«Ён прыбыў у калонію 12 лютага, і адразу яму паспрабавалі ўручыць так званую нізкастатусную працу — прыборка тых месцаў, якія, па непісаных законах, прыбіраюць людзі з пэўным статусам»,

расказаў «Новаму Часу» бацька палітвязня Аляксандр Дзядок.

«Натуральна, ён ад гэтага адмовіўся, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус. Ну і тут жа атрымаў сем сутак штрафнога ізалятара, пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання і змяншэнне атаваркі да дзвюх базавых.

Апроч таго, да Міколы Дзядка не даходзяць лісты ад людзей, якія не з'яўляюцца яго блізкімі сваякамі, і ад яго лісты таксама не выпускаюць.

«Я ад яго атрымаў ліст, датаваны 13 лютага, караценькі, дзе ён піша, што ў яго шмат арганізацыйных клопатаў. Я адправіў яму два заказныя лісты, спадзяюся, ён іх атрымае».

Па словах Аляксандра Дзядка, са здароўем у Міколы нармальна, бо ёсць свежае паветра і кормяць лепш, чым у магілёўскай турме.

«Ён бадзёры, цудоўна разумее, што гэтага варта было чакаць. Хаця, шчыра кажучы, ён чакаў, што будзе досыць спакойная абстаноўка. Але, відаць, ёсць указанне ціснуць на яго», — заключае бацька палітвязня. 

Нагадаем, актывіст анархічнага руху, журналіст і блогер Мікалай Дзядок у лістападзе 2021 года быў асуджаны на 5 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах:

— арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; 

— арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

 — арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Чытайце таксама: 

Мікалая Дзядка паставілі на прафулік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва»

Мікалаю Дзядку прысудзілі пяць гадоў калоніі

Страшныя паказанні палітвязня Дзядка ў судзе: Выдаў паролі пасля таго, як душылі падушкай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0