Будынак КДБ у Мінску.

Будынак КДБ у Мінску.

Валянцін (імя зменена) узначальвае некалькі таварыстваў уласнікаў ў Мінску. На гутарку ў КДБ яго паклікалі па тэлефоне, а на патрабаванні даслаць афіцыйную паперу заявілі: «Калі не хочаце так, мы самі за вамі прыедзем».

Суразмоўца вырашыў прыйсці самастойна. Гутарка ў раённым аддзяленні КДБ доўжылася прыкладна паўтары гадзіны.

Супрацоўнік, які размаўляў з Валянцінам, спачатку задаваў шмат асабістых пытанняў: дзе ён быў у 2020 годзе падчас масавых акцый, ці ўдзельнічаў у іх, ці затрымлівалі яго сяброў або сваякоў. Цікавіўся, як ён ставіцца да сілавых органаў, да санкцый, ці «жасцілі» сілавікі ў жніўні 2020-га.

— Я казаў, што я звычайны чалавек — працую і нікуды не лезу. Натуральна, адказваў, што нідзе не быў, дома сядзеў і ўсё. Даваў адказы, якія ён хацеў пачуць, а з другога боку, мае словы былі ні пра што.

Потым супрацоўнік КДБ загаварыў пра працу — і сам пералічыў усе таварыствы, у якіх працуе Валянцін.

— Пачаў пытацца, ці ёсць у мяне суседзі, якія дзесьці засвяціліся, былі пад арыштам ці нешта такое. Я кажу, што не ведаю — маю зносіны з людзьмі толькі ў рамках працоўных пытанняў. Пытаўся, ці былі ў нас сцягі на вокнах, дазнаваўся нумары кватэр — адказваю, што ў той час было шмат сцягоў на вокнах, магчыма, і ў нас былі.

Трэці этап гутаркі — прапанова аб супрацоўніцтве. Дакладней, Валянціна проста паставілі перад фактам і прадыктавалі тэкст дакумента.

— Спыталіся: «Маглі б вы нам дапамагаць?» Хацелі, каб я адразу «зліваў», калі хтосьці будзе пытацца пра палітыку, павесіць налепку, сцяг, крыкне лозунг або выкажа сваё меркаванне. Я казаў, што нічым не магу дапамагчы — пры мне такога не было. Ён у адказ: «Настойліва рэкамендую з намі супрацоўнічаць». Хацелі ведаць усё пра людзей: хто чым дыхае, пра што думае.

Мужчыну далі аркуш паперы, дзе ён фактычна пад дыктоўку напісаў, што не мае права распавядаць пра гэтую гутарку і што будзе ўсяляк спрыяць раскрыццю «экстрэмісцкіх фармаванняў». Праўда, пра наступствы недастаткова стараннага спрыяння ў КДБ нічога не сказалі.

— Натуральна, я гэта напісаў, таму што варыянтаў тут асабліва не было. Я ведаю, што некаторыя калегі адмаўляліся хадзіць — іх потым здымалі з пасады, і цяпер там будуць перавыбары старшыняў.

Па словах Валянціна, ягоны выпадак не адзінкавы: кагосьці ўжо выклікалі, нехта яшчэ толькі пойдзе. «Мабыць, гэта будзе насіць масавы характар», — упэўнены суразмоўца.

Калі пачаліся такія «гутаркі», старшыня таварыства ўласнікаў дакладна не ведае, але мяркуе, што некалькі тыдняў таму.

— Але калі я заўсёды буду адстойваць інтарэсы маіх жыхароў, можа нехта іншы і будзе зліваць гэтую інфармацыю. Таму я хачу, каб людзі ведалі пра тое, што адбываецца.

Па словах Валянціна, старшыняў таварыстваў уласнікаў прасілі распавядаць пра «нядобранадзейных суседзяў» і ў 2020 годзе, але тады гэта зыходзіла ад раённай адміністрацыі — проста па тэлефоне казалі, што патрэбныя дадзеныя людзей, на вокнах у якіх вісяць сцягі.

— І я катэгарычна адмаўляўся: можаце хоць звальняць, хоць што, але я на гэта не пайду ніколі ў жыцці. А цяпер яны выйшлі на новы ўзровень.

Чытайце таксама:

«Маёр Драбуцька ненавязліва пацікавіўся, ці не хачу я атрымаць «по е…у». Павел Батуеў у маляўнічых дэталях апісаў сваё зняволенне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1