Эвакуацыйныя аўтобусы з ЛНР і ДНР. Фота: Алена Раманава / Facebook

Гэта досыць дзіўна: кіраўніцтва самаабвешчаных ДНР і ЛНР заклікала жыхароў рэспублікі «ў самыя кароткія тэрміны выехаць на тэрыторыю Расіі». Між тым Украіна раней не раз заяўляла, што не збіраецца вяртаць Крым і ўсход Данбаса сілай, а разлічвае толькі на дыпламатыю.

Кіраўніцтва краін Захаду, а таксама разведкі краін НАТА з восені папярэджвалі пра магчымы напад Расіі на Украіну на падставе абароны рускамоўных жыхароў Данбаса. Расія сканцэнтравала на межах Украіны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, каля 150 тысяч вайскоўцаў і перадавыя сістэмы ўзбраення, сярод якіх ракетныя комплексы «Іскандэр», авіяцыя і супрацьпаветраныя комплексы С-400.

СМІ паведамлялі таксама аб масавым прыбыцці байцоў расійскіх прыватных ваенных кампаній у Данбас.

Як гэта ўспрымаюць людзі на месцы? Мы звязаліся праз мэсэнджар з Фёдарам. Ëн пенсіянер, беларус па паходжанні, родам з Віцебскай вобласці, жыве ў Данецку з 1960-х.

«У нас з жонкай учора спачатку была паніка, — кажа Фёдар. — Адзін сын выехаў на працу ў Расію. А другі сын выехаў на працу ва Украіну, то ў Львове рабіў, то ў Кіеве. А цяпер акурат там у працы перапынак, і ён вярнуўся.

І тут — эвакуацыя. Але ў нас тут у нашым пад’ездзе расійскі афіцэр здымае кватэру, з сям’ёй. І мы глядзім, а ён нікуды сваю сям’ю не вывозіць. А, ну ясна,

— кажа жыхар Данецка. — Ніхто тут пакуль не эвакуіруецца, толькі карцінку паказваюць, пару аўтобусаў сабралі».

Сям’я Фёдара не мае намеру выязджаць нават у выпадку паўтарэння ваенных дзеянняў, аналагічных тым, што былі ў 2014 годзе.

«Нікуды мы не паедзем. Хто ў 2014-м выехаў, калі вярнуліся — а кватэры разрабаваныя».

Па словах суразмоўцы «Нашай Нівы», сітуацыя ў Данецку застаецца спакойнай, горад жыве звычайным жыццём.

У той жа час абстаноўка вакол Украіны застаецца напружанай.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў учора, што, на яго думку, Пуцін ужо прыняў рашэнне пра ўварванне ва Украіну, аднак дыпламатычнае вырашэнне не выключанае да самага апошняга моманту, пакуль гэтага не адбылося.

«У нас ёсць падставы меркаваць, што расійскія войскі плануюць і маюць намер атакаваць Украіну на бліжэйшым тыдні. У бліжэйшыя дні. Мы мяркуем, што іх мэтай можа стаць сталіца Украіны Кіеў, горад, дзе жыве 2,8 мільёна ні ў чым не вінаватых людзей», — сказаў Байдэн.

Падрыхтоўка да нападу на Украіну. Што адбываецца 19 лютага. Анлайн

Крылатыя ракеты з «Іскандэраў». Вось чаму Украіна не вытрымала б поўнамаштабнай вайны з Расіяй і Беларуссю

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру