджаюць, але Захад не губляе надзеі на дыпламатычнае вырашэнне ў апошні момант. Што вядома пра магчымы напад Расіі на Украіну?

Аркадзь Мошэс: Усялякія размовы пра «фінляндызацыю» павінны спыніцца, для ХХІ стагоддзя гэта абсалютна непрымальна

«Маленькая пераможная вайна» з Украінай: ці дапамагла б яна Лукашэнку?

Давід і Галіяф: параўноўваем сілы расійскай і ўкраінскай армій

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру