Аляксей Швакаў.

Аляксей Швакаў пачынаў сваю кар’еру з пракуратуры: спачатку працаваў у пракуратуры Кастрычніцкага раёна, пасля ў Мінскай гарадской. Але перайшоў на адваротны бок, заняўшыся адвакацкай практыкай. Спецыялізацыя — адміністрацыйнае і крымінальнае права. 

У 2012 годзе Швакаў быў абраны старшынём Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, з тых часоў нязменна займаў гэтую пасаду. 

Цяпер, праз 10 гадоў, пайшоў на павышэнне: 14 лютага ён узначаліў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, замяніўшы Віктара Чайчыца, які ўвайшоў у гісторыю беларускай адвакатуры найперш яе разгромам.

«Наша Ніва» пагаварыла пра асобу Аляксея Швакава з некаторымі беларускімі былымі і дзейнымі адвакатамі. Водгукі супярэчлівыя. 

«Швакаў прыехаў пад Акрэсціна, ён разумеў, што гэта «беспрэдзел»

«Я кантактаваў са Швакавым, калі ў жніўні 2020 года каля Акрэсціна быў імправізаваны штаб адвакатаў, — расказвае адзін з адвакатаў. — Тады ў наш чат паступіў запыт, што валанцёры шукаюць адвакатаў. Адразу закіпела праца, калегі пачалі арганізоўваць дапамогу.

У гэтым чаце быў і Швакаў. Ён таксама прымаў удзел у арганізацыі дапамогі, праўда, рабіў тое не сваімі рукамі.

Калі было прынятае рашэнне аказваць юрыдычную дапамогу за 1 рубель, гэта адназначна ішло ад Швакава, ён даваў дабро на гэта.

Швакаў таксама адразу прыехаў пад Акрэсціна. Ведаю, што з ім гаварылі калегі адвакаты там, ён тады выказваў пазітыўную пазіцыю, выдатна разумеў, што адбываецца, што гэта «беспрэдзел». Было бачна, што перажывае. Адзінае, што ён намагаўся рабіць усё акуратна. Казаў: «Каб нам тут прастаяць як мага даўжэй, вы тут не абвастрайце, не прыцягвайце залішнюю ўвагу». Але ж максімальна «прабіваў», каб штаб не праганялі.

Пазіцыя ў яго была відавочная. Ён нават выказаўся: не ведаю, што з гэтага будзе, але ці будзе ўсё крута, альбо нам усім кранты. Гэта не даслоўная цытата, але сэнс такі. 

Тады Швакаў адназначна рызыкаваў, што ўдзельнічаў у гэтым. Але з іншага боку, адвакаты туды самі кінуліся, у яго ўжо не пыталіся. 

На той момант адвакаты рыхтавалі петыцыю супраць гвалту і аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі. Было бачна, што Швакаў падтрымаў бы петыцыю, каб там не было пункту пра выбары. Бо тут такі тонкі юрыдычны момант, што мы, як юрысты і адвакаты не можам заяўляць палітычныя лозунгі. Пра гвалт мы можам казаць, бо бачым усё на свае вочы і можам даць адзнаку гэтаму. 

Але тэкст петыцыі Швакаў чытаў і было ўражанне, што ён яе падтрымлівае.

Гэты адвакацкі штаб пастаяў пад Акрэсціна недзе з тыдзень. Паток людзей зменшыўся, але ўжо да нас па кансультацыю ехалі людзі нават з іншых гарадоў. Вось толькі тады Швакаў пачаў настойваць, што гэты штаб трэба прыбіраць, каб не свяціцца і не прыцягваць увагу. Тады я з ім быў згодзен, бо ўжо тады ўсе ведалі, што адвакаты дапамагаюць за рубель, што можна да іх звяртацца. Таму гэтае рашэнне Швакава было даволі адэкватным». 

Праўда, іншы адвакат кажа, што Швакаў не тое, каб дапамагаў у арганізацыі таго штаба. Хутчэй, маўляў, у складанай жнівеньскай сітуацыі 2020 года Мінская гарадская калегія вырашыла проста не перашкаджаць сваім адвакатам працаваць пад Акрэсціна. 

«Бо ў жніўні і Чайчыц ездзіў пад Акрэсціна, казаў, што слухаў гісторыі людзей, што адвакаты будуць ім дапамагаць, — адзначае суразмоўца. — А калі пачалі прэсаваць адвакатаў, пазіцыя стала зусім іншай».

Вельмі хутка змяніў сваю пазіцыю і Аляксей Швакаў.

«Часам чым цішэй, тым лепш, да»

У сакавіку 2021 года ў публічны доступ трапілі аўдыязапісы канферэнцыі, на якой выступаў Швакаў. У іх ён апраўдваецца: маўляў, паслявыбарчыя падзеі прывялі да таго, што «многія з нас знаходзіліся ў поўнай разгубленасці». У выступе Швакаў упікаў адвакатаў за каментары ў СМІ і ў сацсетках. 

Ён казаў: «Я гутарыў з некаторымі адвакатамі, да вось, твая дзейнасць, чымсьці ты дапамог вось гэта вось, свайму кліенту. Вось ты тут пішаш-пішаш і што? Думаеш, карысць нейкую гэта прыносіць? Па маім уражанні — я ведаю такое, і сам бываў у розных сітуацыях — ну, часам чым цішэй, тым лепш, да».

Таксама ён ганіў адвакатаў, што не мелі досведу працы з адміністрацыйнымі справамі, але кінуліся абараняць людзей. Гэты момант «Нашай Ніве» растлумачыў адзін з суразмоўцаў:

«Тады пад Акрэсціна прыехала на дапамогу шмат адвакатаў, але некаторыя былі юрысты, якія займаліся гаспадарчымі справамі. І пасля на канферэнцыі пра гэта Швакаў і казаў: што лезлі тыя, хто не разбіраўся.

Я тады чуў яго словы і гэта зусім не стыкавалася з тым, што бачыў пад Акрэсціна. Бо так, былі моманты, калі адвакаты, якія раней не сутыкаліся з адміністратыўнымі справамі, працавалі, скажам так, па-рознаму.

Можа нават праяўлялі часам больш эмоцый, чым прафесійнага падыходу — такое было. Але такога і не магло не быць, бо адвакаты бачылі, у якім выглядзе людзі выходзяць з Акрэсціна. Бачылі збітых у бальніцах і пачуццё несправядлівасці тады проста распірала знутры».

А пазней злілі ў сеціва і аўдыя пасяджэння Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якое праходзіла 9 лютага 2021-га. Там Аляксей Швакаў адчытваў Дзмітрыя Лаеўскага, адваката Бабарыкі, за яго публічныя выказванні. Адвакат мае абмежаванні, пастаянна нагадваў Швакаў Лаеўскаму.

«Вашы вось гэтыя паводзіны, дзеля чаго вы гэта ўсё робіце? Вы выказваецеся зусім не па справе, а там як прэсу пусцілі ці не пусцілі, і ці можа Вярхоўны суд разглядаць па першай інстанцыі», — выгаворваў ён.

«Такіх у нас адвакатаў, якія вось так вось падтрымліваюць [публічнае выказванне меркавання], ну максімум 5%, — дадаваў Швакаў. — Вось тыя, асноўная колькасць у нас, якія працуюць у кансультацыях, вось яны тут ёсць — адвакаты, якія прысутнічаюць, ім трэба працаваць, ім трэба зарабляць грошы, ім трэба гадаваць дзяцей, ім трэба захаваць прафесію, ім трэба, каб справы ў іх былі проста, так… Ім трэба спакой. Вось мы жылі пасля 12-га года, калі ўся тая лабуда скончылася, вось скажыце, хто тут жыў дрэнна? Мы жылі ціха, звычайна, нам усяго хапала».

Адзін з суразмоўцаў-адвакатаў так пракаментаваў «Нашай Ніве» заявы Швакава:

«Пазнейшыя яго заявы на той канферэнцыі, крытычныя заявы — ужо далі зразумець, што ён выбраў іншы кірунак. Думаю, Швакаў зразумеў, што пратэст праваліўся і зразумеў, якую пазіцыю трэба заняць.

Я камунікаваў з ім і тады, і заставалася адчуванне, што ён дакладна на баку пратэсту. Таму, здавалася, што рэзка крытыкаваць яго — пазіцыя, можа быць, павярхоўная. Можа мы проста не ведаем нейкія падводныя плыні? 

Але, з іншага боку, калі пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў, усе казалі, што пазіцыя Швакава ўжо адназначная. Можа гэта звязана з тым, што ён выхадзец з сілавікоў? Ён жа падтрымлівае адносіны з пракурорскімі работнікамі і па сёння.

Напрыклад, расказваюць, што недзе пад Новы год была вялікая гулянка з удзелам Швакава, куды і адвакатаў не ўсіх паклікалі, але былі людзі з пракуратуры, са Следчага камітэта».

Першы сакратар ЦК БРСМ і Аляксей Швакаў падпісваюць пагадненне. Фота БелТА.

Дарэчы, пракуратура і Швакаў сапраўды вельмі любяць адно аднаго. Як мінімум у 2016 годзе Швакаў быў у журы конкурсу на лепшае чытанне вершаў сярод пракурорскіх работнікаў. 

У снежні 2021 года Мінская гарадская калегія адвакатаў і БРСМ падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Да канца незразумела навошта, выглядае, каб абмяркоўваць змены ў Канстытуцыю перад рэферэндумам.

«Час няпросты. Шмат пытанняў у моладзі зараз. Мы павінны дапамагаць маладым людзям разбірацца ў тым, што адбываецца. Нам трэба больш мець зносіны з імі, растлумачваць правы і абавязкі, накіроўваць, каб папярэдзіць магчымыя наступствы неабдуманых дзеянняў», — сказаў Швакаў.

У студзені 2022-га і сам ён не забыўся асабіста ўхваліць рэферэндум: «Грамадства і краіна развіваюцца, сітуацыя мяняецца. Таму перыядычна неабходна ўносіць змены ў асноўны закон. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што неабходна ўдасканальваць прававую, палітычную сістэму для таго, каб краіна ў далейшым развівалася, была паспяховай».

«Намагаўся абараняць сваіх»

Але некаторыя адвакаты і сёння станоўча адгукаюцца пра Швакава:

«Ён добры спецыяліст і добры чалавек. Сваіх адвакатаў, з Мінскай гарадской калегіі, ён намагаўся абараняць пры любой магчымасці. У гэтым плане ён малайчына». 

Тут варта адзначыць, што Швакаву ставяць у заслугу «выратаванне» адвакаткі Веры Арэшка, якая была яго намесніцай у Мінскай гарадской калегіі. Акрамя таго, разам са Швакавым Арэшка абараняла інжынера МЗКТ Галавача, якога ніяк не маглі пасадзіць (а пасля і ўвогуле апраўдалі, пасля 4 гадоў у СІЗА).

Нечакана ў 2019 годзе на саму Арэшку завялі аж дзве справы: за агалошванне матэрыялаў следства і захоўванне зброі. Апошняе абвінавачванне грунтавалася на тым, што ў адвакаткі пры ператрусе знайшлі пісталет 1938 года. Арэшка магла сесці на 7 гадоў, але ўсё абышлося, як кажуць, праз заступніцтва менавіта Швакава і Чайчыца.

Але іншы адвакат тлумачыць: «Можа ён і бараніў яе неяк кулуарна, але публічна не выказваўся, не агучваў прынцыповую пазіцыю. Арэшку вінавацілі ў разгалошванні дадзеных следства.

Тут праблема ў тым, што адвакатаў прымушаюць даваць падпіскі аб неразгалошванні. Гэта вялікая праблема для адвакатаў. Тут прынцыпова было б сказаць, што тэкст абвінавачання не можа быць таямніцай следства, але ж Швакаў гэтага не зрабіў.

У выніку, усё неяк вырашылі, справу скончылі па малазначнасці. Але я не лічу, што вось так цішком вырашаць пытанні гэта аптымальны шлях для развіцця адвакатуры».

Таксама дысцыплінарную справу супраць адваката Лаеўскага заводзіў менавіта савет калегіі, куды ўваходзіў Швакаў, падкрэсліў суразмоўца.

«Нічога не зменіцца, бо і так усё кепска»

Але існуюць два моманты, у якіх сыходзяцца ўсе суразмоўцы. Першы — лепш ужо Швакаў, чым нейкі ўчорашні сілавік. 

«Прызнаюся, ёсць і думка, што Швакаў не самы горшы варыянт, бо хаця б не нейкі сілавік, як сённяшні міністр юстыцыі. Швакаў хаця б папрацаваў нармальна, ведае адвакатаў», — кажа адзін суразмоўца.

«Лепш Швакаў, чым нехта з сілавых ведамстваў. Бо пры сённяшнім законе аб адвакатуры гэта цалкам было магчыма. Ён хаця б нармальны адвакат, са стажам», — пагаджаецца іншы. 

І другі момант — для адвакатаў нічога не зменіцца. Абараняць абаронцаў ніхто не будзе.

«У апошні час Швакаў паказаў сябе як функцыянер, набліжаны да Мінюста, а не як абаронца адвакатаў. Таму яго і прызначылі на новую пасаду. Нічога добрага з гэтага не будзе, прынцыповых пераменаў чакаць не варта. У тым ліку і ў горшы бок — бо і так усё дрэнна. Швакаў будзе проста падтрымліваць той курс, якія існаваў у БРКА да яго», — мяркуе адзін з адвакатаў.

«У параўнанні з Чайчыцам, прызначэнне Швакава нічога не мяняе. Нават Чайчыц, можа быць, большы папуліст, які мог бы больш пазітыўнае ўражанне сфарміраваць хаця б на словах», — мяркуе іншы адвакат.

Але можа хаця б спыняцца ў пазбаўленні адвакатаў ліцэнзій?

«Наўрад ці, бо сёння гэта вырашае не Калегія адвакатаў, а Мінюст, — адказвае адзін з адвакатаў. — Ці зменіцца нешта? Не думаю. Тым больш, што цяпер ходзяць чуткі, што адвакатуру хочуць зрабіць муніцыпальнай. Гэта значыць, адвакаты будуць сядзець пры выканкамах на зарплаце».

Чытайце яшчэ:

«Не трэба лезці ў палітыку». Чым запомніўся Віктар Чайчыц, які 10 год кіраваў адвакатурай у Беларусі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?