Праект мае тры звязаныя паміж сабой кампаненты, якія прысвечаныя адраджэнню беларускай мовы:

1. Donar.by, на якім можна завесці профіль «донара беларускай мовы» і дзе можна «ахвяраваць» свой голас. З дапамогай donar.by тысячы валанцёраў сабралі ўжо 1000 гадзін беларускага маўлення для Mozilla Common Voice, натрэніравалі камп'ютар, каб ён мог разумець беларускую мову, і агучылі ўсе заданні для «Мовы прафесіі». А ці ёсць там ваш голас?

2. Непасрэдна mova.pro — мабільны дадатак, дзе можна практыкаваць беларускае маўленне і прайсці сертыфікацыю.

3. say.by, дзе можна пабачыць кампаніі, якія падтрымліваюць беларускую мову, і супрацоўнікі якіх ужо атрымалі сертыфікаты, На say.by можна знайсці профілі «донараў мовы» і нават паслухаць, як гучаць іх галасы.

На гэты момант ёсць наступныя сферы:

  • Кавярні
  • Крамы
  • Запраўкі
  • ІТ
  • Кол-цэнтры
  • Піваварэнне
  • Музыка
  • Асновы

Галоўны прынцып — дадатак размаўляе з вамі па-беларуску і прымушае вас гаварыць па-беларуску з ім. І, канешне ж, хваліць вас, калі атрымліваецца добра!

У дадатку можна:

  • Паслухаць, як гучыць слова ці выраз
  • Паслухаць і абраць правільнае вымаўленне
  • Прачытаць тэкст ўголас
  • Адказаць на пытанне ўголас
  • Паўтарыць сказанае
  • Запісаць пад дыктоўку
  • Пералічыць рэчы на выяве
  • Абраць выяву, якая адпавядае сказанаму
  • Вывучыць неабходныя фразы

Акрамя прафесійных сфераў, дадатак знаёміць з асаблівасцямі беларускай фанетыкі, асновамі ветлівасці ды іншымі агульнымі тэмамі.

Праграму распрацоўвалі дзясяткі IT-спецыялістаў, навукоўцаў і мовазнаўцаў, а правільнасць беларускай мовы ў заданнях правяраў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Яшчэ на этапе бэта-версіі некаторыя супрацоўнікі мінскіх кампаній прайшлі сертыфікацыю, а цяпер, у дзень Роднай мовы, запусцілі цікавую супольную акцыю!

Першыя 80 чалавек, якія пройдуць сертыфікацыйныя заданні у сферы кавярняў, атрымаюць бясплатную каву ад кавярняў «Над Нямігай», «Апостраф кава», «Лава Кавы», «Лаўндж-Бар «СЛЭШ».

Пасля таго, як чалавек праходзіць сертыфікацыю, яму прапаноўваюцца месцы, дзе яшчэ засталася кава ў падарунак. У гэтых месцах, будзьце ўпэўненыя, з вамі будуць размаўляць па-беларуску!

А вось кампанія АЗС А-100 21-га і 22-га лютага падорыць кожнаму зніжку ў 50% на хот-дог і залічыць яе на бірульку, калі вы атрымаеце сертыфікат валодання беларускай мовы.

Забраць сваю каву ці скарыстацца зніжкай можна да 28-га лютага.

Будуць дзейнічаць у гэтыя дні і павышаныя «зніжкі за мову». Калі вы будзеце размаўляць па-беларуску падчас замовы, кампанія за гэта падорыць зніжку. Напрыклад, на АЗС А-100 у дзень Роднай мовы будзе 25% зніжка на каву або грыль, а ў кавярні «Лава-кавы» — 50% на каву.

Усё больш і больш кампаній пачынаюць падтрымліваць беларускую мову, што добра ўспрымаецца беларусамі, якія прагнуць адраджэння сваёй роднай мовы!

Клас
5
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру