Касцевіч пералічыла нормы Працоўнага кодэкса, у якія ў бліжэйшы час будуць унесеныя змяненні. Найперш, гэта дыстанцыйная праца.
«З боку наймальнікаў ёсць патрэбнасць зрабіць такі камбінаваны від працы, калі можна спалучаць дыстанцыйную работу і работу ў офісе. Гэта вельмі запатрабавана, таму гэтая норма ўнесеная ў новы праект Працоўнага кодэкса», — падзялілася Ірына Касцевіч.
Яшчэ адна змена тычыцца шматдзетных сямей і сямей, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Яны раз на тыдзень маюць права ўзяць адзін свабодны ад работы дзень, які аплачваецца ў памеры сярэдняга заработку. «Мы ўстанаўліваем права выбару — або адзін свабодны ад работы дзень, які аплачваецца, раз на тыдзень, або кожны працоўны дзень будзе скарочаны на адну гадзіну», — сказала Касцевіч.
Акрамя таго, змяненні закрануць работу ў асаблівых умовах працы. «Сёння прадастаўляецца малако як кампенсацыя для аздараўлення чалавека. Мы пачулі наймальнікаў і работнікаў, што не кожнаму падыходзіць малако. Таму гэтую норму зробім больш гнуткай — малако заменім грашовай выплатай, але гэта будзе выключна па заяве работніка», — сказала яна.
Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца аплатнага выхаднога дня для праходжання дыспансерызацыі.
«З рознай перыядычнасцю ў залежнасці ад узросту чалавека будуць устанаўлівацца нормы праходжання дыспансерызацыі. Калі чалавек прымае рашэнне прайсці дыспансерызацыю, то наймальнік абавязаны прадаставіць яму свабодны ад работы дзень. І гэты дзень будзе аплачвацца. Гэтае права будзе давацца па заяве супрацоўніка, якая павінна быць узгодненая з наймальнікам. Таксама чалавек павінен будзе прадставіць дакумент аб тым, што ён прайшоў дыспансерызацыю», — распавяла Касцевіч.
Запрацаваць навацыі могуць у 2023 годзе.





