Якаў Басін скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, шмат гадоў працаваў лекарам, выдаў некалькі навуковых прац па медыцыне.

У 1960-я быў адным з арганізатараў мінскага джаз-клуба, аўтарам перадач па гісторыі джазу на беларускім тэлебачанні. Быў адным з тых, хто заснаваў Беларускі клюб вясёлых і знаходлівых, другі прызёр чэмпіяната СССР (1967—1968).

З другой паловы 1980-х Якаў Басін займаўся праваабарончай і грамадскай дзейнасьцю ў якасці актывіста яўрэйскай грамады ў Беларусі.

Ён быў сустаршынёй Саюза яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў Беларусі, кіраўніком мінскай грамады прагрэсіўнага іўдаізму. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускага яўрэйства, удзельнік шматлікіх навуковых і грамадскіх міжнародных канферэнцый. Узначальваў беларускае прадстаўніцтва амерыканскай грамадскай арганізацыі «Саюз камітэтаў у абарону былых савецкіх яўрэяў».

Выступаў з пратэстамі супраць праяў дзяржаўнага антысэмітызму, удзельнічаў у кангрэсах АБСЕ па барацьбе з ксенафобіяй і антысемітызмам.

У 2015 годзе Якаў Басін браў удзел у першым Беларускім грамадскім трыбунале над сталінізмам, які праводзілі міжнародная праваабарончая грамадская арганізацыя «Мемарыял» разам з ініцыятывай «За ўратаванне Курапатаў».

У чэрвені 2021 года Якаў Басін разам з чатырма дзясяткамі выхадцаў з Беларусі падпісаў зварот да новага міністра замежных спраў Ізраіля Яіра Лапіда з заклікам выказаць пазіцыю Ізраіля ў дачыненьні да сітуацыі ў Беларусі.

Якаў Басін пахаваны на іерусалімскіх могілках у раёне Гіват Шауль, паведамляе newsru.co.il.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0