Беларускі істэблішмент добра ведае, што публічныя выступы перад журналістамі, тым больш на працягу некалькіх гадзін, — вельмі небяспечная справа. Першыя палосы дзяржаўных газет і хвіліны навінаў на тэлебачанні адводзяцца Лукашэнку. У іншым выпадку на гэта рэагуюць вельмі дбайна і нервова — такія вось умовы выжывання беларускага чынавенства.

Але ж выключэнне, калі гэта ўзгоднена зверху.

Калі ўважліва праслухаць запіс трансляцыі, то складаецца ўражанне, што нічога новага шматлікім журналістам Макей не паведаміў: звыклы набор штампаў і фармулёвак беларускай дыпламатыі.

Фота Белпрэсцэнтра

Фота Белпрэсцэнтра

Апроч аднаго сціслага, але ж вельмі важнага выказвання, якое адразу ж падхапілі як у Беларусі, так і на Захадзе. Журналісты вылучылі асноўную навіну, дзеля якой, здаецца, быў задуманы ўвесь дыпламатычны шухер.

«Пасля вучэнняў у Беларусі не застанецца ніводнага расійскага вайскоўца», — менавіта такія загалоўкі з’явіліся яшчэ падчас правядзення прэс-канферэнцыі.

Так робяць, калі хочуць забяспечыць алібі, замацаваць нешта надта важнае, каб не было шанцаў пасля адмовіцца.

Ці супадзенне, што паслязаўтра, 18 лютага, адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна? Можа, і так. Але ж пэўны падмурак для размовы ўжо падрыхтаваны.

Можна канстатаваць, што Захад адназначна заўважыў заяву. Пасля заканчэння вучэнняў цяжка будзе патлумачыць, калі нейкая расійская вайсковая частка вырашыць пагасціць у беларускай багне.

Звярну ўвагу на яшчэ дзве цікавыя акалічнасці. На прэс-канферэнцыі прысутнічала намесніца галоўнага рэдактара «Народнай волі», якая задала два даволі вострыя пытанні. Прычым у першы раз, як падалося, журналістка нават не чакала, што ёй дадуць права выступу.

А па-другое, здзівіла фармулёўка, якую выкарыстаў прадстаўнік дзяржаўнай газеты «СБ. Беларусь сегодня»: «У пэўнай частцы беларускай патрыятычнай супольнасці назіраецца незадаволенасць бяззубай, недастаткова агрэсіўнай пазіцыяй МЗС».

Каму як не вопытнаму дыпламату ведаць, што за такімі фармулёўкамі можа хавацца празрысты намёк.

Пра тое, што пазіцыі Макея хістаюцца, кажуць даўно. Чаго толькі вартыя заўвагі наконт нелаяльнага дыпламатычнага корпусу, які праявіў сябе ў 2020 годзе.

Ну, а сам факт таго, што сын чыноўніка публічна выказаўся і сышоў з МЗС, увогуле выглядае чорнай паметай. На пытанні пра сына, дарэчы, прэс-канферэнцыя Макея і скончылася. 

Аналітыкі таксама нагадваюць, што не апошнюю ролю ў страце даверу мог адыграць прыклад Казахстана, дзе былы міністр замежных спраў змяніў елбасы. 

Уладзімір Макей займае пасаду міністра са жніўня 2012 года. Цікава, што яго папярэднік, Сяргей Мартынаў, узначальваў МЗС на працягу дзевяці год. У Макея ідзе дзясяты…

Чытайце яшчэ:

«Адбылася разгерметызацыя мазгавой абалонкі ў заходніх палітыкаў». Уладзімір Макей зрабіў шэраг гучных заяваў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0