Фота: depositphotos.com.

Фота: depositphotos.com.

Адныя мяркуюць, што гэта стала б добрым развязаннем расійска-ўкраінскага крызісу, іншыя ж лічаць, што ў такім выпадку Украіна фактычна пазбавілася б свайго суверэнітэту, а Расія, магчыма, атрымала б новую сферу ўплыву, піша New York Times.

Апошні раз тэрмін «фінляндызацыя» з’яўляўся ў публічнай прасторы ў 2014 годзе, калі Расія акупавала Крым. Тады пра фінскую мадэль у дачыненні да Украіны згадалі старыя палітыкі часоў халоднай вайны — Генры Кісінджэр і Збігнеў Бжэзінскі. Цяпер, паводле заходняй прэсы, пра варыянт фінляндызацыі для Украіны нібыта гаварыў пасля сустрэчы з Пуціным французскі лідар Эманюэль Макрон.

Амерыканскія журналісты спыталі ў фінаў, што яны думаюць наконт магчымай фінляндызацыі Украіны. Тыя называюць фінляндызацыю вельмі цяжкім перыядам ва ўласнай гісторыі. Вядома, што такая палітыка дапамагла краіне не трапіць у савецкі блок уплыву, дзе апынуліся ў свой час шмат якія дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Але ж пры гэтым нацыі давялося мець справу з вялікай порцыяй самацэнзуры і замежнага ўплыву.

Такая палітычная мадэль, калі яна функцыянавала ў самім Хельсінкі, была карыснай для тых палітыкаў, якія падыгрывалі Расіі, і спрыяла прыгнёту тых, хто супраціўляўся расійскаму ўплыву. У часы фінляндызацыі ў краіну прыехалі шмат супрацоўнікаў савецкіх сакрэтных службаў, якія цесна працавалі з фінскай элітай.

Пры гэтым не ўсе фіны нават ведаюць значэнне гэтага слова. Старэйшае пакаленне, знаёмае з тэрмінам, рэагуе на яго з неадабрэннем. У той жа час маладыя жыхары краіны апошні раз чулі слова «фінляндызацыя» ў школе і зараз не надта разумеюць, што яно значыць.

У палітычных колах Фінляндыі ўвогуле не прынята згадваць гэты тэрмін. На мінулым тыдні кіраўнік камітэта фінскага парламента па замежных справах Міка Ніікка падаў у адстаўку пасля твіта, у якім ён нібыта прапанаваў Украіне палітыку, падобную да фінляндызацыі.

Эксперт па замежнай палітыцы Міка Аалтала тлумачыць New York Times, што, на яго думку, фінляндызацыя не была б карысная ні Украіне, ні самім фінам. Палітолаг не адмаўляе, што такі перыяд быў у фінскай гісторыі, але сцвярджае: калі іншая дзяржава на мяжы з Расіяй трапіць у пастку фінляндызацыі, гэта можа прывесці да аднаўлення такой мадэлі і ў самім Хельсінкі.

Такім чынам, фінляндызацыя адназначна ўспрымаецца як няпросты, вымушаны для Фінляндыі час, калі суверэнітэт краіны быў істотна абмежаваны. Ды і сама фінляндызацыя з'явілася па выніках некалькіх савецка-фінскіх войнаў. Вяртанне да гэтай мадэлі ў любой еўрапейскай краіне будзе азначаць вяртанне да часоў сферы ўплываў вялікіх дзяржаў і міжблокавага супрацьстаяння. Гэта будзе адкат у 1989 год.

Чытайце таксама:

«Фінляндызацыю» для Украіны і Беларусі не раяць самі фіны. А як з мадэллю аўстрыйскага нейтралітэту?

Аркадзь Мошэс: Усялякія размовы пра «фінляндызацыю» павінны спыніцца, для ХХІ стагоддзя гэта абсалютна непрымальна

Le Figaro: Макрон гаварыў з Пуціным пра «фінляндызацыю» Украіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0