«Супрацоўнік ГУБАЗіК настойваў, каб я хадзіў на мітынгі і «здаваў» людзей»

Арцём (імя змененае. — РС) у 2020 годзе жыў у адным з райцэнтраў. Працаваў інжынерам. Пасля выбараў быў абураны гвалтам з боку міліцыі. У верасні 2020 года Арцёма затрымалі, далі «суткі» за ўдзел у акцыі пратэсту.

«Да мяне ў ізалятары прыходзіў намеснік пракурора. Даў паперку падпісаць, што я папярэджаны, што магу атрымаць крымінальную справу за пратэсты. На другі дзень па мяне ў камеру прыйшоў сам начальнік ізалятара. Адвёў у асобны пакой. Там сядзелі, як яны прадставіліся, супрацоўнікі ГУБАЗіК. Паводзілі сябе даволі дружалюбна. Распытвалі, дзе я працую, чым цікаўлюся, пра мае музычныя захапленні, якія я люблю фільмы, як збіраюся будаваць кар’еру; пра бацькоў, сястру пыталіся.

Яны паводзілі сябе нібыта добразычліва, а мяне ўсяго калаціла.

Пасля доўгай паўзы запыталі, ці буду я яшчэ хадзіць на мітынгі. Я пачаў гаварыць, што вядома ж, не, я і так у ІЧУ трапіў. Больш не пайду. А яны: «А калі мы цябе папросім?»

Арцём кажа, што сэнс у яго «хаджэнні» на мітынгі міліцыянты ўкладалі такі:

каб ён там знаёміўся з людзьмі і потым «здаваў» іх. Таксама, па словах Арцёма, міліцыянты прапанавалі ўступаць у закрытыя дваровыя чаты, наведваць сустрэчы.

«Сказалі: мы табе палепшым умовы ў камеры, мы не дамо ходу яшчэ тром пратаколам на цябе. Мы табе будзем дапамагаць вырашаць усе пытанні ў горадзе і на працы. Яны шмат мне апісалі плюсоў ад супрацоўніцтва», — успамінае Арцём.

На яго ціснулі пагрозай дэпартацыі (бо ён не грамадзянін Беларусі), згадвалі бацькоў, «якіх ты больш не ўбачыш».

Я спытаўся, ці ёсць у мяне выбар. Сказалі, што не. Пасадзілі за стол, далі аркуш паперы, сказалі пісаць. Напісаў, што абяцаю супрацоўнічаць з унутранымі органамі пад псеўданімам… Тут я замяўся, пытаюся: «А які псеўданім?» Яны засмяяліся і кажуць: «Ну ты ж Стывена Кінга любіш, будзеш Стывенам». Хоць я не казаў, што люблю Кінга. Абяцалі, што патэлефануюць мне пасля «сутак» і мы сустрэнемся ў горадзе. Сказалі захоўваць усё ў сакрэце», — дадаў Арцём.

Умовы у камеры, дарэчы, яму не палепшылі, зазначыў хлопец.

Пасля «сутак» ён выйшаў з ізалятара — і тут жа быў затрыманы міліцыяй. «Паказалі здымак, дзе я быў на акцыі. Спыталіся, што я там рабіў. Гуляў. «Ах, гуляў?» — і пацягнулі назад у ізалятар. Далі чарговыя «суткі».

Пасля выхаду Арцёма выклікала начальства, і ён звольніўся, бо разумеў, што спакою не будзе.

«Потым патэлефанаваў той, з ГУБАЗіК. Прапанаваў сустрэцца ў горадзе. У мяне быў вельмі цяжкі псіхалагічны стан. Я патэлефанаваў юрыстам, праваабаронцам, у фонды розныя. Мне параілі не ісці на сустрэчу. Той, з ГУБАЗіК, настойваў. Я адмовіўся і вырашыў выехаць з горада», — расказаў Арцём.

Шэсць месяцаў ён жыў «у знаёмых знаёмцаў».

«Бо тады была надзея на перамены… Мы ўсё чакалі, што вось пераможам, я вярнуся дахаты. Але праз шэсць месяцаў стала зразумела, што засядзеўся я «ў гасцях». Таму паехаў за мяжу. Міліцыя і дагэтуль шукае мяне, ходзіць да бацькоў», — кажа Арцём.

«Шантажавалі маці, казалі, што ведаюць, куды яна ездзіць і калі»

Марына (імя зьмянілі дзеля бясьпекі. — РС) жыве за мяжой. У 2020 годзе яна праяўляла актыўнасьць у акцыях дыяспары. Магчыма, гэтым выклікала ўвагу з боку органаў.

«Гісторыя спробы майго вербавання не выключэнне.

Многім нашым за мяжой прыходзілі такія «цікавыя» прапановы.

Увосень 2021 года мне напісаў незнаёмы ў Telegram. Прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Пачаў пісаць, што ведае пра мяне шмат.

Ведае, што я не магу прыехаць на магілы сваякоў. Напісаў пра маршруты маёй маці — куды і як яна ездзіць. Казаў, што могуць сустрэцца з маёй маці.

Я яе, дарэчы, адразу пра гэта папярэдзіла. Супрацоўніка запрасіла прыехаць да мяне за мяжу.

Праз тры дні ён зноў пачаў пісаць мне. Маўляў, можа, ты ўспрымаеш гэта як жарт ці розыгрыш, але ўсё сур’ёзна, нашы намеры сур’ёзныя. Я яго проста заблакавала. Маёй прыяцельцы таксама паступалі такія прапановы. Ёй наогул прыслалі здымкі ўваходных дзвярэй кватэр маці і сваякоў. Іншым пісалі звесткі сваякоў, з прапіскай і гэтак далей. Я не ведаю, адкуль у іх такі інтарэс да мяне. Я даўно ўжо не актыўнічаю нідзе», — кажа Марына.

«Цяпер яны спрабуюць вербаваць пагалоўна ўсіх, каго затрымліваюць»

Былы начальнік упраўленьня ГУБАЗіК (цяпер ён у ініцыятыве ByPol) Аляксандар Азараў у каментарыі зазначыў, што цяпер міліцыянты «спрабуюць вербаваць пагалоўна ўсіх, каго затрымліваюць».

«Супрацоўніцтва з органамі — гэта добраахвотная справа. Лепш, вядома, не пагаджацца, нічога не падпісваць, не даваць інфармацыі, якая можа прывесці да затрымання іншых людзей. Вербаваць — ну такая задача опера. Калі сытуацыя невыносная, немагчыма адмовіцца і вы падпісалі паперы, варта звязацца з ByPol: мы параім, што рабіць далей», — кажа Аляксандар Азараў.

У арсенале аператыўнікаў мноства спосабаў і метадаў вербавання. Гэта могуць быць пагрозы, шантаж, абяцанні.

«Важна памятаць: верыць міліцыянтам нельга. Яны хлусяць, падманваюць. Цяпер слова супрацоўніка міліцыі не каштуе нічога.

Абяцанні «дапамагчы з кар’ерай», «вырашыць пытанні» — хлусня. Яшчэ такі момант: калісці архівы будуць адкрытыя і ўсе завербаваныя будуць вызначаныя. Трэба пра гэта памятаць. Вядома, пытанне: чалавек проста падпісаў паперы, ці ён «аказваў дапамогу» органам. Лепш усё ж супраціўляцца», — лічыць былы міліцыянт.

Тым, хто жыве не ў Беларусі і атрымлівае «прапановы» ў Telegram, ён раіць не размаўляць, не адказваць, адразу блакаваць гэты акаўнт.

«Пісаць такія прапановы — гэта іх праца. Але лепш не ўступаць у дыялогі. Нічога яны вам не зробяць», — упэўнены Аляксандар Азараў.

«Маёр Драбуцька ненавязліва пацікавіўся, ці не хачу я атрымаць «по е…у». Павел Батуеў у маляўнічых дэталях апісаў сваё зняволенне

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру