ЗША маюць намер у аўторак абвясціць новыя санкцыі супраць Расіі як адказ на прызнанне Масквой незалежнасці ДНР і ЛНР, піша Reuters са спасылкай на заяву прадстаўніка Белага дома.
«Мы плануем абвясціць новыя санкцыі супраць Расіі заўтра (аўторак 22 лютага), як адказ на сённяшнія (панядзелак) пастановы і дзеянні Масквы», — сказаў ён.
Прадстаўнік Белага дома дадаў, што Вашынгтон каардынуе заяву з саюзнікамі і партнёрамі.
Раней прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў указ аб уводзе санкцый у дачыненні да ДНР і ЛНР. Згодна з палажэннямі дакумента, амерыканскім грамадзянам забараняецца весці гандаль з ДНР і ЛНР, інвеставаць у іх эканоміку, а таксама экспартаваць туды тавары амерыканскай вытворчасці або ўвозіць у ЗША тавары з гэтых «рэспублік».
Дзяржсакратар Энтані Блінкен тлумачыў, што ўказ накіраваны на тое, каб не даць Расіі атрымаць выгаду ад прызнання «ДНР» і «ЛНР».