«Ёсць людзі, якія і самі не разумеюць, за што маглі патрапіць у такі спіс «нядобранадзейных»

Студэнтцы фізічнага факультэта БДУ патэлефанавалі з кафедры і перадалі, што яе і яшчэ некалькі чалавек з групы запрашае ў кабінет намесніца дэкана па выхаваўчай і ідэалагічнай працы. Прыехаць трэба было тэрмінова.

«У кабінеце намесніцы дэкана мне сказалі, што паклікалі ў сувязі са зменамі ў адміністрацыйным, крымінальным кодэксе і ў правілах унутранага распарадку БДУ, — расказала дзяўчына «Нашай Ніве». — У дакуменце было напісана, што ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, а тым больш у арганізацыі нельга, і пра артыкулы 23.34 КаАП і 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Дзяўчына кажа, што людзей выклікалі па пэўным спісе, але незразумела, якім чынам яго складалі.

«Ведаю, што чатыры чалавекі з маёй групы дакладна хадзілі. Мяне, напрыклад, паклікалі, бо ў адміністрацыі да гэтага былі да мяне пытанні. Але ёсць людзі, якія і самі не разумеюць, за што маглі патрапіць у такі спіс «нядобранадзейных», — гаворыць яна.

«Мая сяброўка казала, што палова групы хадзіла да намесніка дэкана»

Па словах студэнта юрыдычнага факультэта БДУ, у іх таксама праводзяць «размовы», але падпісваць ніякія дакументы не прымушаюць.

«Наша намесніца дэкана выклікае да сябе студэнтаў, якія былі заўважаныя ва ўдзеле ў акцыях, і тых, хто меў адміністратыўкі, — расказвае хлопец. — Дзеля гэтага гатовая і пасядзець на факультэце пасля заканчэння працоўнага дня.

Абяцала чакаць да васьмі гадзін вечара. У мяне прасілі паказаць, ці не ідзе запіс размовы на тэлефоне, потым была размова.

Набор тэзісаў прыкладна аднолькавы: люты — найбольш рызыкоўны месяц, сядзіце і не высоўвайцеся. Усіх «канапных рэвалюцыянераў, якіх ГУБАЗ схапіў, адлічылі».

Камусьці намякалі, што, каб абяліць рэпутацыю, не дрэнна было б схадзіць на датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. Дарога у адвакатуру, на дзяржслужбу, у праваахоўнікі для тых, хто быў заўважаны у нелаяльнасьці, закрытая. Так казала.

Выклікалі вельмі шмат людзей. Мая сяброўка казала, што палова групы да яе хадзіла. Прычым, наколькі я ведаю, не толькі найбольш вядомыя актывісты, але і выпадковыя студэнты. Напэўна, яна баіцца, што калі будзе хто з факультэта удзельнічаць дзе-небудзь, то і ёй самой прыляціць за гэта зверху.

Аднаму хлопцу яна сказала, што бачыла яго на акцыях, дык ён адказаў, што бачыў яе на штурме Капітолія. Вось такія размовы».

«Я што, ведаю, дзе вы там «засвяціліся»? Нам сказалі з вамі правесці размову»

На філалагічным факультэце БДУ ў студэнтаў, якія жывуць у інтэрнаце, цікавіліся, дзе яны будуць знаходзіцца 27 лютага падчас рэферэндуму.

«Усё пачалося 7 лютага. У першы дзень новага семестра. З раніцы з’явіўся спіс людзей, якія павінны тэрмінова з’явіцца ў дэканат без тлумачэння прычын. Гэта, канечне, узняло хвалю панікі, — кажа адна са студэнтак. — Прычым выклікалі і тых студэнтаў, чые групы цяпер на дыстанцыйным навучанні.

Пыталіся, дзе мы будзем падчас рэферендуму: дома ці ў Мінску. Тым, хто сказаў, што дома, загадалі напісаць пісьмовае пацвярджэнне».

«Калі я прыйшла, намесніца дэкана вельмі радасна мяне сустрэла, падзякавала за тое, што прыйшла. На маё пытанне, чаму менавіта мяне выклікалі на гэтую размову, адказала: «Я што, ведаю, дзе вы там «засвяціліся»? Нам сказалі з вамі правесці размову. Прачытайце і распішыцеся».

У «дакуменце» было сказана, што я ведаю, што бывае за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, ведаю адміністрацыйны артыкул 23.34 і гэтак далей. Падпісваць я адмовілася. Намесніца спакойна гэта выслухала і сказала, што я маю на гэта права.

Потым сказала, што выклікае мяне яшчэ раз, каб скласці акт пра тое, што я адмовілася ад подпісу».

Чытайце яшчэ:

«Усе пад каўпаком, спісы ёсць». Чаму перад рэферэндумам да беларусаў прыходзяць сілавікі

У Беларусі паўторна затрымліваюць былых палітвязняў і «хімікаў». Што адбываецца?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру