Пытанне, на якіх межах прызнаных учора «ДНР» і «ЛНР» вырашыць урэшце спыніцца Крэмль — не банальнае. Бо ёсць межы, заяўленыя «рэспублікамі» яшчэ падчас іх узнікнення 8 гадоў таму, то-бок адміністрацыйныя межы ўкраінскіх Данецкай і Луганскай абласцей. А ёсць тая лінія, якая склалася пасля баявых дзеянняў 2014—2015 гадоў фактычна і якая складае прыблізна траціну ад афіцыйна заяўленай тэрыторыі.

Яўна невыпадкова тое, што ні ў вельмі працяглым спічы Пуціна, ні ў падпісаных пасля яго дакументах пытанне межаў «ДНР» і «ЛНР» не акрэсліваецца ніяк. І таму пакідаецца вялікая прастора для інтэрпрэтацый. Не толькі сярод экспертаў і назіральнікаў, але нават у саміх расійскіх палітычных колах.

Першая заява пра гэта з вуснаў расійскага чыноўніка стала распаўсюджвацца расійскімі СМІ ўчора позна ўвечары. Сенатар ад Пермскага края, намеснік кіраўніка камітэта па міжнародных справах Савета Федэрацыі Андрэй Клімаў сказаў, што «ДНР» і «ЛНР» прызнаныя ў тых межах, у якіх яны цяпер дэ-факта знаходзяцца.

Ужо сёння зранку з'явілася новая, супярэчная папярэдняй заява ад асобы прыблізна такога ж узроўню — старшыні думскага камітэта па справах СНД Леаніда Калашнікава. Ён сказаў ужо пра тое, што Дума збіраецца прызнаваць «рэспублікі» ў межах Данецкай і Луганскай абласцей.

Неўзабаве аспрэчыла першая намесніца старшыні камітэта па міжнародных справах Дзярждумы Святлана Журава, а пасля і ён сам адмовіўся ад сваёй папярэдняй інтэрпрэтацыі, праўда, з няўцямнай фармулёўкай: «Гэта пагадненне аб супрацоўніцтве паміж краінамі ў тых межах, у якіх яны сябе адчуваюць, звяртайцеся да іх».

Межы, у якіх сябе нехта «адчувае», паняцце не надта юрыдычнае. Вось у «ЛНР» віцэ-спікер мясцовага «парламента», напрыклад, ужо запатрабаваў ад Украіны адвесці войскі да мяжы Луганскай вобласці: «Наша тэрыторыя — уся Луганская вобласць, мы заклічам Украіну добраахвотна адвесці войскі, інакш будуць прынятыя меры». А ў «ДНР» пра тое, што ў склад гэтага ўтварэння мусіць уваходзіць уся Данецкая вобласць, сказаў сам яе лідар Дзяніс Пушылін. Але, зноў жа, пасля ён заявіў, што гэтае пытанне будзе «рашацца пазней».

Трэба думаць, што такія ўзаемнасупярэчныя заявы і інтэрпрэтацыі будуць з’яўляцца і пазней, калі найбліжэйшым часам не з’явіцца дакумент, у якім пытанне межаў будзе прапісана максімальна канкрэтна. А ён можа і не з’явіцца, бо Пуціну выгадная няпэўнасць па гэтым пытанні.

Невыпадкова, што калі следам за фігурамі яўна другаснага значэння — кіраўнікі саміх «рэспублік» сярод іх, бо яны нічога ў такіх справах не вырашаюць, — на гэтую тэму выказаліся і на больш высокіх узроўнях, то зноў узнікла супярэчнасць.

Калі МЗС Расіі заявіла, што Масква прызнае «ДНР» і «ЛНР» «у тых межах, у рамках якіх кіраўніцтва рэспублік ажыццяўляе свае паўнамоцтвы», то прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў пра «тыя межы, у якіх яны былі абвешчаныя і існуюць».

Туман напускаецца яўна свядома. Выказванні асобных палітыкаў і чыноўнікаў нікога ні да чаго не абавязваюць, могуць быць лёгка дэзавуяваныя як «асабістая думка». Афіцыйныя заявы фармулююцца так, каб захоўвалася магчымасць іх рознай інтэрпрэтацыі.

Але ў той жа час усё гэта цудоўна надаецца для таго, каб адсочваць рэакцыю і грамадскай думкі, і думкі міжнароднай супольнасці. І з улікам гэтага прымаць ужо рэальныя рашэнні.

Важнасць пытання заяўленых межаў «прызнаных рэспублік» не чыста тэарэтычная, ад адказу на яго залежыць у тым ліку тое, будзе вялікая вайна найбліжэйшым часам ці не.

Тактычна Пуцін цяпер у выйгрышным становішчы, бо мае розныя варыянты наступных дзеянняў, сярод якіх, відаць, ёсць і часовае спыненне эскалацыі ды адвод войскаў ад мяжы з Украінай без страты твару. Здабычу пад пахай расійскі правадыр па-любому ўжо панясе, таму адказ на пытанне, навошта было патрэбна ўсё гэта нагнятанне апошніх месяцаў, у яго, калі што, ёсць, і яго цяжка аспрэчваць.

Калі Пуцін абмяжуецца прызнаннем «ДНР» і «ЛНР» і зараз спыніцца на іх межах, якія склаліся дэ-факта, то рэальных ваенных дзеянняў чакаць у рэгіёне ў найбліжэйшы час наўрад ці выпадае.

Бо ў палітычным сэнсе прызнанне «рэспублік», вядома, вельмі важная падзея, але ў рэальнай расстаноўцы сілаў у рэгіёне яна мяняе не так шмат. Бо Пуцін ў такім разе не займае новых тэрыторый, ён фактычна толькі легалізуе сваю прысутнасць там, дзе яна была і без таго ўсім відавочная.

У новай рэальнасці Расіі проста не трэба будзе больш хавацца, робячы ў Данбасе выгляд, што «нас там нет», вайна робіцца менш гібрыднай. Неабмежавана ж выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю ў тым ліку і як ваенны плацдарм Пуцін меў усе магчымасці і да таго, ніхто яго на ёй не мог кантраляваць. І калі цяпер гэтым усё і абмяжуецца, то Захаду цяжэй будзе знайсці стымул, каб неадкладна караць Крэмль з выкарыстаннем усіх сваіх магчымасцяў.

Бо так, гэта крок надзвычай дзёрзкі, ён нават не на мяжы, але яўна і за мяжой фолу. Але ж сутнасна мяняецца не так шмат, толькі што маскі скінутыя.

То, можа, і не варта запускаць усе механізмы стрымлівання, якія рыкашэтам б’юць і па нас саміх? Яўна такія думкі будуць узнікаць у галовах многіх заходніх палітыкаў, асабліва тых, якія і раней не асабліва хацелі сварыцца з Пуціным і ішлі на гэта толькі па неабходнасці: надта ўжо нахабна ён сябе паводзіў.

Падобная сітуацыя, дарэчы, была і ў 2008 годзе. Чаму Захад дастаткова вяла рэагаваў на дзеянні Расіі ў 2008 годзе ў Паўднёвай Асеціі і не прымаў ніякіх істотных захадаў супраць яе ў якасці рэакцыі на прызнанне дзвюх каўказскіх рэспублік? Уплывалі на гэта, вядома, розныя фактары: і агульнае нежаданне заходніх палітыкаў і грамадстваў ваяваць, і залежнасць Еўропы ад эканамічных гешэфтаў з Расіяй, і закладзены самімі заходнімі палітыкамі за некалькі месяцаў да таго прэцэдэнт з прызнаннем Косава. Але сярод іншых матывацый яўна была таксама і такая, што хоць тыя рэспублікі фармальна і лічыліся часткай Грузіі, але дэ-факта ніякай грузінскай улады ў іх ужо шмат гадоў не было. Затое быў аграмадны фактычны ўплыў Расіі, і што з тымі рэспублікамі ўвогуле рабіць — ніхто не ўяўляў. Таму пэўная легалізацыя фактычнага стану рэчаў не ўспрымалася, нягледзячы на афіцыйныя заявы, як нешта зусім непрымальнае. Хай Пуцін бярэ, усё адно гэта даўно ўжо ягонае фактычна, абы толькі далей не ішоў…

Пуцін далей пайшоў ужо праз шэсць гадоў, у 2014 годзе. І зноў рэакцыя на ягоныя дзеянні была хоць і больш жорсткая, чым раней, але цярпімая.

