*Гэтыя інтэрв'ю былі запісаны за дзень да 24 лютага.

Пакой уцекача з Беларусі Дзмітрыя. Справа — сабраныя чамаданы.

Пакой уцекача з Беларусі Дзмітрыя. Справа — сабраныя чамаданы.

«Я перажыў дэжавю»

Дзмітрый Лукомскі — былы валанцёр «Краіны для жыцця». Ратуючыся ад пераследу, ён з’ехаў з жонкай з Гомеля і цяпер жыве ў Дняпры, які зусім побач з Данецкай вобласцю.

«Тыя, хто жыве тут, крыху інакш успрымаюць інфармацыю. Горад спакойны, але людзі заўсёды сур’ёзна ставіліся да расійскай пагрозы, бо бачылі гэта самі і многія з іх удзельнічалі ў баявых дзеяннях. Шмат хто пераехаў сюды з Данецкай і Луганскай абласцей. 

Нават калі я прыехаў сюды год таму, мне сказалі: «Тут бяспечна, але моцна не абжывайцеся, бо ўсё можа быць. Трымайце трывожны чамаданчык — ці мала якія правакацыі здарацца і трэба будзе эвакуявацца».

Тут не сустрэнеш людзей, якія вераць, што Расія не будзе нападаць. У сэнсе не будзе, калі ўжо нападала ў свой час і кавалак зямлі акупавала?»

Панікі ў Дняпры, на назіраннях Дзмітрыя, і цяпер няма. Хаця гараджане сталі менш хадзіць па крамах, набываюць толькі неабходнае. У будаўніцтве таксама зацішша — грошы ў людзей ёсць, але яны разумеюць, што заўтра гэтыя дамы могуць ужо не спатрэбіцца.

Дзмітрый з жонкай пакуль вырашыў заставацца ў Дняпры. Трывожны чамаданчык у іх сабраны яшчэ з моманту, як пачаліся пратэсты ў Беларусі.

«У мяне ёсць сумачка тыпу касметычкі, дзе ляжаць усе мае і жончыны дакументы, якую можна хутка схапіць. І другі камплект — заплечнік з самым неабходным. Адзінае, што да гэтых абвастрэнняў мы не трымалі рэчы ў адной кучы, а цяпер падрыхтаваліся, склалі заплечнікі.

Побач ляжаць яшчэ рэчы больш габарытныя, напрыклад, палаткі, калі раптам давядзецца сыходзіць лясамі, хавацца. Астатняе проста непатрэбна. Мы тут крыху абжыліся, у нас і веласіпеды ёсць, але гэта давядзецца кідаць. Канечне, калі будзе некалькі сутак на эвакуацыю, мы складзем больш рэчаў, прыдумаем нейкі трансфер».

Кіеў ці Чарнігаўскую вобласць для пераезду гамяльчук не разглядае — з улікам таго, што недалёка ад мяжы на беларускай тэрыторыі сцягнуты расійскія войскі, ён не лічыць гэта добрым варыянтам. Магчыма, перабярэцца ў Львоў, калі ў Дняпры стане занадта небяспечна. Дзмітрый хацеў бы застацца ва Украіне. Але для спакою будзе рабіць сабе візу ў Еўропу.

«Я перажыў дэжавю, — прызнаецца мужчына. — Канечне, мы ўсё адно жывём тут беларускім парадкам дня, але ты прывыкаеш да бяспекі.

І тут зноў табе пачынае нешта пагражаць. Той быт, які ты наладзіў, зноў можа разбурыцца. Можа, мяне сітуацыя ў Беларусі ў нейкіх момантах зрабіла чэрствым, я спакайней перажываю гэтыя падзеі. А жонцы маральна цяжка».

«Наш паб месціцца ў бомбасховішчы»

Віцебскі бізнесоўца Віталь Броўка, які нядаўна адкрыў у Кіеве арт-паб, кажа, што яго знаёмыя цяпер больш сур’ёзна ставяцца да пагрозы вялікай вайны.

«Ёсць тыя, хто пераехаў з Кіева ў Івана-Франкоўск ці Львоў. Многія пачынаюць думаць пра нейкія навыкі (напрыклад, як аказваць першую дапамогу), трымаюць пад бокам трывожную валізку, прадумваюць алгарытм жыцця без сувязі — прызначаюць месцы сустрэч і да таго падобнае.

Віталь Броўка вымушаны быў пакінуць Віцебск і адкрыў арт-паб у Кіеве. Фота Алеся Пілецкага.

Віталь Броўка вымушаны быў пакінуць Віцебск і адкрыў арт-паб у Кіеве. Фота Алеся Пілецкага.

Мы ў сябе ў арт-пабе праводзілі некалькі лекцый-трэнінгаў па дзеянні цывільных асоб у перыяд абвастрэння пагрозы, у тым ліку ў зоне ваенных дзеянняў.

Раней людзі зусім не звярталі на гэта ўвагі, успрымалі выключна як інфармацыйны ўкід. Цяпер, пасля актыўнасці на ўсходзе і такой колькасці расійскіх войскаў у Беларусі на мяжы з Украінай, усе сталі больш абвострана да гэтага ставіцца. Бясконцая беларуская мантра «абы не было вайны» дала збой».

Бізнэс Віталя гэта непасрэдна закранула. Стала значна менш наведнікаў, бо людзям не да забаў. Пад пытанне графік канцэртаў на сакавік (гурт «J:МОРС» мусіў выступаць акурат у яго ўстанове, калі музыкаў не ўпусцілі ва Украіну).

«Наш «Торвальд» знаходзіцца ў бомбасховішчы, таму гэта самы бяспечны паб Кіева», — напаўжартам заўважае Віталь. 

Настрой у яго збольшага аптымістычны. Ён не плануе пакідаць Кіеў.

 «Я адчуваю свой абавязак дапамагаць тым, хто тут. Бачу, што большасць нашых нікуды не з’язджае, і адпаведна я не маю маральнага права з’язджаць.

Выразна бачная вялікая мабілізацыя і патрыятызм украінцаў. Многія кажуць, што ў выпадку рэальнага ўварвання пойдуць добраахвотнікамі. Шмат хто перакананы, што Пуцін паламае зубы аб Украіну, і я раздзяляю гэта меркаванне».

«У большасці падраздзяленняў ёсць беларусы, якія прыязджалі добраахвотнікамі»

«Ваенны канфлікт не магчымы, а рэальны. У апошнія дні мы бачым актывізацыю расійскіх сілаў, які ўжо афіцыйна знаходзяцца на часова акупаванай тэрыторыі Украіны», — кажа Ян Мельнікаў, беларускі добраахвотнік на Данбасе.

Ён цяпер служыць у адной з рэгулярных частак узброеных сілаў Украіны. Па яго падліках, на фронце застаецца каля сотні беларусаў, якія ваююць на баку Украіны.

Ян Мельнікаў — адзін беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе. Фота: асабісты архіў

Ян Мельнікаў — адзін беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе. Фота: асабісты архіў

«У большасці сённяшніх падраздзяленняў ёсць беларусы, якія прыязджалі добраахвотнікамі. Пачынаючы з 2016 года ва Украіне для замежнікаў стала магчымым праходзіць службу па кантракце. Таму сёння адзінкі засталіся ў добраахвотніцкіх падраздзяленнях — большасць знаходзіцца на вайсковай службе па кантракце». 

Па словах Яна, усе рыхтуюцца да таго, што будзе поўнамаштабны наступ. 

«Як бачыце, Украіна пачала прызываць рэзервістаў на ваенную службу. Пакуль ўся ўвага да Данбаса. Ёсць разуменне, што гэта будзе адбывацца толькі на межах Данецкай і Луганскай абласцей, але, безумоўна, мы бачым, колькі ў Беларусі сканцэнтравана расійскіх сілаў, і яны па-ранейшаму падцягваюць вайсковую тэхніку на мяжу з Украінай. Сцэнары могуць быць розныя. Мая трывожная валізка — гэта вайсковая».

На канфлікт ён глядзіць як на чаканыя падзеі.

«Гэта тое, што павінна было здарыцца раней. Апошнія гады сітуацыя такая, што проста фронт стаіць, расійскія найміты выкарыстоўваюць артылерыю, але на гэта няма адказу, бо агульная пазіцыя Украіны была такая — не правакаваць ворага да вялікіх дзеянняў. 

Таму тое, што будзе магчымасць паўнавартаснага адказу, гэта добра. Восьмы год цягнуцца падзеі, ёсць ужо баявыя афіцэры ў войску, за гэты час выхавалася новае пакаленне вайскоўцаў, ёсць сучаснае ўзбраенне. Усё выглядае не так, як у 2014 годзе, ёсць шанец пазмагацца за цэласнасць Украіны», — мяркуе хлопец.

«Не надта веру ў вайну — я веру ва ўкраінцаў»

У Адэсе працуе беларускі доктар Станіслаў Салавей. Ён дзеліцца сваімі назіраннямі:

«Дыяспара беларусаў ўспрымае пагрозу вайны вельмі рэалістычнай, ёсць нервознасць. Сярод украінцаў, з якімі я тут камунікую, хутчэй, спакой. У мяне, як і ў большасці, [псіхалагічныя] арэлі. Галавой разумееш, што малаімаверна, што будзе вялікая вайна, што ва Украіны добрая армія, добры баявы дух. Шмат украінцаў могуць выказвацца негатыўна ў адносінах дзеючай улады ці канкрэтных чыноўнікаў, але ў гэтым пытанні ні разу не чуў, каб хтосьці падтрымліваў сепаратызм на Усходзе і добра ставіўся да рускіх танкаў на вуліцах украінскіх гарадоў».

Доктар Станіслаў Салавей пасля звальнення з мінскай бальніцы працуе ў Адэсе. Фота: сацсеткі.

Доктар Станіслаў Салавей пасля звальнення з мінскай бальніцы працуе ў Адэсе. Фота: сацсеткі.

Доктар кажа, што найбольш перажываў 14—15 лютага, на фоне навін пра дату магчымага ўварвання ва Украіну.

Эвакуацыі ён не плануе.

«Мае планы — з разраду з’ездзіць на выходныя да сяброў у іншы горад туды-назад, зрабіць вясной шэнгенскую візу і злятаць у Літву пабачыць знаёмых. Звычайнае жыццё.

Тут ёсць карта бомбасховішчаў — я дзеля цікавасці паглядзеў на яе, і ўсё. Пакуль не надта веру ў магчымасць вялікай вайны па многіх прычынах. Я веру ва ўкраінцаў і ўкраінскую армію».

А як на фоне гэтых падзей у Адэсе ставяцца да беларусаў?

«Тыя, хто з’ехаў яшчэ ў 2020 годзе, сустракалі непаразуменне: маўляў, што такое, у вас жа ўсё добра, вуліцы чыстыя, дарогі роўныя. Але тут актыўная дыяспара, якая ладзіць акцыі, расказвае, што ў нас насамрэч адбываецца. Ну і тое, што робіцца і заяўляецца на ўвесь свет, не праходзіць без знаку. Хутчэй наадварот да нас цяпер больш разумення і маральнай падтрымкі.

Большасць беларусаў выдзяляецца элементамі нацыянальнай сімволікі (у кагосьці сцяжок, у кагосьці брошка), і ты за 10 секунд разумееш, хто перад табой стаіць — чалавек, які супраць дзейнага рэжыму і ён дакладна табе не вораг. І тут ён апынуўся хутчэй таму, што падзяляе твае перакананні».

Ілюстрацыйнае фота: Фэйсбук МУС Украіны.

Ілюстрацыйнае фота: Фэйсбук МУС Украіны.

«Да страху прывыкнуць немагчыма. Але ў Беларусі пагроза нашаму жыццю адчувалася больш рэальна»

«Сярод беларусаў палярныя стаўленні да сітуацыі. Ёсць людзі, якія панікуюць і з’язджаюць, тыя, хто ідзе вучыцца перавязваць раны ці запісвацца ў нейкі батальён, і тыя, хто захоўвае супакой. Я адношуся да трэцяй катэгорыі, — дзеліцца шматдзетная маці, якая з Беларусі з’ехала з сям’ёй у Кіеў. — Гэта звязана з тым, што калі мы знаходзіліся ў Беларусі, пагроза нашаму жыццю адчувалася рэальней, чым тут у Кіеве. Вайна пакуль больш адбываецца ў інфармацыйным полі, чым на фізічным узроўні».

Жанчына кажа, што яны маюць візы на крайні выпадак, але з’язджаць не хочуць.

«Мы толькі адчулі спакой, дзеці знайшлі сяброў у школе. І перспектыва зноў зрывацца з месца, канечне, нікому не падабаецца,

— прызнаецца яна. — Хоць я ведаю, што людзі, якія сем’ямі не абцяжараныя, больш рашуча падыходзяць да гэтага пытання, прымаюць больш рэзкія хады».

У прыватнай школе, дзе вучацца дзеці беларускі, некаторыя ўкраінцы выехалі на тыдзень — пачакаць, паглядзець, што будзе. Але настаўнікі тэмы вайны не абмяркоўваюць з дзецьмі наогул, захоўваюць спакойную атмасферу. 

Як гэта — з’ехаць ад небяспекі ў Беларусі і зноў апынуцца ў напружанай сітуацыі?

«Да страху прывыкнуць немагчыма. Яго можна падавіць або пераключыць сябе, але не прывыкнуць. Страх вельмі моцна ўплывае на адносіны. Калі мне страшна, у першую чаргу будуць цярпець дзеці — будуць сваркі, істэрыкі. Ты мусіш выбіраць — ты баішся або верыш, што нічога не будзе. 

Насамрэч, мяне вельмі натхняюць украінцы. Мне ў Кіеве спакойна жыць, бо я ведаю, што яны гатовы абараняць сваю краіну. 

Мне здаецца, у Беларусі баяцца за нас больш, чым мы самі. Бо інфармацыйнае поле дома больш агрэсіўнае, прапітана расійскай прапагандай. Тут калі ўключаеш тэлевізар, вайны няма. Так, у аўтобусах вісяць заклікі «Уступаем у шэрагі самаабароны», але пры гэтым атмасферы панікі няма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0