«Схадзіла на пошту, і мой пашпарт трапіў на фінансавы кантроль за спробу фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Наста Лойка.

Нядаўна яе знаёмага перавялі ў следчы ізалятар іншага горада, і каб яго падтрымаць, Наста вырашыла перавесці яму грошы.

«Я прыйшла на пошту, аформіла бланк электроннага пераводу, аддала касіру паперу. І калі яна пачала ўводзіць інфармацыю [у камп'ютар], у яе высвяцілася пазнака (пра тое, што чалавек з СІЗА знаходзіцца ў «пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці»). Там адразу сабраліся іншыя работнікі пошты, казалі пра «спіс». Я пацвердзіла, што чалавек сапраўды знаходзіцца ў «спісе тэрарыстаў». Яны папрасілі ў мяне пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сістэме, сказалі, што не могуць прыняць перавод і што мае звесткі пойдуць на фінансавы кантроль», — распавядае Наста Лойка.

Гэта дзяўчыну не здзівіла, прызнаецца яна. Як юрыст, Наста меркавала, што для людзей, якія знаходзяцца ў «пераліку арганізацый і фізічных асоб, і што маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», існуюць нейкія абмежаванні.

Аказалася, Наста не першая, хто сутыкаецца з такой сітуацыяй. Маці гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту яго затрымання ў канцы 2020 года, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць. Ужо пасля гісторыі праваабаронцы жанчына згадала, што ёй таксама нешта казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці.

«У яго мамы таксама папрасілі пашпарт, перапісалі даныя і сказалі, што не могуць прыняць грашовы перавод. Але ніякіх наступстваў для яе не было. Яна ўспомніла, што ў яе пыталіся сферу дзейнасці. У мяне таксама спыталі: «Хто вы?». Я сказала, што яго сяброўка. На што мне сказалі, што трэба назваць сферу дзейнасці. Яны павінны ўносіць гэтыя даныя ў сістэму», — кажа дзяўчына.

Што значыць для людзей у СІЗА або калоніі ўключэнне ў гэты спіс?

Юрыст даведалася на сваім вопыце, што зняволеныя і тыя, хто знаходзіцца пад вартай, унесеныя ў пералік, абмежаваныя ў праве атрымліваць грашовыя пераводы.

«Гэта звязана з забаронай фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. А калі людзі знаходзяцца ў «спісе тэрарыстаў», то перавод ім аўтаматычна лічыцца такім фінансаваннем, — аналізуе сітуацыю праваабаронца. — Гэта сур'ёзнае абмежаванне. Атрымліваецца, ён не можа сам падпісацца нават на газеты і часопісы, бо мы не можам яму перавесці для гэтага грошы. А калі яго адправяць у калонію, сітуацыя будзе сур'ёзнейшай. Там важная атаварка, бо перадачы прымаюць вельмі рэдка, а ежы недастаткова і патрэбныя многія іншыя рэчы, якія асуджаны звычайна купляе сам», — кажа суразмоўца.

Што чакае чалавека, які трапіў пад асаблівы кантроль праз спробу перавесці грошы «тэрарысту»?

На рукі дзяўчыне нічога не выдалі і ніякіх патрабаванняў ёй не выставілі. Яна мяркуе, што цяпер яе могуць праверыць органы фінансавага кантролю.

«Я так разумею, што ў пошты ёсць інструкцыя, як у гэтай сітуацыі сябе паводзіць супрацоўнікам. Яны павінны адзначыць, хто спрабаваў перавесці грошы. Плюс яны пакінулі ў сябе бланк, які я запаўняла на перавод. Магчыма, яго потым перадаюць органам фінансавага кантролю. Думаю, у ДФР або іншых фінансавых органаў ёсць паўнамоцтвы для праверкі па такім сігнале. Магчыма, яны могуць узяць у мяне тлумачэнні з гэтай нагоды. Але, зразумела, што гэта абсурдна, і думаю, што ніхто не расцэніць спробу зрабіць грашовы перавод у следчы ізалятар як фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. Хутчэй, гэта наступства таго, як пабудаваная сістэма, і перагіб выкарыстання паняцця тэрарыстычных арганізацый у палітычных мэтах», — кажа яна.

«Асаблівасць Беларусі ў тым, што мы ратыфікуем усе міжнародныя канвенцыі, звязаныя з тэрарызмам. На нацыянальным узроўні дзяржавы, якія падпісалі іх, уводзяць дадатковыя нормы, каб кантраляваць магчымае фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці», — тлумачыць Наста.

«Сёння ж у Беларусі пытанні процідзеяння тэрарызму цесна пераплеценыя з барацьбой з экстрэмізмам. «Спіс тэрарыстаў» у нас вядзецца з 2011 года. Раней туды ўносілі толькі людзей, якіх Рада Бяспекі ААН прызнавала асобамі, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, а з лістапада 2020 года гэтая база стала выкарыстоўваецца ў Беларусі як рэпрэсіўны механізм. Туды сталі ўносіць актыўных беларусаў.

Першымі туды трапілі Раман Пратасевіч і Сцяпан Пуціла. Цяпер у ім 43 чалавекі, уключаючы Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку. Там жа ёсць людзі, якія праходзілі па «справе Аўтуховіча», — кажа Наста Лойка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0