Суразмоўцы пажадалі застацца ананімнымі, але крыху расказалі пра сябе:

«Мы некалькі вельмі розных беларусак і беларусаў, якім не ўсё адно: у нас розныя прафесіі, узрост, бэкграўнд. Мы пазнаёміліся падчас падзей выбараў 2020 і з тых часоў застаемся на сувязі: падтрымліваем адно аднаго, дапамагаем разам камусьці яшчэ. Кожны з нас асобна штодзень спрабуе зрабіць штосьці, каб жыць у вольнай Беларусі. Што заўгодна: пішам лісты палітвязням, раскідвалі ўлёткі і гэтак далей».

Пранкеры кажуць, што натхніліся акцыяй настаўніка, які разыграў былых калег. Але ў свой учынак заклалі важны пасыл.

«Лічым, што абавязак грамадзян — удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Мы даведаліся адно пра аднаго дзякуючы агульнаму палітычнаму дзеянню ў 2020-м. Таму мы папрасілі сфатаграфавацца настаўнікаў з двума крыжамі — сімвалам стратэгіі беларусаў супраць рэферэндуму Лукашэнкі».

Лісты нібыта ад «Белай Русі» разаслалі ў некалькі выпадкова абраных раёнаў у розных частках краіны.

«Шчыра кажучы, думак было шмат. Мы баяліся, што нас раскусяць (і, мяркуючы па рэакцыі ў праўладных телеграм-каналах, некаторыя школы гэта хутка зрабілі). Але было шмат і тых, хто кінуўся выконваць неіснуючы загад.

Нас здзівіла хуткасць першых адказаў. За 20 хвілін прачытаць ліст, раздрукаваць усе, сабраць калегаў, сфатаграфавацца, адправіць».

Усяго пранкерам прыйшло каля 30 адказаў з выкананым заданнем.

Пасля таго, як фота разляцеліся па сацсетках, гнеўных лістоў ад настаўнікаў ім не прыходзіла. Толькі адна са школ ужо пасля публікацый у медыя паспрабавала разыграць іх у адказ, даслаўшы здымак з адфоташопленым стэндам, на якім нібыта вісеў плакат пра рэферэндум з двума крыжамі.

Ад акцыі ў суразмоўцаў былі супярэчлівыя чаканні.

«У нейкі момант здавалася, што проста змарнавалі час: ну, не могуць жа людзі паверыць у ліст з незразумелага адрасу з абсалютна абсурдным заклікам. Хай сам ліст і быў падобны да рэальнага — мы стараліся максімальна прытрымлівацца патрэбнага стылю.

Па праўдзе, мы ацэньваем вынікі неадназначна. З аднаго боку, нам вельмі прыемна, што акцыя стала такой папулярнай. Сябры кажуць, што фатаграфіі настаўнікаў з крыжамі абмяркоўваюць нават таксісты. Дзесьці мемы бачылі з фотаздымкамі, якія нам даслалі са школ.

З іншага боку, у момант, калі мы адкрылі пошту і ўбачылі адказы з фота, мы афігелі. Прыйшло ўсведамленне, што мы адным фэйкавым лістом прымусілі сотню людзей з вышэйшай адукацыяй выслужыцца сістэме такім абсурдным чынам. Гісторыя магла б быць эпізодам «Чорнага люстэрка».

Яшчэ гэта многае кажа пра сістэму, якую будуе Лукашэнка. У ёй цэняцца вось такія паводзіны, калі табе сказалі — ты ўзяў і бяздумна выканаў. Такія паводзіны, напэўна, можна назваць бяспечным: калі што, гэта «начальнік так сказаў».

«Просьба» з нашага ліста была бяскрыўднай. Страшна ўсведамляць, што, хутчэй за ўсё, гэтак жа лёгка выконваліся загады пра фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. І вось такая выканаўчасць прывяла да таго, што ў нашай краіне тысяча палітвязняў, дзясяткі тысяч палітэмігрантаў, а нашы прадпрыемствы пад санкцыямі Захаду. Мы перакананыя, што адказнасць за гэта на кожным, для каго капеечная прэмія важней за гонар і сумленне.

Але ёсць і іншы момант. Мы ўсё яшчэ шчыра перажываем за тых, хто застаўся ў сістэме. Так, яны часам робяць нядобрыя рэчы, а тыя, хто здзяйсняў злачынствы, павінны панесці пакаранне. Але мы перакананыя, што там усё адно шмат добрых людзей, з якімі нам пасля разам жыць і развіваць краіну».

Чытайце таксама: 

Пранкеры плануюць новыя акцыі «ў падтрымку рэферэндуму», улады заклікаюць павысіць пільнасць

Беларус з фэйкавай пошты разаслаў у школы лісты з патрабаваннем правесці абмеркаванне Канстытуцыі. І атрымаў справаздачу

Хакеры прыкінуліся чыноўнікамі і адправілі бюджэтнікам газету з Бабарыкам на першай старонцы з просьбай яе пачытаць. «Даручэнне» выканалі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0