16 лютага адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па выніках дзейнасці ведамства ў 2021 годзе і задачах на 2022 год. Міністр Аляксей Багданаў падкрэсліў, што паводле вынікаў 2021 года інфляцыю ўдалося стрымаць на адназначным узроўні (9,97%), а рост цэнаў на сацыяльна значныя тавары на ўзроўні 9,1%. У 2022 годзе МАРГ захавае курс на падтрыманне цэнавай стабільнасці і абарону ўнутранага рынку як за кошт інструментаў антыманапольнага і цэнавага рэгулявання, так і за кошт дадатковых мер.

Вадзім Іосуб.

Газета «Беларусы і рынак» запыталася ў фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, як ён ацэньвае прапанаваныя Міністэрствам рэцэпты. 

— Ніякага рэцэпту барацьбы з інфляцыяй я не бачу. Ёсць заклікі, якія гучаць апошнія гадоў 30, але яны на цэны не дзейнічаюць. Насамрэч, рэцэптам могуць стаць канкрэтныя дзеянні.

У шэрагу краін Еўропы таксама сутыкнуліся з высокай інфляцыяй. Напрыклад, Польшча змагаецца з інфляцыяй змяншэннем ПДВ на шэраг тавараў. У нас жа, наадварот: на пачатку мінулага года паднялі ПДВ на лекі, дзіцячыя тавары, што таксама адыграла сваю ролю ў росце інфляцыі — спісваць усё толькі на знешнюю інфляцыю не прыходзіцца.

Міністр заявіў, што «мы павінны будзем больш насычаць нашы паліцы айчыннай прадукцыяй, якая апрыёры будзе таннейшай за імпартную». Незразумела, чаму апрыёры і наогул, якая прадукцыя маецца на ўвазе.

Запоўніць паліцы крамаў айчыннымі камп'ютарамі і тэлевізарамі, якія будуць таннейшыя за імпартныя, наўрад ці атрымаецца. Калі мы гаворым пра агародніну і садавіну, якія вырошчваюцца ў Беларусі, то часцяком у нас яны даражэйшыя за імпартныя. Калі мы хочам купляць агародніну-садавіну па цэнах, ніжэйшых за імпартныя, то павінны разабрацца, чаму яны даражэйшыя і што трэба зрабіць, каб сталі таннейшымі (або змяніць бізнэс-асяроддзе, у якім працуюць прадпрыемствы АПК, фермеры, або змяніць падаткаабкладанне). Калі нічога не мяняць, то зусім незразумела, чаму тавары, якія былі даражэйшыя за імпартныя, раптам апрыёры стануць таннейшыя.

Тыя ж меры, якія сапраўды робяцца, не спрыяюць барацьбе з інфляцыяй, а нават наадварот. Зусім нядаўна забаранілі прадаваць на экспарт беларускія цыбулю і капусту, цяпер — цукар. Чаму гэтыя садавіна і агародніна дарагія? Таму што прадпрыемствы АПК, фермеры недастаткова іх вырошчваюць.

Калі забараніць экспартаваць гэтую прадукцыю і прымусіць прадаваць выключна на ўнутраным рынку па зніжаных, рэгуляваных цэнах, то вытворцы стануць зарабляць яшчэ менш, а значыць, у іх будзе яшчэ менш стымулаў яе вырабляць. І як вынік — у наступным годзе ў нас будзе яшчэ менш беларускай капусты і беларускай цыбулі. Мера, закліканая нібыта знізіць цэны, прывядзе да яшчэ большага зніжэння колькасці айчыннай прадукцыі, і яе прыйдзецца альбо імпартаваць, або застацца без капусты зусім.

Канкрэтныя меры па зніжэнні інфляцыі не робяцца, а па асобных таварных пазіцыях усё робіцца для таго, каб сёння гэты тавар зрабіць таннейшым, але заўтра яго не будзе наогул.

— Ці можа ўрад увесці абмежавальныя меры на імпарт?

— Крытычны імпарт — той імпарт, які замясціць немагчыма. Тэарэтычна, некаторыя пазіцыі замясціць можна, але ўзнікае пытанне: чаму гэта не было замешчана яшчэ ўчора? Альбо гэта мы не ўмеем вырабляць, альбо свая вытворчасць акажацца больш дарагой, чым імпарт, альбо не даражэйшай, але горшай па якасці?

Імпарт існуе па адной простай прычыне: імпартная прадукцыя па суадносінах кошт-якасць лепшая за айчынную. Імпартаваць або не імпартаваць — пакупнік галасуе сваім кашальком. Адміністратыўнае імпартазамяшчэнне прывядзе да таго, што канчатковы спажывец атрымае тавар або горшай якасці, або па больш высокай цане, або, што верагодна, горшай якасці па больш высокай цане.

— Альтэрнатыўныя спосабы цэнавага рэгулявання… што разумее пад гэтым МАРГ?

— Прамое рэгуляванне — зафіксаваць цану, абмежаваць гандлёвую надбаўку, зменшыць гандлёвую нацэнку. Усё астатняе: забарона экспарту, абмежаванне імпарту — мабыць, гэта разумеецца пад альтэрнатыўнымі спосабамі.

— МАРГ прапануе распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі ўзаемадзеяння міністэрства з зацікаўленымі праваахоўнымі органамі па выяўленні і даказванні правапарушэнняў, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю. Праваахоўныя органы могуць утаймаваць інфляцыю?

— Па сутнасці, гэта можна ўспрымаць як барацьбу з цэнавымі змовамі, пагадненнямі аб абмежаванні канкурэнцыі і гэтак далей. Такія з'явы існуюць, і з імі спрабуюць змагацца ва ўсім свеце. Але часцей за ўсё гэта накіравана супраць манаполій і алігаполій. У нас жа асноўная манаполія ў многіх відах дзейнасці — дзяржава. Таму, змагаючыся супраць інфляцыі сумесна з праваахоўнымі органамі, галоўнае не выйсці на саміх сябе.

— Якія дзеянні варта было б распачаць ураду для барацьбы з інфляцыяй?

— Максімальна лібералізаваць знешнеэканамічную дзейнасць, не робячы ніякіх абмежаванняў для экспарту і імпарту, максімальна лібералізаваць цэнаўтварэнне ўнутры краіны, не ўводзячы ніякіх абмежаванняў. Насамрэч, ваганне цэнаў — натуральны працэс, а рынак і свабоднае цэнаўтварэнне — найлепшы інструмент па насычэнні рынку і па задавальненні патрэбаў.

Рост цэнаў на той ці іншы тавар — сігнал вытворцу, што такога тавару не хапае. Калі капуста даражэе, гэта сігнал фермерам, што яе вырошчваецца мала. Таму фермер, які ў мінулым годзе вырошчваў буракі, у гэтым годзе пяройдзе на капусту: ураджай будзе большы, цэны знізяцца без усялякіх пастаноў і адміністратыўных рашэнняў.

А калі працаваць адміністратыўнымі метадамі, то нешта будзе знікаць з паліц, нешта — даражэць, а нешта заменяць нізкаякаснай прадукцыяй.

Чытайце таксама:

Міністр гандлю: У росце цэнаў вінаватая «імпартная інфляцыя», трэба змяншаць сабекошт

Міністр гандлю расказаў, як будзе трымаць цэны на ланцугу

МАРГ знайшоў, хто завышае цэны на гародніну. Буйным сеткам далі штрафы

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру