Як паведаміла БелаПАН пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна, эксперты будуць займацца другім аглядам па праграме стэнд‑бай, а таксама правядуць кансультацыі па развіцці беларускай эканомікі за мінулы год і перспектывах на будучыню.

Для ўдзелу ў гэтых кансультацыях Беларусь 24—26 жніўня наведае дырэктар еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька.

У рамках работы місіі запланаваны сустрэчы ва ўрадзе Беларусі, Нацыянальным банку, Міністэрстве эканомікі, Міністэрстве фінансаў, Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле слоў Калядзінай, прадугледжаны таксама сустрэчы Белькі з вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі Беларусі.

Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту ў МВФ у кастрычніку 2008 года «ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму стэнд‑бай для Беларусі ў аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.

29 чэрвеня Савет дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у рамках дамоўленасці з уладамі Беларусі аб крэдыце стэнд‑бай. Пры гэтым фонд зацвердзіў выдзяленне чарговага транша крэдыту ў памеры 679,2 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў — да 3,52 млрд.

Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0