Помнік Леніну ў гарадскім пасёлку Уваравічы Буда‑Кашалёўскага раёна, які стаў прычынай гібелі 21‑гадовага хлопца, плануецца рэстаўраваць.

Трагедыя адбылася 9 жніўня. 21‑гадовы рабочы мясцовага сельгаспрадпрыемства спрабаваў узлезці на помнік, устаноўлены на тэрыторыі мясцовай сярэдняй школы.

Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры,

малады чалавек адзначаў з сябрамі нараджэнне свайго дзіцяці, якога на наступны дзень ён павінен быў забраць з радзільнага дома. Пасля выпітага спіртнога яму прыйшла ідэя сфатаграфавацца вісячым на працягнутай руцэ Леніна.

Малады бацька залез на помнік, але канструкцыя не вытрымала, абламалася, і хлопец упаў. Зверху на яго ўпалі фрагменты помніка — галава, плечы і рука. Рука ўдарыла пацярпелага па галаве, і той ад атрыманых траўм памёр па дарозе ў бальніцу.

У школе, на тэрыторыі якой знаходзіцца помнік, БелаПАН паведамілі, што жалезабетонная статуя правадыра сусветнага пралетарыяту была ўстаноўлена ў пасёлку яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.

У гады вайны помнік вырашылі зняць з пастамента і схаваць, каб абараніць ад акупантаў, потым закапалі, а пасля вайны вярнулі на ранейшае месца.

Як паведамілі ў адміністрацыі школы, пасля абследавання спецыялістамі будзе прынята рашэнне аб рэстаўрацыі помніка.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0