Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што Расія адвяла частку вайсковай тэхнікі ад межаў Украіны, паведамляе Reuters са спасылкай на звесткі амерыканскай кампаніі Maxar Technologies, якая цягам некалькіх тыдняў адсочвала нарошчванне колькасці расійскіх сіл. У той жа час на спадарожнікавых здымках відаць, што ў Расіі ўсё яшчэ шмат вайсковай тэхнікі і сіл побач з Украінай, паведамляе Reuters.

Па даных агенцтва, здымкі, якія сведчаць пра гэта, зробленыя ў Беларусі, у заходняй частцы Расіі і ў Крыме 14, 15 і 16 лютага.

Reuters зазначае, што не можа правесці незалежную ацэнку прадстаўленых кампаніяй здымкаў. У Беларусі Maxar зняла новы вайсковы пантонны мост праз раку Прыпяць і новы вялікі палявы шпіталь на адным з палігонаў, паведамляе Reuters.

Здымкі, на якіх, як сцвярджае Maxar, бачныя аб'екты палявой вайсковай інфраструктуры і нават часовы пантонны мост праз раку Прыпяць, апублікавалі брытанскі тэлеканал Sky News і індыйскі тэлеканал NDTV.

Палявы шпіталь быў узведзены на палігоне Асіповічы ў Беларусі, таксама там была бачная трэніровачная актыўнасць. Па словах аналітыкаў Maxar, на іншым здымку з Беларусі відаць, што на беларускі аэрадром Зябраўка пад Гомелем прыбыло каля 20 ударных верталётаў.

Раней NATO заявіла, што не бачыць прыкмет адводу расійскіх войскаў ад межаў Украіны, а Кіеў ацэньвае колькасць расійскіх вайскоўцаў каля межаў краіны ў 140 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0