Пасля Другой сусветнай вайны Аўстрыя была падзелена на чатыры акупацыйныя зоны. На працягу наступных 10 гадоў саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі не маглі прыйсці да згоды адносна таго, якім шляхам пойдзе краіна — будзе яна будаваць камунізм пад кантролем СССР, ці стане часткай Захаду.

У выніку ключом да аднаўлення суверэнітэту краіны стала Аўстрыйская дзяржаўная дамова (Дэкларацыя аб незалежнасці Аўстрыі) і абвешчаны неўзабаве нейтральны статус. Такім чынам было завершана фарміраванне пасляваеннага ладу ў Еўропе.

«Аўстрыя вольная!» — абвясціў тагачасны міністр замежных спраў Леапольд Фігль. Але як сёння ацэньваюць гэты статус самі аўстрыйцы? І што думае наконт гэтага прафесар Вольфганг Мюлер?

Вольфганг Мюлер.

— Сёння аўстрыйскі нейтралітэт ўспрымаецца многімі як належнае. Але якія настроі панавалі ў Вене ў 1954—55 гадах? Ці дарэчна праводзіць паралелі з сённяшняй сітуацыяй вакол Украіны?

— Паралелі тут дарэчныя ў тым сэнсе, што ад Аўстрыі, як і ад Украіны, Масква патрабавала адмовы ад сяброўства ў абаронным альянсе. Але, вядома, абставіны і ўмовы тут розныя. Варта нагадаць, што Аўстрыю пасля паразы ў Другой сусветнай вайне цалкам правамерна акупавалі чатыры дзяржавы. Украіна ж сёння можа стаць ахвярай аднабаковай і незаконнай знешняй агрэсіі. Таму яна і імкнецца далучыцца да заходняга абароннага альянсу. У Аўстрыі была іншая сітуацыя.

Варта таксама сказаць, што карані аўстрыйскага нейтралітэту трэба шукаць не толькі ў савецкіх патрабаваннях, якія сталі умовай вываду войскаў. Так, Аўстрыя хацела пазбавіцца ад савецкай акупацыі любой цаной, але і сама думала пра нейтралітэт яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны.

Пасля распаду Габсбургскай манархіі ў 1919 годзе новай мадэллю для невялікай Аўстрыі лічылі квітнеючую Швейцарыю. У міжваенны перыяд гэта не ўдалося рэалізаваць, але пасля 1945 года жыхары Аўстрыі перагледзелі свае погляды.

Вядома, нейтралітэт заўсёды азначае абмежаванне суверэнітэту і страту свабоды дзеянняў у знешняй палітыцы, паколькі нейтральнай дзяржаве не дазваляецца заключаць саюзы. Такім чынам, гэта быў кампраміс.

У выпадку з Аўстрыяй, у рэтраспектыве, гэта спрацавала добра, паколькі краіна пазбавілася ад акупацыі, а ЗША далі Аўстрыі гарантыі бяспекі, нягледзячы на яе нейтралітэт.

Аднак той факт, што яна захавала нейтралітэт і пасля заканчэння халоднай вайны, апраўданы не рацыянальна, з пункту гледжання знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, а эмацыйна, таму што людзі прывыклі да гэтага.

— Ці рабіліся за гэтыя гады спробы перагледзець нейтральны статус Аўстрыі? Які цяпер узровень яго падтрымкі ў грамадстве?

— Так, крытыка неаднаразова гучала ў гады халоднай вайны. Для СССР Аўстрыя была «недастаткова нейтральнай», а самі аўстрыйцы звярталіся да параўнанняў з «пасажырам-безбілетнікам»: краіна пад абарончым «парасонам» ЗША і НАТА, але сама не ўносіць у калектыўную бяспеку ніякага ўкладу і ўласнай займаецца недастаткова.

Пасля заканчэння халоднай вайны былі думкі, асабліва сярод кансерватараў з Аўстрыйскай народнай партыі, узяць курс не толькі на сяброўства ў ЕС, але і ў НАТА.

Аднак гэтыя спробы не ўвянчаліся поспехам з-за супраціву палітычных апанентаў. Яны лічылі аўстрыйскі нейтралітэт своеасаблівым дзяржаўным міфам, з якім у народзе звязвалі бяспеку і росквіт.

Сённяшняе стаўленне аўстрыйцаў да нейтралітэту можна назваць шызафрэнічным: з аднаго боку, яны хочуць заставацца нейтральнымі, а з другога — лічаць, што ў доўгатэрміновай перспектыве гэтая мадэль нежыццяздольная. Яны чакаюць, што Аўстрыю абароняць іншыя дзяржавы, пры гэтым абараняць кагосьці самі не хочуць.

— Ці лічыце вы, што Аўстрыйская дзяржаўная дамова, якая абвясціла нейтралітэт краіны, можа быць выкарыстаная ў якасці мадэлі для іншых краін, у прыватнасці, для Украіны, ці гэта была ўнікальная сітуацыя?

— Аўстрыйская дамова была вынікам міжнароднага пагаднення аб аднаўленні краіны пасля акупацыі і вайны.

Гэта не ўнікальная сітуацыя, але Украіне гэты вопыт не спатрэбіцца, таму што яна не мае патрэбу ў аднаўленні, а можа стаць ахвярай знешняй агрэсіі. Заключэнне мірнага дагавора паміж РФ і Украінай таксама не прадбачыцца, паколькі Расія адмаўляе сваю датычнасць да канфлікту.

Нейтралітэт, несумненна, быў бы жаданай мадэллю для Украіны з пункту гледжання Расіі.

Але, у адрозненне ад Аўстрыі 1955 года, гэты вопыт нічога добрага Украіне не прынёс. Наадварот, у 2014 годзе яна ўсвядоміла, што абвешчаныя ёю ў 2010 годзе нейтралітэт і пазаблокавасць не абаранілі яе ад агрэсіі. 

І ў гэтым сэнсе Украіна падобная на некаторыя іншыя нейтральныя дзяржавы, якія сталі ахвярамі знешняй агрэсіі, напрыклад на Бельгію, пацярпелую ў двух сусветных войнах.

Нейтральны статус, неэфектыўнасць якога паказалі падзеі 2014 года, дыскрэдытаваны ў вачах украінцаў. Улічваючы права Украіны на самавызначэнне і абвешчаны ёю курс на ўступленне ў НАТА, малаверагодна, што яна добраахвотна вернецца да таго статусу, які не забяспечыў ёй абарону. Мадэль, якую не падтрымлівае насельніцтва, не будзе ўстойлівай.

Чытайце таксама:

Загаварылі пра «фінляндызацыю» Украіны і Беларусі. А як да гэтай мадэлі ставяцца самі фіны?

Аркадзь Мошэс: Усялякія размовы пра «фінляндызацыю» павінны спыніцца, для ХХІ стагоддзя гэта абсалютна непрымальна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру