«Для Беларусі гэта будзе скатванне да узроўню Асеціі на міжнароднай арэне»

Ягор Лебядок мяркуе, што для Лукашэнкі цяпер пытанне прызнання «ЛНР» і «ДНР» ‒ гэта пытанне гандлю.

«Магчымае выпадзенне $2—4 млрд экспарту ва Украіну, прызнанне можа пацягнуць за сабой новыя санкцыі, якія пакуль не зусім зразумелыя. Каб зразумець іх і ацаніць шкоду ад прызнання, мае сэнс для Лукашэнкі крыху пачакаць з прызнаннем, для «выстаўлення рахунка» Пуціну.

Хуткае прызнанне з боку Лукашэнкі «ЛНР» і «ДНР» сведчыла б аб тым, што або цана ўжо абгавораная і прымальная, або запасу палітычнай і эканамічнай трываласці пярэчыць волі Пуціна ў Лукашэнкі няма», —мяркуе эксперт.

Таксама Ягор Лебядок разважае пра міжнародныя наступствы прызнання. На яго думку, досвед прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі сведчыць, што не хутка, але ад гэтай сітуацыі рана ці позна стомяцца, і самі заходнія краіны будуць прасіць Расію вярнуцца да дыскусій і перамоваў для гарантавання стратэгічнай бяспекі.

«Цікава, ці будуць на трэці раз працяглыя стратэгічныя дзеянні сусветнай супольнасці, або зноў праглынуць да наступнага канфлікту праз некалькі гадоў», — разважае ён.

Што тычыцца выкарыстання гэтай сітуацыі для ўнутрырасійскага спажыўца і Пуціна як «збіральніка зямель рускіх», то верагодна, лічыць Лебядок, уключэнне «ЛНР» і «ДНР» не ў склад Расіі, «каб гэта пакуль не занадта агаліла для свету расійскі нацыянальны шавінізм», а ў склад так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Для маштабнасці зрабіць гэта можа сумесна з прыняццем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

На думку Лебядка, у выпадку прызнання Аляксандрам Лукашэнкам «ЛНР» і «ДНР», наўрад ці варта будзе чакаць з боку заходніх краін дадатковыя санкцыі яшчэ і за Асецію і Абхазію — «усё пойдзе ў сукупнасці», таму іх прасцей прызнаць цяпер.

Але калі для Асеціі і Абхазіі уваходжанне ў Саюзную дзяржаву стане нейкім вялікім прызнаннем і паспрыяе паляпшэнню эканомікі, то

«для Беларусі гэта будзе як раз наадварот — скатванне да іх узроўню на міжнароднай арэне з павышэннем рызыкі вайны ў перспектыве», — мяркуе Лебядок.

Далейшае размяшчэнне расійскіх войскаў у Беларусі абумоўленае не толькі ціскам на заходнія краіны і Украіну ў апісаных вышэй мэтах, але і ў прынцыпе нарастаючым з 2020 года пашырэннем расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі, мяркуе эксперт.

«Нават пасля правядзення вучэнняў колькасць расійскіх войскаў у Беларусі — гэта закрытае пытанне для беларускага грамадства. Невядомая і дакладная колькасць расійскіх войскаў у вучэбна-баявых цэнтрах. Не паведамяць і колькасць расійскіх войскаў, якія застануцца надалей. Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка і Ко мяркуюць, што беларусам ведаць гэта не належыць».

Знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі, паводле Лебядка, верагодна, паслужыць нагодай для ўзмацнення краін НАТА і Украіны.

«Такім чынам, нас ўсё больш зацягвае ў варонку эскалацыі, усё больш падвяргаем сябе рызыцы вайны», — рэзюмуе Лебядок.

«Дэманстрацыя таго, як важна дапамагаць былым імперыям выйсці з посттраўматычнага сіндрому»

Арцём Шрайбман мяркуе, што «прамова Пуціна — гэта вельмі выразная дэманстрацыя таго, як важна дапамагаць былым імперыям адразу пасля калапсу выйсці з посттраўматычнага сіндрому (ці не ўвайсці ў яго)».

Шрайбман мяркуе, што для Беларусі не так важны «данбаскі чыжык, якога, здаецца, вырашыў з'есці Пуцін, не дамогшыся ад Захаду запатрабаваных саступак», як важны падыход Пуціна і яго атачэння да сучаснага статус-кво як другаснага.

Важна запомніць памылкі працы з гэтымі траўмамі ў той час, пакуль іх можна было лячыць, лічыць Шрайбман.

«Магчыма, нашаму пакаленню давядзецца прадухіляць такія ж праблемы ў тых, чыёй траўмай будзе канец Расіі Пуціна і Беларусі Лукашэнкі», — гаворыць ён.

«Варыянтаў не прызнаваць няма»

Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале робіць прагноз, што цяпер у жывым эфіры ўсе назіраюць пачатак фінальнага этапу скону «саўка».

Ён ставіць пытанне, ці ёсць варыянты ў афіцыйнага Мінска не прызнаць «ЛНР» і «ДНР».

На думку эксперта, ва ўмовах татальнай залежнасці пасля 2020-га, поўнай блакады на Захадзе і ваенных вучэнняў з прысутнасцю расійскіх войскаў, варыянтаў не прызнаваць няма.

Як на гэта адрэагуе Украіна? Тут, паводле эксперта, таксама ўсё прагназуема.

«Якія варыянты ў Зяленскага, калі такое прызнанне адбудзецца? Ніякіх. Толькі ўводзіць санкцыі і цалкам спыняць гандаль. Альтэрнатыва — палітычная смерць»,— лічыць Кузняцоў.

Далей, паводле яго, усё будзе таксама проста. І сумна.

«Каліем хутка можна будзе зарплаты ў залік выдаваць, а тут яшчэ і плошчы Мазырскага НПЗ можна будзе здаваць пад офісы. Дадамо сюды немінучыя новыя эканамічныя санкцыі і атрымаем альбо хуткі калапс у адзіночку, альбо больш павольны, але разам з Масквой».

Бо Расія пры такім раскладзе сама трапляе ў канфрантацыю, у першую чаргу эканамічную, з Захадам. Акрамя таго, яна будзе вымушаная фінансаваць новаздабытых «незалежных» суседзяў, і былых «саюзнікаў», якія сваё саюзніцтва пацвердзяць прызнаннем.

«Таму фінал, ранні або позні, крывавы або бяскроўны, усё роўна прадказальны. У спіралі эскалацыі выйграе заўсёды больш эканамічна ўстойлівы ‒ так было заўсёды ў гісторыі роўна з таго моманту, як людзі перасталі ваяваць дубінамі і перайшлі на іншы ўзровень», — кажа Пятро Кузняцоў.

 Расія прызнала незалежнасць «ДНР» і «ЛНР». Што будзе далей? Вайна?

«Саюзная дзяржава цяпер нарэшце і праўда існуе». Што расійскія СМІ пішуць па выніках сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0