Дзяржаўныя СМІ паўдня стваралі ўражанне, што нібы нічога і не адбылося. Афіцыйнае навіннае агенцтва статусам галоўнай падзеі ў свеце доўгі час надзяляла антыкаранавірусныя пратэсты ў Новай Зеландыі (!).

Акрамя сухіх навінных зводак пра пэўнае рашэнне Пуціна, нейкіх разгорнутых інтэрпрэтацый у афіцыйных беларускіх СМІ дагэтуль няма. У адрозненне ад праўладных тэлеграм-каналаў, якія апантана рады за «Д(Л)НР» і ўжо прадракаюць іх уваходжанне ў саюзную дзяржаву (!).

Сам Лукашэнка, выступаючы сёння з нагоды Дня ўзброеных сіл, ніяк пра «Д(Л)НР» не згадаў і толькі няпэўна «звярнуўся да ўкраінскага народа і кіраўніцтва: давайце зробім так, каб мы, славяне, заўсёды жылі ў міры і згодзе. <…> Трэба супакоіцца, узяць галаву ў рукі і прыняць правільнае рашэнне ў інтарэсах народаў».

МЗС Беларусі, заўсёды вельмі аператыўна рэагуе на падзеі кшталту вывешвання бела-чырвона-белага сцяга ў замежных краях, маўчаў большую частку дня. І толькі ў раёне 16 гадзін дня выдаў не менш расплывістую заяву, што «мы з павагай і разуменнем успрымаем рашэнне расійскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік».

Мяркуючы па сённяшняй перасцярозе спікера расійскай Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, Крэмль чакае нечага большага, чым выказаныя павага і разуменне:

«Мы спадзяемся, што рашэнне падтрымаюць і іншыя краіны. І не будуць імкнуцца для ўсіх быць добрымі <…> Такая пазіцыя скончыцца дрэнна. У першую чаргу, для тых, хто вось так вось спрабуе падладзіцца пад гэты зменлівы свет».

Вось гэта ростані!

Лукашэнка спрабуе абстрагавацца і выйграць час, але талерантнасць Крамля да такой вымушанай вытанчанай дыпламатыі Мінска, падобна, на зыходзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру