Сердар Бердымухамедаў цяпер займае пасаду віцэ-прэм’ера ва ўрадзе краіны. Фактычна гэта пасада кіраўніка ўрада, бо прэм'ера як такога ў Туркменістане няма, прэзідэнт кіруе там усім, у тым ліку і ўрадам. 

Дарэчы, сам Гурбангулы Бердымухамедаў перад тым, як у канцы 2006 гогда ўзначаліў Туркменістан пасля нечаканай смерці папярэдніка Сапармурата Ніязава (Бацькі Туркменаў — Туркменбашы), таксама быў віцэ-прэм'ерам.

Калі гэты транзіт улады ў Туркменістане ўдасца правесці без ніякіх праблем — а пакуль што нішто не паказвае на тое, што гэтыя праблемы могуць узнікнуць, — то гэта стане

другім выпадкам на постсавецкай прасторы, калі вярхоўная ўлада перадаецца дыктатарам у спадчыну не проста пераемніку, а роднаму сыну. І першым — калі такое робіцца самім яшчэ прынамсі вонкава дзеяздольным кіраўніком.

Першы выпадак быў даўно, амаль 20 гадоў таму. Тады, у 2003 годзе, улада перайшла ў спадчыну ад бацькі да сына ў Азербайджане. 80-гадовы Гейдар Аліеў перадаў яе ў рукі свайму тады 41-гадоваму сыну Ільхаму, які застаецца ля стырна краіны і дагэтуль. Але там гэта рабілася вымушана і спехам, бо Аліеў-старэйшы цяжка захварэў і быў фактычна няздольны выконваць свае абавязкі. Казалі нават, і кажуць дагэтуль, што ён мог і памерці яшчэ да таго, як транзіт адбыўся, толькі пра смерць да пары не паведамлялі. Прынамсі, апошнія месяцы жыцця жывога Гейдара Аліева грамадству не паказвалі.

Патэнцыйна магчымы варыянт перадачы ўлады ад бацькі да сына быў бы ў Узбекістане і Казахстане. Мясцовыя аўтарытарныя правадыры Іслам Карымаў і Нурсултан Назарбаеў стварылі такія сістэмы, пры якіх гэта было б цалкам лагічна. Але ні аднаму, ні другому не пашанцавала з нашчадкамі мужчынскага полу: і Карымаў, і Назарбаеў мелі толькі дачок. І хоць тыя дочкі таксама адыгрывалі значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці сваіх краін, на пераемніц, відаць, не надаваліся. Усё ж такі ў мусульманскіх і дастаткова традыцыяналісцкіх краінах гендарны фактар дагэтуль вельмі важны.

Неўзабаве можна чакаць, што захоча перадаць уладу сыну і ўжо таксама немалады, 69-гадовы прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, які кіруе гэтай краінай з 1992 года. Ва ўсялякім разе, ягоны старэйшы сын Рустам Эмамалі цяпер актыўна прасоўваецца на высокія дзяржаўныя пасады, з 2020 года ён старшыня верхняй палаты мясцовага парламента. Выбары там, праўда, па календары яшчэ не хутка, толькі ў 2027 годзе. Але і ў Туркменістане некага «выбіраць» нібыта павінны былі толькі ў 2024-м. 

Ужо робіць крокі, каб пасада кіраўніка краіны засталася ў руках ягонай сям'і, і 60-гадовы Ільхам Аліеў. З 2017 года пасада 1-га віцэ-прэзідэнта — у ягонай жонкі Мехрыбан. Але гэта, відаць, на ўсялякі выпадак, бо ёсць у Аліева і сын, якога па дзеду назвалі Гейдарам. Аднак ён яшчэ малады, яму толькі 25 гадоў. І бацька яшчэ будзе імкнуцца кіраваць, пакуль ён убярэцца ў сілу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0