Пуцін папярэдзіў сваю галоўную палітычную заяву вытрыманым у жорсткай і бескампраміснай імперскай рыторыцы гістарычным экскурсам. Украіна, паводле яго, была створана Расіяй, перадусім у савецкі час. Тэрыторыі ў Украіну нібыта перадаваліся адвольна, без уліку этнічнага фактара. Ленін і іншыя нібыта рабілі Украіне «шчодрыя падарункі», задавальнялі «хацелкі нацыяналістаў». Мінулае, маўляў, не змяніць, але гэта трэба казаць і прымаць пад увагу пры прыняцці цяперашніх палітычных рашэнняў. 

Украіну Пуцін назваў «Украінай імя Уладзіміра Ільіча Леніна, ён яе аўтар і архітэктар». Тое, што ўкраінцы правялі дэкамунізацыю — чорная няўдзячнасць. І пасля таго Пуцін перайшоў да пагрозаў: «Вы хочаце дэкамунізацыі? Што ж, гэта нас цалкам задавальняе».

Сталін, на думку Пуціна, фактычна ленінскія прынцыпы адкінуў на практыцы, і за гэта маладзец, але не зрабіў галоўнага - не ліквідаваў нацыянальныя рэспублікі. А галоўнае — не прыбраў «міну» ў выглядзе фармальнага права выхаду з СССР. І «міна» выбухнула ў канцы 1980-х. Пуцін жорстка крытыкуе тагачасныя ўлады СССР і Расіі, што папусціліся «нацыяналістам» і на хвалі дэмакратызацыі далі нацыянальным рэспублікам шырокія правы, рэальную самастойнасць. СССР для Пуціна — адназначна «гістарычная Расія».

Расія, па словах Пуціна, прызнала рэчаіснасць і шмат памагала былым савецкім рэспублікам, прыняла на сябе ўвесь савецкі доўг і цалкам па яму разлічылася. Але тыя аказаліся «няўдзячнымі», Кіеў нібыта не адмовіўся ад прэтэнзій на замежную і іншую маёмасць СССР. Але добрая Расія ўсё адно ўсё даравала, хоць партнёрства ператварылася ў сядзенне на шыі. А галоўнае — Украіна стала аспрэчваць тое, «што нас аб'ядноўвае». Ва Украіне, паводле Пуціна расцвілі русафобія і нацызм. 

Паколькі Украіна, маўляў, не мела традыцыі ўласнай дзяржаўнасці і пачала пераймаць чужыя ўзоры ад «геапалітычных праціўнікаў Расіі». І нават калі нейкія палітычныя сілы першапачаткова выступалі з прарасійскіх пазіцый, пасля перараджаліся і патраплялі пад уплыў «радыкалаў», якія навязвалі сваю волю «слабой уладзе». І тады замянялі «ісцінныя інтарэсы» народа рознымі этнічнымі прыдумкамі. А ў 2014 годзе «радыкалы» ўвогуле зрабілі дзяржаўны пераварот, вядома, праплачаны звонку. Пасля таго радыкалы, маўляў, зладзілі пераслед, «сапраўдны тэрор» над апанентамі, у якасці прыкладу згадваецца трагедыя ў Адэсе вясной 2014 годзе.

«Майдан не наблізіў Украіну да дэмакратыі», Пуцін намаляваў апакаліптычную карціну цалкам разбуранай краіны. А прычына таго, што «пасаг» ад Савецкага Саюза і Расійскай імперыі прагулялі і распіхалі па кішэнях. Спынілі працу ці значна яе абмежавалі многія гіганты савецкай прамысловасці, газаправоды і нафтаправоды «обветшали». Украіна, маўляў, «загнаная пад знешняе кіраванне», а да народа няма нікому справы. Няма ў Украіне і незалежнага суда (у адрозненне, відаць, ад Расіі). Слабыя поспехі, на думку Пуціна у барацьбе з карупцыяй, Украіна, як ён сцвярджае, — калонія з марыянеткавым рэжымам.

Працягваецца дэрусіфікацыя і дэнацыяналізацыя, руская мова адусюль выганяецца. Закон аб люстрацыі выкарыстаны для рэпрэсій. Працягвае рыхтавацца расправа над РПЦ Маскоўскага патрыярхату, Царква «цынічна ператворана ў інструмент дзяржаўнай палітыкі». 

Шмат месца прысвечана дэманізацыі Украіны як агрэсіўнай дзяржавы ў ваенным сэнсе, у тым ліку нямала Пуцін гаварыў пра пагрозу стварэння Украінай ядзернай зброі. Дзейнасць украінскай арміі — пад кантролем замежных дарадцаў, яна напампоўваецца ўзбраеннямі. Праз яе праводзіць сваю захопніцкую палітыку агрэсіўны блок НАТА ў цэлым і яго лідар ЗША ў прыватнасці. Амерыканцы выкарыстоўваюць Украіну і Грузію, і гэта пагроза Расіі. Немалы фрагмент прамовы прысвечаны НАТА і ягонай падступнасці.

Захад абвінавачваецца ў падтрымцы тэрарызму на Паўночным Каўказе, адмове прыслухоўвацца да прапаноў Расіі і пашырэння НАТА. Прычына таму — што ім не патрэбная такая вялікая Расія і яны хочуць яе знішчыць. Сітуацыя «працягвае дэградаваць», ЗША і ўвесь НАТА пастаянна ўзбройваецца з думкай пра знішчэнне Расіі. Расія для НАТА — галоўны вораг, а галоўны плацдарм барацьбы — Украіна. Продкі б, маўляў, не паверылі, але гэта так. А расійскія «міралюбныя» ініцыятывы ўсе адрынаюцца.

Пуцін папярэдзіў расійскі народ, што будуць новыя санкцыі, бо нібыта што б Расія не рабіла, яны будуць усё адно. І Расія мае, маўляў, права рабіць захады ў адказ. 

На Данбасе Украіна не выконвае Мінскіх дамоўленасцяў, «зноў» рыхтуе бліцкрыг. Гучаць словы «генацыд» і «пячорны нацыяналізм». Расія са свайго боку нібыта ўсё выконвае, але ў Кіеве нічога не мяняецца.

У такіх умовах прынята рашэнне прызнаць незалежнасць «ДНР» і «ЛНР» і падпісаць з імі дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве. Межы прызнаных «рэспублік» адмыслова не акрэсліваліся. А гэта пытанне вельмі важнае, бо ад яго залежыць, ці будзе вайна проста цяпер. 

Падпісанне адпаведных указаў і дамоваў з кіраўнікамі «ЛНР» і «ДНР» адбылося адразу пасля абвяшчэння Пуціным аб прызнанні «рэспублік». 

Што было раней

 Перад гэтым на тэрміновай нарадзе расійскай Рады бяспекі, якая адбылася пад старшынствам Уладзіміра Пуціна 21 лютага ў першай палове дня, а транслявалася праз некалькі гадзін, акурат абмяркоўваліся пытанні абвастрэння сітуацыі на Данбасе і прызнання незалежнасці самаабвешчаных рэспублік.

Усе ўдзельнікі нарады выказаліся за прызнанне рэспублік, пасля чаго Пуцін паведаміў, што ўсіх пачуў і прыме канчатковае рашэнне сёння. Цяпер рашэнне прынятае, і гэта многае мяняе не толькі для Расіі і Украіны, але і для ўсяго свету.

Цяпер многае залежыць ад таго, як на гэта адрэагуюць краіны Захаду, перш за ўсё ЗША і вядучыя краіны Еўрасаюза. Атрымае ці іх суровая рыторыка з папярэджаннямі Пуціна, што падобныя дзеянні будуць мець вельмі сур'ёзныя наступствы, нейкае практычнае ўвасабленне, ці Расія зноў абыдзецца эканамічнымі і асабістымі санкцыямі, якія хоць і ўскладняць яе жыццё, але смяротнымі для кіроўнага рэжыму не будуць.

У чаканні рашэння Пуціна заходнія лідары правялі некалькі важных перамоў і зрабілі некаторыя заявы. Пасля пасяджэння Рады Бяспекі РФ з Уладзімірам Пуціным паразмаўляў канцлер ФРГ Олаф Шольц, а пасля нямецкі лідар абмеркаваў сітуацыю з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. 

Еўрасаюз заклікаў Расію не прызнаваць незалежнасць «ДНР» і «ЛНР», пра гэта заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Паводле яго, краіны ЕС «адзіным фронтам» адрэагуюць на прызнанне Расіяй незалежнасці Данецка і Луганска. Таксама Барэль папярэдзіў Беларусь, што краіна «страціць суверэнітэт», калі яе тэрыторыя будзе выкарыстана для нападу на Украіну.

У той жа час, як паведамляў загадзя Крэмль, Пуцін адкрыў свае намеры Шольцу і Макрону загадзя, таму для іх ягонае рашэнне не стала нечаканасцю. Яны, калі верыць расійскім СМІ, выказалі расчараванне ягоным рашэннем, але разам з тым «абазначылі гатоўнасць да працягу кантактаў».

Уладзімір Зяленскі ў чаканні звароту расійскага прэзідэнта з рашэннем па «ДНР» і «ЛНР» сабраў тэрміновую нараду Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, яе пасяджэнне прызначана на той самы час, што і выступ Пуціна.

Усе апошнія дні расійскія СМІ няспынна перадаюць інфармацыю пра ўсё новыя і новыя інцыдэнты на Данбасе. Нават у чаканні выступлення Пуціна прыйшла «маланка», што ў Луганску ўзарваўся аўтамабіль прадстаўніка ЛНР у Сумесным цэнтры кантролю і каардынацыі пытанняў спынення агню і стабілізацыі абстаноўкі на паўднёвым усходзе Украіны. У арганізацыі падобных актаў Расія пастаянна абвінавачвае ўкраінскі бок, але той гэта цвёрда аспрэчвае. 

Чытайце таксама:

Расія прызнала незалежнасць ДНР і ЛНР. Што будзе далей? Вайна?

На расійскай Радзе бяспекі абмеркавалі прызнанне «ДНР» і «ЛНР». Усе за, рашэнне будзе прынятае сёння

Галоўнае пытанне зараз — у якіх межах Расія прызнае так званыя «Данецкую» і «Луганскую народныя рэспублікі»

Крэмль: Прызнанне самаабвешчаных рэспублік не карэлюецца з Мінскімі пагадненнямі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0