На гэты дысананс цяжка не звярнуць увагу. Пакуль заходнія палітыкі, медыя, разведкі ў алармісцкім тоне папярэджваюць свет пра магчымае расійскае наступленне на Украіну, малююць апакаліптычную карціну наступстваў вайны, называюць нават канкрэтныя магчымыя даты ўварвання, у самой Украіне прэзідэнт Зяленскі просіць не панікаваць.

19 студзеня Зяленскі папрасіў крытычна ацэньваць інфармацыю пра магчымае ўварванне Расіі ва Украіну. На яго думку, Расія наўмысна сее паніку і няўпэўненасць у насельніцтве, каб аслабіць магчымы супраціў і адпудзіць бізнэс-інвестараў. Зяленскі папрасіў зберагаць годнасць і гонар, каб не падыгрываць агрэсіўным намерам Расіі.

«Будзем будаваць дарогі, масты, школы, стадыёны, вагоны, самалёты і танкі. Вакцынуем пераважную большасць насельніцтва. У красавіку — адзначым Вялікдзень. У маі, як звычайна, — сонца, выхадныя, шашлыкі, і вядома — Дзень Перамогі. А далей лета», — абяцае Зяленскі ўкраінцам.

Таксама ўкраінскія ўлады крытыкуюць Захад за нагнятанне сітуацыі. На думку Зяленскага, гэта наносіць Украіне не меншы эканамічны ўрон, чым ваенныя дзеянні.

Зяленскі крытыкуе міжнародных партнёраў за папярэджанні адносна расійскай пагрозы.

«Нас не трэба папярэджваць — нам трэба дапамагаць», — кажа ўкраінскі прэзідэнт.

Украінскія палітыкі і журналісты крытыкуюць Захад за тое, што раскрыццё інфармацыі пра магчымае расійскае ўварванне падарвала рынак авіяцыйных перавозак. 

Украінцы раней шмат наракалі на Захад, абвінавачвалі яго ў недастатковай дапамозе, абражаліся на гандаль з Расіяй, патрабавалі большай салідарнасці.

І вось у 2022 годзе, калі ўкраінцы гэтую салідарнасць атрымалі, калі дзясяткі амерыканскіх авіярэйсаў адправілі ва Украіну сотні тон абароннай зброі, калі Вашынгтон зрабіў немагчымай нечаканую атаку і навязаў Маскве сваю гульню, калі ЗША пачалі генераваць напружаны інфармацыйны фон пра сур'ёзнасць расійскай пагрозы, калі Расія ў вачах свету стала проста ўвасабленнем зла, украінцы пачалі абвінавачваць заходніх партнёраў у штучным нагнятанні і стварэнні панікі. 

Амерыканская зброя прыляцела ў Кіеў.

Здаецца, не ўсе ў Кіеве зразумелі, што амерыканцы выдаюць расійскія планы не для таго, каб яны ажыццяўляліся, ці каб напужаць інвестараў, а якраз для прадухілення рэалізацыі гэтых планаў, каб не паўтарыўся 2014 год.

Інтэнсіўнасць інфармацыйных паведамленняў Белага дома вакол пагрозы расійскага ўварвання — гэта не столькі індыкатар сур’ёзнасці сітуацыі, колькі частка мэтанакіраваных захадаў для прадухілення такой атакі. «Нагнятанне» і ёсць фактар стрымлівання агрэсара.

На думку многіх украінскіх палітыкаў, падобная нестандартная праактыўная асіметрычная стратэгія амерыканцаў толькі на руку Пуціну па ўвасабленні панікі. 

Гаворыцца пра тое, што цяперашняя стратэгія Захаду нібыта пужае замежных інвестараў. Не выбарачнае правасуддзе, не ўдзел праваахоўных органаў у «адмыванні» дэпутатаў-парушальнікаў, не ператрусы і арышты маёмасці прадпрыемстваў палітычных праціўнікаў, не розніца цэн на энерганосьбіты для алігархаў і іншых бізнэсаў, а гатоўнасць Захаду падтрымліваць Украіну і яго выразны пасыл Пуціну.

Не зразумелі ўкраінцы і эвакуацыі дыпламатаў з Кіева ў Львоў. Зяленскі назваў пераезд пасольстваў у Заходнюю Украіну «вялікай памылкай».

«Няма Заходняй Украіны, ёсць Украіна, яна суцэльная. Таму, калі, не дай Бог, нешта адбудзецца, [гэта] будзе ўсюды. Нельга быць ад эскалацыі або праблем за 5—6 гадзін… Мы ўсе адна краіна. Не думаю, што людзі будуць гэта нармальна ўспрымаць. Выглядае вельмі дзіўна, але гэта іх выбар», — сказаў украінскі прэзідэнт.

Пасольства ЗША ў Кіеве.

Былы пасол Украіны ў ЗША Валер Чалы ўвогуле ў з’едлівай манеры напісаў пра заходнія краіны, якія эвакуявалі дыпламатаў дадому ці ў Львоў: 

«Калі закупляеце прадукты на наступны тыдзень, або, нават, на ўсялякі выпадак камплектуеце трывожны чамадан або заплечнік (…) Аддавайце перавагу вытворцам тых краін, якія дапамагаюць Украіне ў гэты важны момант зброяй, не бягуць поўным складам з Кіева і тых, чые авіякампаніі не спыняюць авіярэйсаў ва Украіну», — піша ён.

Бадай, найгоршае, што зараз адбываецца ва Украіне на фоне пагрозы расійскай агрэсіі — антызаходняя рыторыка, якая раптам стала папулярнай.

Зяленскі амаль у кожнай сваёй прамове падкрэслівае, што Захад штучна нагнятае тэму уварвання і нападае на Украіну інфармацыйна.

Зяленскі і Байдэн.

Часам такое адчуванне, што цяперашнія ўкраінскія ўлады крытыкуюць Захад больш, чым Расію. Фенаменальна, наколькі рыторыка ўкраінскіх уладаў цяпер часта ў гэтым пытанні перасякаецца з расійскай прапагандай.

Многія ўкраінцы пачынаюць думаць, што і Захад і Расія аднолькава дрэнныя, яны плятуць інтрыгі супраць Украіны, хочуць яе аслабіць. Усё часцей можна пачуць ад украінскіх лідараў грамадскай думкі наратывы пра неабходнасць не паддавацца ціску з Усходу і Захаду, абапірацца на ўласныя сілы. 

На фоне гісторыі з магчымым расійскім уварваннем, розніцы ў рэакцыі ўкраінскіх уладаў і Захаду, можна пабачыць, наколькі цяперашняя Украіна схіляецца ў бок еўраскептыцызму і ізаляцыянізму. І калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, Украіну можа ў будучыні чакаць адкат у пытаннях еўраатлантычнай інтэграцыі. 

Чытайце таксама:

Пагроза ўварвання Расіі ва Украіну павінна хваляваць кожнага. Гісторык Юваль Ной Харары — пра тое, што чалавецтва можа страціць

Чаму Захад так гучна б’е трывогу наконт Украіны? Здаецца, гэта адмысловая інфармацыйная аперацыя

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру