«Адразу ж хачу сказаць: мы бачым і прадбачылі, можна сказаць, спекуляцыі на гэтую тэму — на тэму аб тым, што Расія збіраецца аднавіць імперыю ў імперскіх жа межах. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці», — сказаў Пуцін, каментуючы Аліеву прызнанне Расіяй незалежнасці «ДНР» і «ЛНР».

Пуцін заявіў, што Расія, маўляў, прызнала новыя геапалітычныя рэаліі пасля распаду СССР і працуе над умацаваннем узаемадзеяння з усімі краінамі постсавецкай прасторы, дзейнічаючы «вельмі акуратна» ў вострых сітуацыях і імкнучыся дамагчыся ўзаемапрымальных рашэнняў.

Але, маўляў, з Украінай такога не атрымліваецца, бо там адбыўся «дзяржаўны пераварот і незаконны захоп улады». І ўвогуле, «тэрыторыя гэтай краіны выкарыстоўваецца трэцімі краінамі для стварэння пагроз у дачыненні да самой Расійскай Федэрацыі».

Тое, што Пуцін казаў такое менавіта на сустрэчы з Аліевым, невыпадкова, бо, натуральна, напоўненыя непрыхаванай імперскай рыторыкай заявы Пуціна будзяць непакой перадусім у тых краінах, тэрыторыі якіх некалі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і СССР. Азербайджан — адна з такіх краін. 

Дарэчы, у складзе сённяшняй Расіі ёсць тэрыторыі, якія ніколі не ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Гэта найперш Калінінградская вобласць, частка былой нямецкай Усходняй Прусіі, далучаная да Расіі ў 1945 годзе з поўным высяленнем адтуль мясцовага нямецкага насельніцтва, якое да таго складала пераважную большасць.

Другая такая тэрыторыя — Рэспубліка Тыва, радзіма міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, якая толькі ў 1914 годзе, перад самым канцом Расійскай імперыі, стала яе пратэктаратам, а дагэтуль была часткай Кітая. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0