Учора стала вядома, што Беларусь не атрымае ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця 3,5 мільярда даляраў, якія прасіла. Расія выказала гатоўнасць выдзеліць куды менш — да аднаго мільярда. Ці зможа эканоміка абысціся без дадатковых грошай?

На што патрэбная такая сума? У гэтым годзе Беларусі неабходна сплаціць каля 3,5 мільярда даляраў па знешнім дзяржаўным доўгу: сума ўключае выплаты па целе доўгу і працэнты. Грошы былі неабходныя на яго рэфінансаванне.

«Думаю, у ЕАБР запытвалі па максімуме, і хутчэй за ўсё, размова ішла аб праграме не на адзін год. Але вырашылі праз гэты механізм не даваць грошы Беларусі, пакінуць прывязку да расійскіх міжурадавых крэдытаў, якія трэба будзе ў некалькі заходаў прасіць», — каментуе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

На яе думку, рашэнне Расіі абмежавацца меншай сумай крэдыту звязанае з тым, што ў беларускай эканомікі (а менавіта ў знешнім гандлі) справы і так ідуць добра. На апошняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Пуцін акцэнтаваў на гэтым увагу.

«Хацеў бы адзначыць, што і нашы эксперты лічаць, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў добрым стане. Прафіцыт, па-мойму, нейкі намячаецца», — казаў Пуцін у снежні.

«Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала 3,77 мільярда даляраў за мінулы год. У гэтым годзе сітуацыя можа паўтарыцца.

Прытоку валюты ад знешняга гандлю, тэарэтычна, будзе хапаць на абслугоўванне доўгу. Таму, мне здаецца, Расія проста не хоча даваць больш, чым трэба», — мяркуе Кацярына Барнукова.

Адкуль яшчэ можна ўзяць грошы, якія не ўдалося атрымаць ад ЕАБР?

Калі сітуацыя па гандлі будзе не такой спрыяльнай, а пазычыць больш не ўдасца, доўг можна выплаціць з золата-валютных рэзерваў. На пачатак года ЗВР Беларусі складалі 8,5 мільярда даляраў, з іх каля чатырох — ліквідныя грошы (не золата, а дэпазіты ў банках). 

Спадзявацца на крэдыты ад Кітая пакуль не выпадае.

«У зводках па знешнім доўгу, якія публікавалі, было бачна, што ў 2020-2021 гадах Кітай ніякіх крэдытаў не даваў, а толькі забіраў выплаты па старых, — заўважае эканаміст.

— Былі размовы пра тое, каб Беларусі выйсці на рынак панда-бондаў (аблігацый на кітайскім унутраным рынку, — «НН»), але мы не змаглі гэтага зрабіць, нават калі ў дачыненні да краіны не было ніяікіх санкцый. Нават тады беларускія бонды не падыходзілі па крытэрыях якасці. Зразумела, калі будзе палітычная волі Кітая, для іх не праблема падкінуць адзін-два мільярды даляраў, але пакуль што яе не назіраецца».

Чытайце таксама:

«Гэта быў асноўны лагістычны калідор». Як цяпер «Беларуськалій» будзе пастаўляць прадукцыю на экспарт?

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

Названыя рэгіёны з самымі нізкімі заробкамі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру