Сонны Пуцін

Фота: censoru.net.

Адразу пасля адкрыцця Алімпіяды свет абляцелі кадры, на якіх прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у адзіноце назірае за парадам алімпійцаў. Ці, дакладней, не назірае: праход украінскай зборнай аказаўся для Пуціна настолькі нецікавы, што, відаць, на гэтым моманце ён прыснуў.

Эміграцыя выдатнага беларускага лыжніка

Архіўнае фота

Гэтая гісторыя здарылася не ў Пекіне, але ж яна мае самае прамое дачыненне да беларускага алімпійскага руху. І ўсё праз тое, што з Беларусі з'ехаў не шараговы спартовец, а ўдзельнік ажно сямі алімпіяд лыжнік Сяргей Далідовіч.

Пра тое, што спартовец пакінуў краіну, стала вядома 9 лютага. Ён адправіўся за мяжу разам з дачкой, Дар'яй Далідовіч, таксама лыжніцай.

Прычынай ад'езду быў страх рэпрэсій — Далідовіч неаднаразова выказваўся супраць гвалту ў краіне і за сумленныя выбары. Праз гэта яго дачка трапіла пад прэсінг. Беларускія ўлады адхілілі Дар'ю і іншую лыжніцу, Святлану Андрыюк, ад спаборніцтваў з палітычных прычын.

Правал у жаночым біятлоне

Ганна Сола. Фота: НАК Беларусі.

Ні аднаго медаля ў беларускіх біятланістак! Апошні раз жаночая зборная вярталася з такім вынікам дадому ў 2006 годзе, падчас зімовай алімпіяды ў італьянскім Турыне. Што да жаночай біятлоннай эстафеты, у якой беларускі сталі 13-мі, то гэта ўвогуле найгоршы вынік нашых спартсменак за ўсю суверэнную гісторыю краіны.

Між тым біятлон у апошні час разам з фрыстайлам быў тым відам спорту, ад якога беларусы прызвычаіліся чакаць медалёў. Букмекеры разлічвалі, што вынік можа паказаць як Дынара Алімбекава (чэмпіёнка мінулых Гульняў у жаночай эстафеце), так і Ганна Сола. Абедзве спартсменкі бралі медалі ў апошнім сезоне на этапах біятлоннага Кубку свету.

У гэты ж раз найлепшы вынік сярод беларускіх біятланістак паказала Ганна Сола — чацвёртае месца ў спрынце. Аднак вялікага задавальнення гэтая лічба Ганне не прынесла. Пасля апошняй гонкі на Гульнях, дзе яна стала дзясятай, біятланістка расказвала журналістам пра расчараванне: «Рук не апускаю, хаця зразумела, што хацелася дасягнуць зусім іншага выніку».

Мужчынскі фрыстайл: беларусы без медалёў другія Гульні запар

Станіслаў Гладчанка. Фота: pressball.by.

Яшчэ адзін перспектыўны для беларусаў від і яшчэ адзін вынік, які не надта ўражвае. У алімпійскі фінал па лыжнай акрабатыцы трапіў толькі адзін беларус, Станіслаў Гладчанка, і заняў ён там перадапошняе 11-е месца.

На мінулых зімовых Гульнях, у 2018-м, беларусы таксама праляцелі ў фрыстайле міма медалёў, аднак тая сітуацыя выглядала больш перспектыўнай. Тады сур'ёзным прэтэндэнтам на медалі ад Беларусі быў Антон Кушнір, аднак ён не трапіў у фінал спаборніцтваў — суддзі неадназначна ацанілі выступ спартоўца ў кваліфікацыі.

Срэбра ад падпісанта праўладнага ліста

Антон Смольскі і Дзінара Алімбекава. Фота: dinara_alimbekova18 / Instagram.

Хопіць пра расчараванні! Беларусы вязуць дадому з гэтай Алімпіяды два медалі.

Першы з іх — срэбра біятланіста Антона Смольскага, заваяванае ў індывідуальнай гонцы. Другі — яшчэ адно срэбра, на гэты раз ад фрыстайлісткі Ганны Гуськовай.

Цікава, што абодва спартсмены падпісвалі пасля жніўня 2020 года адкрытыя лісты спартоўцаў. Вось толькі Гуськова падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, а Смольскі — праўладны ліст, створаны ў процівагу лісту за сумленныя выбары. 

Рэінкарнацыя мема пра «чык-чырыка»

Відэа: by.tribuna.com.

Гукаперайманне «чык-чырык» стала мемам, калі комік Слава Камісаранка ўзнагародзіў такой мянушкай Аляксандра Лукашэнку. Цяпер жа мем атрымаў новае ўвасабленне — у спорце. Калі беларускі спартовец Павел Дзік няўдала выступіў у кваліфікацыі фрыстайлістаў, каментатар канала Eurosport згадаў у дачыненні да яго знакаміты жарт: «Вось такі вось чык-чырык атрымаўся. Не здолеў парадаваць бацьку».

Допінгавы скандал у расійскай «фігурцы»

Каміла Валіева. Фота: championat.com.

Падчас каманднага турніру па фігурным катанні свет зачаравала 15-гадовая Каміла Валіева. Дзяўчына стала першай фігурысткай, якая выканала на Алімпіядзе чацвярны прыжок, а яе катанне натхніла нават галівудскага акцёра Алека Болдуіна, ён напісаў аб «прыгажосці, ад якой замірае сэрца».

Але сэрца замірала нядоўга. Перад індывідуальнымі выступамі ўскрыліся даныя са снежаньскіх допінг-пробаў Валіевай, у якіх быў знойдзены забаронены прэпарат трыметазідзін. Пасля пакутлівага расследавання Валіеву ўсё-ткі дапусцілі да індывідуальных спаборніцтваў, але ж фігурыстка паказала толькі чацвёрты вынік.

«Не вайне» ад фрыстайлістаў

Фота: АР.

Ва ўмовах абвастрэння крызісу на ўкраінска-расійскай мяжы спартоўцы ў Пекіне нарэшце ўспомнілі пра тое, што алімпійскі рух заўсёды выступаў за мір. Магутным жэстам адзначыліся ўкраінскі фрыстайліст Аляксандр Абраменка і яго расійскі калега Ілля Бураў. Абраменка заняў на Алімпіядзе другое месца, а Бураў — трэцяе.

Перад узнагароджваннем спартоўцы абняліся і так пазіравалі фатографам. Раней ім ужо прыходзілася апраўдвацца за такія жэсты сяброўства, але фрыстайлісты ўсё ж такі сказалі сваё не вайне — так, як здолелі.

Чытайце яшчэ:

Топ-5 найлепшай спартовай формы на сёлетняй Алімпіядзе і адна найгоршая

Няўдалы бізнэсмен і трэнер зборнай. Чым займаюцца цяпер былыя беларускія зоркі зімовых Алімпіядаў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру