Віктар Чайчыц

Біяграфія Віктара Чайчыца даволі тыповая для былога савецкага юрыста, які ў 1990-я стаў адвакатам. Нарадзіўся ў Бярозаўскім раёне, на Берасцейшчыне і пачынаў сваю кар’еру, але мае выразныя прарасійскія погляды.

На працоўным стале побач з беларускім сцягам у яго стаяў і расійскі. А на сценах побач з прафесійнымі дыпломамі і граматамі вісеў фотаздымак з Лукашэнкам.

Ён пачынаў з рабочых спецыяльнасцяў, далей пайшоў стажорам у суд, дарос да суддзі, папрацаваў у Мінюсце, а ў 1997-м сышоў у адвакатуру.

У 2002-м Чайчыц узначаліў Мінскую абласную калегію, а ў 2011 годзе стаў старшынём Беларускай калегіі адвакатаў. Тады, пасля выбараў-2010, быў першы заўважны шторм у адвакатуры, і Чайчыца паставілі ў надзеі залагодзіць сітуацыю. 

Як пачыналіся рэпрэсіі супраць адвакатаў

Віктар Чайчыц заняў месца Наталлі Андрэйчык, якая кіравала адвакатурай фактычна з 1991 года.

Праблемы пачаліся з палітычных працэсаў па справе «Плошчы». Некаторыя адвакаты, якія абаранялі ўдзельнікаў пратэсту, выступілі ў СМІ з заявамі, што Камітэт дзяржбяспекі парушае права іх кліентаў на абарону, не пускае адвакатаў у СІЗА КДБ.

Мінюст, які па факце кантраляваў адвакатуру, заявіў, што гэтыя выказванні некарэктныя, што яны негатыўна ацэньваюць працу дзяржоргана і супярэчаць закону «Аб адвакатуры». І загадаў, каб Мінская гарадская калегія прыцягнула да адказнасці адвакатаў, што дазволілі сабе такія выказванні.

Аднак прэзідыум калегіі, што цяпер ужо складана ўявіць, не падпарадкаваўся Мінюсту і прыняў рашэнне не караць калег.

Алег Агееў (справа) быў адным з адвакатаў, якіх пасля выбараў-2010 пазбавілі права на прафесію

Тады Мінюст па выніках праверкі па прадпісанні КДБ правёў пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі і пазбавіў ліцэнзіі чатырох адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы «Плошча».

Праз некалькі месяцаў без ліцэнзіі засталіся яшчэ два адвакаты, якія абаранялі экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Тагачасная кіраўніца калегіі адвакатаў Андрэйчык галасавала супраць сваіх калег. 

Чайчыц, як і папярэдні кіраўнік, галасаваў супраць адвакатаў 

Наступным ударам па адвакатуры стала справа «Белага легіёна». На фоне «Маршаў недармаедаў» у 2017 годзе дзяржава распачала новую хвалю рэпрэсій. Фігурантаў абвінавачвалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

Паўтара дзясяткі абвінавачаных правялі пад вартай каля ста дзён кожны. У выніку віна іх не была даказаная, справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Спачатку следства вёў КДБ, затым справу перадалі ў СК.

Ёсць меркаванне, што тагачасны кіраўнік Следчага камітэта, насуперак ціску, не давёў справу да суда, паколькі ў матэрыялах былі відавочныя фальсіфікацыі — чатыры фігуранты звярнуліся ў ААН, Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў іх скаргу на дзеянні беларускіх сілавікоў.

Адвакат Ганна Бахціна, якая ў свой час абараняла Лазоўскага, Пальчыса і Халіп

Адвакаты, якія працавалі па гэтай справе, сутыкнуліся з ціскам — Мінюст запатрабаваў ад іх прайсці пазачарговую атэстацыю.

Адна з адвакатак, Ганна Бахціна, у выніку страціла ліцэнзію. Кваліфікацыйная камісія вырашыла, што спецыяліст з 30-гадовым стажам недастаткова дасведчаная, каб працягнуць працу.

Віктар Чайчыц на гэта адказваў, маўляў, такое сапраўды бывае, што нават вопытныя юрысты не ведаюць усіх законаў.

Абараніў адвакатку, на якую завялі крыміналку

Яшчэ адзін паказальны кейс — «наезд» на адвакатку Веру Арэшку, якая абараняла галоўнага інжынера МЗКТ Андрэя Галавача. Таго абвінавачвалі ў карупцыі, пратрымалі пад вартай чатыры гады, а ў выніку двойчы апраўдалі.

У гэтай справе не было палітыкі, але сталі відавочныя хібы ў працы аператыўнікаў (ГУБАЗіК) і следчых (СК).

На ператрус да Веры Арэшкі, якую абвінавачвалі ў разгалошванні даных папярэдняга следства, прыйшлі тыя ж аператыўнікі, якія працавалі з Галавачом, і нават следчы быў той жа. Дома ў адвакаткі знайшлі стары пісталет. 

Адвакатка Вера Арэшка. Яе калегам па абароне галоўнага інжэнера МЗКТ быў кіраўнік Мінскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў

Аднак дзякуючы розгаласу і ўмяшальніцтву Чайчыца (тут ён ужо падключыў усе свае сувязі), справа супраць Арэшкі скончылася нічым, калі не лічыць страчаных нерваў — адвакатка нават трапіла ў бальніцу.

Па гэтай справе Чайчыц заяўляў, што калегія будзе абараняць сваіх адвакатаў.

Дапамог Пракапеню выйсці на свабоду

Сам Чайчыц адвакацкай дзейнасцю амаль не займаўся, але вядома, што абараняў IT-бізнэсмена Віктара Пракапеню. Да Чайчыца тады звярнуліся не таму, што ён добры адвакат, а таму, што ў яго былі патрэбныя сувязі.

У 2015 годзе бізнэсмена абвінавачвалі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы продажу IT-тэхналогій (размяшчэнне сайтаў і рэкламы без дзяржаўнай рэгістрацыі).

Паводле СК, Пракапеня атрымаў незаконны даход у памеры $650 тысяч. Першапачаткова паведамлялася, што ён не прызнае віну і на супрацоўніцтва са следствам не ідзе. 

Віктар Пракапеня сёлета заняў сёмае месца ў рэйтынгу самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў. У 2017-м ён асабіста заплаціў у бюджэт Мінска 7 млн рублёў

Пракапеня правёў дзевяць месяцаў у СІЗА. Пазней стала вядома, што ён сплаціў урон і кампенсацыю, выйшаў на свабоду, крымінальную справу супраць яго закрылі, пасля чаго ён з’ехаў з Беларусі і па сёння жыве ў Лондане.

Стаў палітыкам, але забараняў іншым адвакатам лезці ў палітыку

У 2019-м Чайчыц стаў сенатарам, працаваў у камісіі па заканадаўстве. У адрозненне ад ніжняй палаты парламента, працу ў Савеце рэспублікі можна сумяшчаць з асноўнай. За сенатарства дадаткова не плацяць. Праўда, сенатары хаця б намінальна, але з’яўляюцца ўдзельнікамі палітычнага працэсу.

Пры гэтым палітык Чайчыц не стамляўся паўтараць, што адвакаты не павінны займацца палітыкай. Такая рыторыка з’явілася падчас выбарчай кампаніі ў 2020-м.

«Магчыма, некаторыя адвакаты маюць намер пакінуць адвакатуру, таму дазваляюць сабе паводзіць сябе непрафесійна, не задумваючыся аб тым, што іх учынкі негатыўна адаб'юцца на іміджы калег і адвакатуры ў цэлым, — перасцерагаў кіраўнік БРКА. — Калі хочаце займацца палітыкай, сыдзіце і займайцеся асобна ад адвакатуры». 

Адвакат Максім Знак, які заклікаў вырашыць грамадска-палітычны крызіс шляхам перамоваў з апазіцыяй, у выніку апынуўся за кратамі

У адрозненне ад выбараў-2010, у 2020-м першыя палітвязні з ліку канкурэнтаў Лукашэнкі з’явіліся яшчэ да галасавання. Да іх зноў не дапускалі адвакатаў, ператрусы і допыты зноў праводзіліся з парушэннем закона, затрыманых палівалі брудам з экранаў дзяржТВ і палос дзяржаўных газет, кіраўнікі сілавых органаў яшчэ да прысудаў называлі іх злачынцамі.

Пры гэтым самі абвінавачаныя адказаць не маглі, закрылі раты і адвакатам — з іх узялі падпіскі аб неразгалошванні. Але нават фармальныя каментарыі аб парушэнні закона нервавалі і ўлады, і кіраўніка Беларускай калегіі адвакатаў. Чайчыц даносіў і да СМІ, і наверх, што кіраўніцтва калегій спрабуе «перавыхаваць» адвакатаў, што «заблукалі». 

Калі ж адвакаты пачалі выказвацца аб парушэнні законаў пасля выбараў, напрыклад, аб празмерным прымяненні сілы да ўдзельнікаў пратэстаў, нервовасць з боку ўладаў і персанальна Чайчыца ўзмацнілася. 