А ўчора Пуцін зрабіў тое, што ніхто ў свеце больш сабе не дазваляе, чарговы раз. І цяпер ён са з’едлівай ухмылкай можа зноў глядзець на заходніх лідараў: ну, і што вы мне зробіце?

Невыпадкова і сам Пуцін, і людзі з ягонага найбліжэйшага атачэння адкрытым тэкстам кажуць, што не сумняюцца ў накладанні санкцый, але да іх гатовыя. Значыць, упэўненыя, што нічога сапраўды сур’ёзнага супраць іх не ўвядуць. Прынамсі, за прызнанне «ДНР» і «ЛНР» у фактычна кантраляваных сепаратыстамі межах.

І варта прызнаць, што калі пуцінскія апетыты цяпер абмяжуюцца гэтымі межамі, і за іх ён выходзіць не стане, то ёсць вялікая верагоднасць таго, што так і будзе. Прымаць сапраўды сур’ёзныя меры менавіта з-за гэтых тэрыторый можа аказацца ніхто асабліва не гатовы — ні Украіна, ні яе заходнія саюзнікі. Хоць бы таму, што яўна пачнуцца дыскусіі: а лічыць гэты акт нападам на Украіну, за што абяцаліся аўтаматычныя цяжкія санкцыі, ці не? Украіна ж усё адно гэтыя тэрыторыі не кантралявала…

Вядома, нейкія новыя санкцыі будуць уведзеныя. Але калі яны акажуцца зноў «адчэпнымі» і не будуць біць па самых асновах расійскай эканомікі ды сур’ёзна кранаць шкурныя інтарэсы расійскіх элітаў, а да таго ж будуць захоўвацца шырокія магчымасці для іх абыходу, то гэты механізм асабліва працаваць не будзе.

Таму, па логіцы, Пуціну на гэтым этапе нявыгадна за фактычна кантраляваныя сепаратыстамі межы выходзіць, утрыманне ў іх дае яму магчымасць легалізаваць чарговыя тэрытарыяльныя набыткі малой крывёй. Што дазволіць адначасова і пацешыць асабістыя амбіцыі, і, верагодна, зноў павялічыць унутраны палітычны рэйтынг. Выхад жа за гэтыя межы азначае непазбежную рэальную вайну з непрагназаванымі наступствамі.

Але і сусветная гісторыя, і асабістая біяграфія Пуціна сведчаць, што звычайная логіка ў такіх выпадках не заўсёды працуе. Як правіла, заваёўнікі і «збіральнікі земляў», увайшоўшы ў смак, спыніцца ўжо не асабліва здольныя.

Таму калі Пуцін і вырашыць узяць паўзу цяпер, то гэта не будзе працягвацца надта доўга. Калі ўчарашні акт не будзе шмат каштаваць яму і ягонаму атачэнню, то наступнай эскалацыі трэба будзе чакаць ужо неўзабаве. А калі рэакцыя будзе зусім бяззубая, то рашэнне, што межы «ДНР» і «ЛНР» больш шырокія, можна прыняць і ўвогуле неадкладна.

Тым больш калі туманныя фармулёўкі захаваюць для гэтага прастору.

Чытайце таксама:

Прадчуванне вайны і перадзелу. Не толькі з боку Расіі? — меркаванне

МЗС Расіі заявіла, што Расія прызнае ДНР і ЛНР у межах іх улады. Але каментарыі супрацьлеглыя

У Думе заявілі аб магчымым прызнанні «ДНР» і «ЛНР» у межах рэферэндуму 2014 года

Расійскі сенатар: Расія прызнала «ДНР» і «ЛНР» у фактычных межах, а не ў заяўленых

Галоўнае пытанне зараз — у якіх межах Расія прызнае так званыя «Данецкую» і «Луганскую народныя рэспублікі»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру