У 9 гадоў яна прыйшла на сваё першае акторскае праслухоўванне. З таго часу ў яе і выбару асаблівага не было. Ужо 10 гадоў адзінае, што ад яе патрабуецца — граць сяброўку Гары Потэра, Герміёну Грэйнджэр. Бавіць час паміж грымёркай і здымкавай пляцоўкай, разрывацца паміж бліскучымі прэм'ерамі і элітнымі паказамі мод.

Пакуль што разам: Руперт Грынт, Эма Уотсан і Даніэль Рэдкліф.

Пакуль што разам: Руперт Грынт, Эма Уотсан і Даніэль Рэдкліф.

Цяпер, у 19 гадоў яна спраўдзіла ўсе самыя смелыя жаданні любой дзяўчынкі-падлетка і любога аматара серыі «Гары Потэр».
Міжвольная акторка і вокам не паспела міргнуць, як зрабілася іконай для тынэйджэраў усяго свету. Аднак пасля 10 гадоў і 6 кінастужак Эма Уотсан засяроджаная на тым, як пачаць жыць пасля Гары Потэра.

Як на ўзмах чароўнай палачкі

Эма Уотсан, хоць яшчэ не сягнула ўзросту, калі ёй можна купляць алкаголь у Злучаных Штатах, але ўжо паспела зрабіць шыкоўную кар'еру: знялася ў шасці самых паспяховых з касавага гледзішча стужках апошніх гадоў. Напрыклад, толькі апошні фільм з серыі, «Гары Потэр і Прынц-мяшанец» паспеў сабраць за 2 тыдні 650 мільёнаў даляраў.

Кажуць, што сама Эма зарабіла за дзесяцігоддзе здымак больш за 10 мільёнаў фунтаў. У адрозненне ад свайго партнёра па фільме 21-гадовага Руперта Грынта (ён іграе рудога Рона Візлі), які, каб пераканаць прадусараў і як найлепш прэзентаваць свой талент, на першым праслухоўванні пераапрануўся ў жанчыну, Эма Уотсан проста прыйшла, прачытала караценькі ўрывак і адразу атрымала ролю сяброўкі Гары Потэра, Герміёны Грэйнджэр.

У сваім інтэрв'ю яна кажа, што і думаць не думала пра такую папулярнасць. Яна, можа, як шмат хто з ангельскіх дзетак, была прыхільніцай кніжнай серыі пра чараўніка-сірату, але ж не такой ужо заўзятай: ёй падабалася, калі тата чытаў па раздзеле з казкі перад сном, і толькі таго. «На кастынгу я, вядома, хацела атрымаць ролю малой чараўніцы Герміёны, але калі б даведалася, у які грандыёзны праект ублытваюся, я бы, пэўна ж, атрымала б сапраўдны шок і, пэўна б не здолела паспяхова прайсці праслухоўванне».

Эма Уотсан нарадзілася ў Парыжы ў сям'і адвакатаў. Калі ёй было 5 гадоў, сям'я вярнулася ў родную Ангельшчыну, ва ўтульны Кембрыдж. Яе зорны час прыспеў, калі на роль Герміёны памочнікам прадусара Эму парэкамендавала яе класная.

Паколькі аўтарка кніжкі, Джоан Роўлінг настойвала, каб у галівудскай пастаноўцы галоўныя ролі гралі ангельскія акцёры, дык у той час памочнікі прадусара ледзьве не носам рылі ангельскую зямлю ў пошуках маладых талентаў, завітваючы мала не ў кожную школу.

Акрамя выдатнага досведу і дывідэндаў у выглядзе прэстыжных акторскіх узнагародаў і шматлікіх кантрактаў у свеце высокай моды, Эма Уотсан атрымала пасля працы ў фільме сваё непазбыўнае другое «я», Герміёну Грэйнджэр. З часоў, калі першая стужка «Гары Потэр і філасофскі камень» пачала ў 2001 годзе сваё трыумфальнае шэсце па экранах планеты, дзякуючы Эме вобраз Герміёны зрабіўся складанейшым і шматпланавым, але разам з тым звычкі і думкі выдуманай Герміёны былі прысабечаныя сапраўднай дзяўчынкай і пратачыліся ў яе асабісты характар. Кажуць, што па-за здымачнай пляцоўкай яна пакрысе зрабілася такой жа вялікай кніжніцай, як і Герміёна, дзяўчынай задуменнай і далікатнай. Часам у рэальным жыцці прамаўляе цэлымі фразамі з фільма. Падабенства нагэтулькі вялікае, што цяпер самой Эме бывае цяжкавата адрозніць паміж сабой і сваёй гераіняй. Але яна стараецца.

«Калі я была маладзейшая, мне здавалася, што Герміёна — гэта я. Тады я была малой дзяўчынкай і ад мяне не патрабавалася асаблівага акторскага майстэрства, таму мая колішняя гульня больш была падобная да карыкатуру на самую сябе, карыкатуру, якая не патрабуе ўдумлівасці і глыбіні, — кажа Эма. — Цяпер жа, пасталеўшы, я зрабілася не такой ужо і аднаскладовай дзяўчынай і прыспеў час думаць пра сябе, як пра актрысу, якая грае Герміёну, а не пра сябе, як пра Герміёну».

Крэпкая прафесіяналка

У ліпені 2010 мае выйсці першая серыя апошняй часткі «Гары Потэр і дары смерці». Яшчэ праз год пакажуць другую і апошнюю серыю ў цыкле пра Гары Потэра. Здыманне гэтых стужак амаль завяршылася — потэрыяда хутка скончыцца, і акторка цяпер на ростанях. Калі Джоан Роўлінг напіша яшчэ адну частку, ці будзе Эма Уотсан здымацца ў ёй? «Я ніколі не скажу «больш ніколі», але спадзяюся дажыву, да тых часоў калі будуць рабіць рымэйкі на «Гары Потэра» без мяне», — адказвае яна ў інтэрв’ю часопісу Elle. Цяпер Эма Уотсан прафесійная акторка — ёй ёсць чым пахваліцца ў сваім рэзюмэ: акрамя «чараўніцкай» ролі яна знялася ў тэлевізійным фільме «Балетныя чэшкі» і атрымала галоўную ролю ў стужцы «Бэтсі і Напалеон». Эма з'яўляецца ў рэкламах на вокладках часопісаў мод кшталту Vogue, яе запрашаюць на тэлеперадачы.

Яе паплечнікі па фільме Даніель Рэдкліф (ён граў Гары Потэра) здымаецца манекеншчыкам і нават пагадзіўся зняцца аголеным для глянцавага часопіса. Дарэчы, «Гары Потэр і прынц-поўкроўка» быў першай стужкай, якія Даніэл Рэдкліф, Руперт Грынт і Эма Уотсан здымаліся паўналетнімі людзьмі — яны нават прыязджалі на здымачную пляцоўку на ўласных машынах.

Паводле Уотсан, насуперак меркаванням папарацы, іх з Даніэлам і Рупертам аб'ядноўвала трывога перад будучыняй, а зусім не рамантычныя сувязі.
«Блізкіх адносінаў у нас пэўна не ўдалося, — кажа Эма Уотсан у інтэрв’ю часопісу Wall Street Journal. —Адносіны прафесійныя, не надта цікавыя. У нас у кожнага свае сябры і кола кантактаў. З іншага боку, недарэчна казаць пра страту, калі мы набылі так шмат. Хоць мы раслі хутчэй за звычайных дзяцей, працуючы ад 7 раніцы да 10 вечара, цягам 9 гадоў і было шмат адказнасці і шмат абавязкаў, але здабыты досвед на здымкавай пляцоўцы і па-за ёю вельмі карысны і ўнікальны».

Мастацтва быць звычайным

І вось навіна: замест таго каб працягваць акторскую кар'еру, заможная старлетка вырашыла стаць замежнай студэнткай. Эма Уотсан запісалася на вучобу ва ўніверсітэце Браўна ў Злучаных Штатах. У інтэрв’ю Эма можа падрабязна і доўга тлумачыць, чым яна розніцца ад Герміёны, але часам прагаворваецца і прызнаецца, што яны з яе гераіняй вельмі падобныя і што ўсё роўна як Герміёна-выдатніца, Эма хоча вучыцца ў сур'ёзным каледжы. «Гэта, пэўна, будзе тая яшчэ драма. Але адчуваю, што жыццё, якое цалкам круцілася вакол Гары Потэра, павінны скончыцца. У верасні гэтага года я з'еду з Англіі ў ЗША». Эма паступіла ў каледж пад сваім другім імем Шарлот. «Прыспеў час пабыць мне нармальнай дзяўчынай, з нармальнымі сябрамі. Разумею, часам я паводжуся ўсё роўна як Герміёна і жыву яе жыццём завУчкі, але якраз вучоба ў сур'ёзнай установе — гэта мой спосаб даць рады ўсёй той мітусні і тармасе, што абрынуліся на мяне«. Цяпер Эма сама абірае, што ёй рабіць у жыцці. «У прынцыпе пасля ўнівера можна вярнуцца да акторскай гульні — чаму ж не? Аднак цяпер мне 19 і я не маю ані крыхотнага паняцця, што хачу. Як вы думаеце, гэта нармальна?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?