І калі адразу пасля 9 жніўня Віктар Чайчыц заяўляў, што па кожным выпадку прымянення сілы трэба разбірацца, што адвакаты будуць абараняць людзей, то хутка яго рыторыка змянілася. Ён усё часцей стаў паўтараць аб недапушчальнасці рэвалюцыйных сцэнарыяў, аб шкодзе несанкцыянаваных акцый, аб вернасці дзяржаве пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Апошнія яго заявы — супраць заходніх санкцый. Чайчыц абяцае абараняцца ад незаконных дзеянняў заходніх уладаў.

Чым запомніцца Чайчыц найперш?

Адвакатуру ў Беларусі нельга было назваць незалежнай і да грамадска-палітычнага крызісу. У грамадстве даўно скептычна ставяцца да абаронцаў, паслугі якіх каштуюць дорага, а на вынік ніяк не ўплываюць.

Аднак у 2020-м было вырашана яшчэ больш заціснуць гэты інстытут. Пазбаўляць ліцэнзіі «нязгодных» аказалася недастатковым для ўладаў.

Адвакат Дзмітрый Лаўескі абараняў Віктара Бабарыку, як і іншыя яго абаронцы, быў пазбаўлены ліцэнзіі

Абмяркоўваліся розныя варыянты, як змяніць закон «Аб адвакатуры». У выніку прайшоў самы жорсткі варыянт. У краіне знічшылі ўсе адвакацкія бюро, не зважаючы нават на тое, што гэта быў бізнэс, у тым ліку, сваякоў суддзяў і пракурораў. Для былых сілавікоў і суддзяў знізілі парог уступлення ў адвакатуру. Гэта тое, з чым адвакат Чайчыц застанецца ў гісторыі. 

Калі стала вядома, што сілавікі не проста праслухоўвалі размовы Сяргея Ціханоўскага з адвакатам у СІЗА, але перадалі гэты запіс Лукашэнку, а пасля яшчэ і злілі ў дзяржаўныя СМІ, Чайчыц заявіў, што ў яго няма паўнамоцтваў гэтым займацца.

Калі сілавікі брутальна затрымалі ў цэнтры Мінска адваката Марыі Калеснікавай, пасля таго, як тая падала заяву на незаконныя дзеянні з выкраданнем кліенткі, калегія таксама прадэманстравала сваю бяззубасць — адвакатку ў выніку аштрафавалі за непадпарадкаванне. 

Права на адвакацкую дзейнасць страцілі многія заўважныя спецыялісты, цяпер ужо не толькі абаронцы экс-кандыдатаў у прэзідэнты, але нават тыя, хто дазволіў саб крытычна выказацца аб законнасці ў краіне ў сацсетках.

Двое адвакатаў — Ілля Салей і Максім Знак — сталі фігурантамі крымінальных справаў, апошні асуджаны на 10 год пазбаўлення свабоды. І рэпрэсіўная машына не спыняецца. Даходзіць да камічнага: адвакатка Карпушонак напісала артыкул пра тое, што адвакатам не трэба высоўвацца. На наступны дзень яе пазбавілі ліцэнзіі.

Фота council.gov.ru

Прычыны адстаўкі Чайчыца не называюцца, інфармацыя пра тое, што ён не прайшоў пераатэстацыю, непраўдзівая. Фармальна ён застаецца і адвакатам, і дэпутатам верхняй палаты парламента.

Нягледзячы на ўсе пературбацыі з адвакатурай, Чайчыца наўрад ці можна назваць адыёзным прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі. Ён дзейнічаў з аглядкай на кан'юнктуру і заўсёды стараўся быць асцярожным у выказваннях.

Знойдзецца нямала тых, хто будзе яго абараняць, маўляў, як мог стараўся захаваць адвакатуру. Цяперашняя актыўнасць адвакатаў у «дыялогавых пляцоўках» па абмеркаванні Канстытуцыі — адна са спробаў паказаць, што адвакатура лаяльная ўладзе. 

Але калі кіраўніком Мінюста ставяць былога міліцыянера, які не мае профільнай юрыдычнай адукацыі, то гэта найлепшая ілюстрацыя таго, як сённяшняя ўлада ўяўляе сабе законнасць і эфектыўнае кіраўніцтва. На гэтым фоне і Чайчыц можа выглядаць недастаткова лаяльным.

Чытайце яшчэ:

«Людзі аказаліся важнейшымі за ўласныя страхі». Вядомая адвакатка Наталля Мацкевіч пра ААН і Ціханоўскага, справу Бабарыкі і будучыню права ў Беларусі

Пракурор Стоўбцаў адмовіўся плаціць у рэстаране, а калі выклікалі міліцыю — дастаў «ксіву». Ён пляменнік Чайчыца

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру