Фота ілюстрацыйнае.

Фота ілюстрацыйнае.

16 лютага Неўмяржыцкаму споўнілася б 52 гады.

«Ён нікуды ня мог уладкавацца на працу праз сваю пазыцыю. Актыўна ўдзельнічаў у кампаніях супраць дармаедскага дэкрэта ў 2017-м, у акцыях супраць інтэграцыі ў 2019-м, у выбарах і падзеях пасля іх у 2020 годзе. Зазнаў ператрусы, «суткі», выклікі на гутаркі, у яго забіралі тэхніку.

Аж і на пахаванне прыехала міліцыя. Сядзелі ў «сінім бусе» каля рытуальнай залы, дзе было развітанне. Якая падстава аддаваць такую ўвагу смерці і пахаванню Уладзіміра? Пасля смерці няма супакою. Хутчэй за ўсё, гэта жах, які ахапіў гэтых «пераможцаў», і ён жыве ў іх, яны жывуць з ім», — сказаў Свабодзе зямляк Уладзіміра.

«Ён быў моцны, нязломны чалавек»

Знаёмая Уладзіміра была ўчора ў яго на пахаванні.

«Ён хварэў недзе 3—4 месяцы. Нават у шпіталь, за дзень да яго смерці прыходзіла міліцыя. Учора на пахаванні было так: ідзём мы з вянкамі да рытуальнай залы, і ідзе такі наш мясцовы «красавец», ну ведаеце, хто ў нас такія самыя прыгожыя. І стаіць сіні бус таніраваны.

На пахаванне на могілкі я прынесла бел-чырвона-белы сцяг. Таму што я ведала, як яго моцна паважаў Уладзімір, як для яго гэта было вельмі важна. Я хацела дастаць сцяг з пакунку, але мне прашапталі, што за намі сочаць «красаўцы», — сказала знаёмая Уладзіміра.

Неўмяржыцкі быў заўзятарам футбольнага клуба «Славія» (Мазыр). На пахаванне прыйшлі іншыя заўзятары, у ягоную труну яны паклалі фірмовыя шалікі з сімволікай «Славіі».

«Вельмі балюча, што Уладзімір памёр. Ён быў такі нязломны, мог быць нават і грубы, калі адстойваў свае ідэі, напрыклад, у судзе. Ён быў за сваю краіну, за перамены. Я думаю, што гэтыя ператрусы, выклікі ў міліцыю, затрыманні падарвалі ягонае здароўе», — дадала знаёмая.

Чытайце таксама:

У Мазыры памёр 51-гадовы Уладзімір Неўмяржыцкі. У 2020 годзе ён быў адным са статкевіцкіх «кандыдатаў пратэсту»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0