«Наша Ніва»: Цяпер у людзей шмат фобіяў. Хтосьці лічыць, што працэс галасавання будуць фіксаваць камеры, хтосьці асцерагаецца, што з бюлетэняў стануць здымаць адбіткі пальцаў. Здаецца, многія ўвогуле не пойдуць на рэферэндум. Гэта будзе паразай?

Алена Жываглод: Мы назіраем псеўдаэлектаральную кампанію, якую хочам выкарыстаць у сваіх інтарэсах.

Успрымаем яе як рэдкую магчымасць прадэманстраваць нязгоду. Легальным і бяспечным шляхам паказаць, што беларусы не гатовыя маўчаць і стаяць у баку, згаджаючыся з відавочнымі планамі рэжыму.

Актывізацыя беларусаў стане сведчаннем салідарнасці. Так, мы ведаем, што нас большасць. Але ў нас больш за год не было магчымасці сабрацца ў адным месцы, каб пагаварыць і ўбачыць аднадумцаў.

Калі нас шмат — гэта становіцца ў большай ступені абаронай ад рызык, чым нясе рызыкі. 

Калі на пяць з паловай тысяч участкаў адначасова прыйдуць людзі, то ў сістэмы не хопіць рэсурсаў адэкватна рэагаваць і падглядаць, хто ставіць два крыжыкі ў бюлетэні.

Фота з архіву Алены Жываглод.

«НН»: Згодна з вашым планам, трэба прыйсці на ўчасткі ў пэўны час — ад 14:00. Не думаеце, што народ будзе ўспрымаць такі спосаб дзеянняў як рызыку?

АЖ: З аднаго боку, рэжым ініцыяваў рэферэндум, з другога, адбываецца запалохванне. Улада баіцца пратэставай яўкі.

Падкрэслю, наш план бяспечны і легальны. З улікам сітуацыі, мы не заклікаем выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку ці ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. Просім прыйсці на ўчастак, законным спосабам зрабіць бюлетэнь несапраўдным і паведаміць у чат-бот платформы «Голас». 

Калі не лічыце патрэбным, ніяк не пазначайце сябе, выкарыстоўвайце медыцынскую маску, прыкрыйце ад старонніх бюлетэнь, пастаўце два крыжыкі, складзіце яго звычайным спосабам (не гармонікам) і апусціце ў скрыню. Мы разумеем, якія рызыкі звязаныя з выкарыстаннем камеры мабільнага тэлефона — пры адсутнасці магчымасці заклікаем не рызыкаваць і не рабіць здымак. Чат-бот «Голасу» прыме вынік без фотапацверджання.

Паўтараю, разумеючы ўсю сітуацыю, просім не рызыкаваць лішні раз. Фатаграфаваць толькі калі гэта бяспечна.

Аднак нам вельмі важна перамагчы страх і выкарыстаць рэдкі момант, каб сабрацца разам і ўбачыць, як нас шмат.

«НН»: На днях старшыня Гомельскай абласной камісіі па рэферэндуме заявіў, што нібыта фатаграфаваць бюлетэнь незаконна.

АЖ: Гэта хлусня! Старшыня абласной камісіі спасылаецца на 13-ы артыкул Выбарчага кодэкса, у якім ідзе гаворка аб назіральніках, у прыватнасці, аб забароне парушаць таямніцу галасавання. А мы ж заклікаем саміх выбаршчыкаў фатаграфаваць свой бюлетэнь.

Аргумент «што не дазволена, тое забаронена» гучыць вельмі непераканаўча. Ніводнай спасылкі на заканадаўства не прыведзена, таму што такой забараняльнай нормы няма.

У выпадку канфлікту можна спасылацца на тое, што вы фатаграфуеце свой бюлетэнь і не парушаеце таямніцы галасавання.

Разумеем, што такім дзеянням усё адно могуць перашкаджаць. Магчыма, на ўваходзе на ўчастак запатрабуюць здаваць смартфоны. Калі такая просьба паступіць ад сілавікоў, то выхаду асабліва не будзе. Што рабіць? Пераходзім да плана Б: не супраціўляемся, галасуем і паведамляем у чат-бот «Голас», але без фатаграфій.

«НН»: Наконт рызык. Цяпер нават падазрэнне ў тым, што вы не падтрымліваеце ўладу, можа стаць падставай для прэвентыўнага затрымання. А тут у адзін момант прыйдзе шмат людзей. Чым не падстава?

АЖ: Вы хочаце сказаць, што могуць затрымліваць людзей, якія стаяць у чарзе на ўчастак?

«НН»: Так. Вы не выключаеце такі варыянт?

АЖ: Цяпер нічога выключаць нельга. Але правесці затрыманні на 5500 участках немагчыма… Мне цікава, якой будзе названая прычына нават у адзінкавых выпадках. Што скажа прапаганда? Забралі людзей, якія прыйшлі на галасаванне?

Таксама мы ведаем аб асцярогах, што стануць затрымліваць за два крыжыкі ў бюлетэні. Падкрэслім, такія дзеянні законныя. Але калі вы схаваеце працэс і забяспечыце таямніцу галасавання самі, то ніхто нават не даведаецца аб вашым выбары.

Скажыце, якое іншае дзеянне можа быць больш легальным, чым галасаванне?

«Калі маўчаць, то рэжым зробіць усё максімальна ціха»

«НН»: А ў чым, увогуле, сэнс кампаніі з двума крыжыкамі — ізноў прадэманстраваць, што большасць супраць? Які эфект ад мабілізацыі грамадства?

АЖ: Адбываецца працэс распаду рэжыму і фарміраванне прынцыпаў новай дзяржавы. Калі мы не выкарыстоўваем магчымасць для дзеянняў, то працэс запаволіцца. І наадварот, пры актыўных дзеяннях — паскорыцца.

Паўтара года сістэма дамагалася, каб прыбраць знешнія праявы незадаволенасці. Пры гэтым не зроблена нічога, каб разабрацца з рэальнымі прычынамі ўзнікнення напружання.

Электаральная кампанія — важная вяха. Гэта своеасаблівы вынік поспехаў работы па выключэнні грамадства з палітычных працэсаў. Калі маўчаць і паўтараць як мантру словы пра нелегітымнасць, то рэжым зробіць усё максімальна ціха і без нашага ўдзелу.

Працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, не такія відавочныя, паколькі медыя не могуць нармальна працаваць. Але нам вядома, што нават прыхільнікі рэжыму не ўхваляюць папраўкі ў Канстытуцыю. У прыватнасці, гэта відаць па каментарыях да прапагандысцкіх публікацый.

Важна разумець, што актыўнасць грамадзян, якія выступаюць за рэальныя перамены, уплывае таксама на тых, хто верыў у правільнасць курсу, які быў апошнія 27 гадоў.

Фота: БЕЛТА

Гэта не пачатак транзіту ўлады, а адна з кампаній, падчас якой мы павінны абазначыць пазіцыю. 

Мы галасуем не за ці супраць, а праяўляем нязгоду са спробай падману.

«НН»: Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні аператыўнага штаба, які павінен быў пачаць працаваць у канцы студзеня. Чым ён займаецца?

АЖ: У аператыўны штаб уваходзіць шэсць структур — офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Каардынацыйная рада, платформы «Сумленныя людзі», «Голас» і «Зубр».

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Ён створаны пад кампанію вакол так званага рэферэндуму і для аператыўнага рэагавання на падзеі.

Праца пачалася яшчэ да абвяшчэння даты правядзення рэферэндуму (27 лютага). Цяпер працягваем у тым жа складзе, каб дапамагаць правільна рэагаваць, выдаваць адзіным фронтам рашэнні і не распыляць увагу беларусаў.

«Вядучую ролю, як і раней, будуць адыгрываць «тройкі»: старшыня, намеснік і сакратар камісіі»

«НН»: Кажуць, што да «Сумленных людзей» ужо звярнуліся некаторыя члены выбарчых камісій. Можаце сказаць, як шмат? 

АЖ: Паступіла каля 150 зваротаў. На кантакт выходзяць таксама тыя, хто быў у выбарчых камісіях у 2020 годзе. 

Хтосьці просіць дапамогі, парады, хтосьці — перадае інфармацыю. Па нашых звестках, праводзяцца інструктажы, дзесьці абстаноўка нагнятаецца. Шмат што залежыць ад канкрэтнага участка.

Вядучую ролю, як і раней, будуць адыгрываць «тройкі»: старшыня, намеснік і сакратар камісіі. Яны задаюць тон і кіруюць працэсам на месцах. Указанні спускаюцца зверху ўніз — у гэтым пытанні нічога не мяняецца. Пакуль навін не прасочваецца.

Пісьмовай метадычкі няма. Інструкцыі раздаюцца вусна. Напрыклад, што рабіць пры вялікай яўцы, як кіраваць патокамі.

«НН»: І як жа?

АЖ: Штучна запавольваць, спасылацца на антыкавідныя меры.

«НН»: А які матыў збіраць чаргу?

АЖ: Лічым, што для зніжэння прапускной здольнасці. Так менш людзей зойдзе і зробіць бюлетэнь несапраўдным.

«НН»: Аднак логіка не прасочваецца. Чэргі каля ўчасткаў будуць сведчыць аб палітызацыі грамадства, прыцягваць увагу — гэта тое, чаго ўлада асцерагаецца.

АЖ: Пакуль цяжка сцвярджаць. Гэта толькі меркаванне.

«Навошта прызначылі Карпенку? Дэманстрацыя змяняльнасці»

«НН»: Замена кіраўніка ЦВК паўплывала на сітуацыю? Усё ж такі працэсам так доўга кіравала Лідзія Ярмошына, а тут прыйшоў новы чалавек — Ігар Карпенка.

АЖ: Не змянілася. Гэта сістэма. Сыход аднаго чалавека не змяняе нічога. Гэта ж тычыцца паправак у Канстытуцыю — ніякага транзіту ўлады не адбываецца, хутчэй, замацаванне Лукашэнкі.

Карпенка — такі ж прыхільнік улады і праціўнік дэмакратычных пераменаў. Навошта яго прызначылі? Гэта псеўдапрацэс. Дэманстрацыя змяняльнасці.

Ігар Карпенка. Фота: БЕЛТА

«НН»: У 2020 годзе «Сумленныя людзі» фіксавалі парушэнні. Цяпер за гэта адказвае платформа «Зубр». Можаце паведаміць, якія парушэнні ўжо зафіксаваныя?

АЖ: Грамадзянскія кантралёры дасылаюць у чат-бот платформы «Зубр» паведамленні аб парушэнні таямніцы галасавання: кабінкі напаўадкрытыя, сталы паставілі бокам.

Таксама многія звяртаюць увагу, што засакрэчаныя імёны чальцоў выбарчых камісій, што таксама з'яўляецца парушэннем (паводле артыкула 34 Выбарчага кодэкса, у рашэнні аб стварэнні камісіі павінны быць указаныя прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага чальца камісіі).

Хачу адзначыць, што пакуль ідзе датэрміновае галасаванне, аб парушэннях пішуць адзінкі. Гэта можа ўскосна сведчыць, што большасць людзей прыйдуць на ўчасткі ў асноўны дзень, 27 лютага.

«Улада баіцца тых, на каго не можа паўплываць сілавымі метадамі»

«НН»: Калі плануеце абвясціць вынікі маніторынгу? Куды збіраецеся перадаваць справаздачу? На што гэта паўплывае?

АЖ: Многае будзе залежаць ад стабільнай працы інтэрнэту ў Беларусі. Калі ўсё будзе ў парадку, то папярэднія вынікі агучым 28 лютага, а на працягу тыдня падрыхтуем справаздачу аб парушэннях і фальсіфікацыях, якія ўжо маюцца.

Гэта дазволіць сабраць фактычную інфармацыю, якая стане падставай для непрызнання вынікаў рэферэндуму.

«НН»: А што наконт адмены галасавання за мяжой?

АЖ: Безумоўна, гэта парушэнне. Немалую частку беларусаў пазбавілі права голасу.

З аднаго боку, дзіўлюся абсурду рашэння. З іншага, канстатую, што ўлада баіцца тых, на каго не можа паўплываць сілавымі метадамі. Значыць, усё робім правільна — адбываецца паскарэнне працэсу распаду сістэмы.

«НН»: Знаходжанне ў Беларусі расійскіх войскаў падчас плебісцыту — ці перашкаджае такая акалічнасць вашым планам? Што гэта мяняе?

АЖ: Цяжка назваць гэта нечаканасцю. Гэта было відавочна з моманту аб'яўлення аб правядзенні вучэнняў.

Думаю, гэта спроба аказаць ціск, сфарміраваць пачуцце безвыходнасці. Любы парадак дня можна засланіць тэмай вайны. На фоне такой пагрозы фінт з Канстытуцыяй здаецца нязначнай падзеяй.

Фота: Міністэрства абароны

«НН»: А што адбудзецца пасля рэферэндуму? У вас ёсць план наступных дзеянняў?

АЖ: Рэферэндум, як я казала, гэта не фінал, а пункт у шляху. Ігнараваць яго нельга, гэтак жа як і надаваць яму сакральнае значэнне.

Рэферэндум — фэйк, імітацыя, падман. З гэтага стану трэба пераходзіць да бачання новай Беларусі. Разумення, што будуем і за што змагаемся.

Чытайце яшчэ:

«Што не дазволена, тое забаронена». Ці можна фатаграфаваць бюлетэнь?

«Перш за ўсё — паказаць, як шмат людзей не згодныя з дзеяннямі ўлады». Павел Лібер пра планы «Голасу» на рэферэндум

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру