Аляксей Алексін займаецца продажам нафты і нафтапрадуктаў. А весці такі бізнес у Беларусі дазваляюць лічаным прадпрымальнікам. Акрамя таго, ён пастаўляе цыгарэты, валодае прадпрыемствам у мясаперапрацоўчай галіне, вядзе гатэльны бізнэс і іншыя.

Алексіну належыць сетка тытунёвых кіёскаў пад брэндам «Табакерка», а таксама кампанія «Энерга-Оіл», якая валодала эксклюзіўным правам прадаваць IQOS у Беларусі. 

Таксама Алексін з'яўляецца адным з саўладальнікаў нацыянальнага лагістычнага аператара «Брэміна Груп». Дарэчы, менавіта «Брэміна Груп» належыць гандлёва-лагістычны цэнтр «Брузгі», дзе да гэтага часу знаходзяцца мігранты. Таксама Алексін да чэрвеня мінулага года валодаў і МТБанкам. 

Што ж высветлілі журналісты-расследавальнікі? Згодна з іх звесткамі, у Алексіна быў рахунак у Credit Suisse з 36 мільёнамі швейцарскіх франкаў на ім, што прыкладна роўна 39 мільёнам долараў. 

Нюанс у тым, што рахунак быў адкрыты ў 2012-м, а закрыты ў 2014-м.

У 2012 годзе Алексін быў адным з асноўных менеджараў у «Трайпле» Юрыя Чыжа, іншага бізнэсоўца, якому ў мінулым прыпісвалі ролю «кашалька Аляксандра Лукашэнкі».

У той жа год, 23 сакавіка, сам Юрый Чыж і яго бізнэс-імперыя трапілі пад еўрапейскія санкцыі. Ёсць версія, што гэтыя $39 мільёнаў могуць належаць Юрыю Чыжу, які мог выводзіць грошы з-пад удару, перапісваючы іх на сваіх менеджараў. 

Алексін гэтую версію для «Нашай Нівы» ніяк не пракаментаваў. 

«Ну хай пішуць… не чытайце! Мне настолькі абыякава ўжо стала, што вы пра мяне пішаце… Вам не надакучыла яшчэ мяне паласкаць?» — сказаў нам Аляксей Алексін. 

Чытайце таксама: 

Машэнскі, Алексін, Пракапеня. Невядомыя факты пра бізнэсменаў з ТОП-10 новага рэйтынга

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
1
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру