Кіраўнікі Еўракамісіі і Еўрапейскай рады назвалі тое, што адбылося 21 лютага ў Маскве, парушэннем міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама прыгразілі новымі санкцыямі.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг напісаў у Twitter: «Я асуджаю прызнанне Расіяй «ДНР» і «ЛНР» ва Украіне. Гэта разбурае намаганні па вырашэнні канфлікту і парушае Мінскія пагадненні. НАТА падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы заклікаем Маскву спыніць распальванне канфлікту і выбраць дыпламатыю».

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан сказаў, што прызнанне самаабвешчаных рэспублік з боку Расіі — парушэнне міжнароднага права, парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, адмова ад мінскага працэсу і мінскіх пагадненняў.

Улады розных краін Еўрасаюза адрэагавалі на рашэнне Масквы выразна негатыўна. Паводле МЗС Даніі, гэта відавочна варожае рашэнне.

Рашуча настроеныя краіны Балтыі і Польшча, якія і раней актыўна падтрымлівалі Украіну. Латвія заклікала неадкладна ўвесці санкцыі супраць Расіі. Старшыня Сейма Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што ініцыюе рэзалюцыю аб тым, каб змена статуса Данбаса не будзе ніколі прызнаная. Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў тэрмінова склікаць пасяджэнне Еўрапейскай рады і накласці на Расію санкцыі за прызнанне «ЛНР» і «ДНР».

Турцыя не прызнае «ЛНР» і «ДНР» і лічыць дзеянні Расіі парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Адпаведнае паведамленне з'явілася на сайце МЗС Турцыі.

Урад Японіі сумесна з ЗША плануе ўвесці фінансавыя санкцыі ў дачыненні да РФ і спыніць у Расію экспарт паўправаднікоў у Расію. Таксама Японія плануе прыпыніць экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.

«Рашэнне Пуціна па Данбасе цалкам мяняе сусветны парадак», — заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. І дадаў, што ў Сербііі «ёсць 85% грамадзян, якія, што б ні здарылася, як бы ні будуць на баку Расіі. І гэта факты, з якімі я як прэзідэнт Рэспублікі сутыкаюся». Сербскаму кіраўніцтву давядзецца яшчэ рабіць выбар, і ён яўна няпросты.

Ёсць і такія краіны, кіраўніцтва якіх прымае бок Масквы без ваганняў і агаворак. Надзвычай залежны ад падтрымкі Расіі лідар Сірыі Башар Асад адразу паведаміў, што Дамаск будзе гатовы прызнаць «ЛНР» і «ДНР». Натуральна, не маглі прыняць іншага рашэння і гэтакім жа чынам прызнаныя Расіяй Паўднёвая Асеція і Абхазія.

Таксама заявілі пра намер прызнаць «ДНР» і ЛНР» лацінаамерыканскія саюзнікі Масквы — Венесуэла, Нікарагуа і Куба. Ёсць у яе і больш экзатычныя кліенты — прыхільнікі руху хусітаў у Емене, за якімі стаіць Іран.

Аляксандр Лукашэнка пакуль што ніякіх афіцыйных заяў па Данбасе не рабіў, але яму, улічваючы татальную цяперашнюю залежнасць ад Масквы і наяўнасць на тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў, адкруціцца будзе цяжка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру