«Платформа «Голас» запусціла перапіс беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну апошнім часам. Паводле маіх асабістых ацэнак, гэтая лічба перавысіць 200 тысяч чалавек, — піша Апейкін. —Адзіная правільная стратэгія, незалежна ад геапалітычнай дынамікі, — адначасовае вяртанне усіх беларусаў-эмігрантаў на радзіму.

Гэта трэба рабіць у бліжэйшы час любым даступным спосабам. Толькі такі працэс можа зноў вярнуць нас у стан жніўня 2020 года. Трэба вярнуцца, каб проста вызваліць людзей, нашых таварышаў, якім далі па 15 гадоў лагераў за іх жаданне жыць у нармальнай дзяржаве. Сусветная справядлівасць на нашым баку. З сярэднявеччам у Беларусі павінна быць скончана.

Ці небяспечна гэта? Так, небяспечна. Але іншага выйсця няма. Ці планую вяртацца я? Вядома, так. Я нават гітару не забіраў. Гітара вельмі не любіць пераезды».

Аляксандр Апейкін, фота з яго старонак у сацсетках

Сам Апейкін абвешчаны ў вышук як абвінавачаны па крымінальнай справе аб закліках да ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).

Па версіі Следчага камітэта, Апейкін разам з Аляксандрай Герасіменяй «распаўсюджвалі загадзя ілжывыя звесткі пра ход і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства», заклікалі замежныя арганізацыі і дзяржавы да дзеянняў, якія шкодзяць нацбяспецы Беларусі.

«У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб, нанесеная значная іміджавая і фінансавая шкода, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытаванае кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы», — заяўляў СК. У дамах Герасімені і Апейкіна прайшлі ператрусы. Сёння яны за мяжой. 

«Людзі ў Беларусі будуць чакаць гэтага моманту, калі сапраўды ўсе змогуць у нейкі час адначасова вярнуцца»

«Нашай Ніва» пагаварыла з Аляксандрам пра перспектывы вяртання ў такіх умовах.

«Наша Ніва»: Ваша ідэя пра «ўсеагульнае вяртанне» выглядае трохі ўтапічна, не лічыце? Як вы гэта бачыце?

Аляксандр Апейкін: У наш час нічога ўтапічнага няма. 

Мне здаецца, сёння гэта адзіны магчымы і правільны вектар. Я шмат размаўляю з людзьмі, і бачу, што шмат беларусаў, якія выехалі за мяжу, не зусім адаптуюцца. Яны не пачынаюць жыць замежным жыццём, не інтэгруюцца ў іншае грамадства, жывуць у такіх анклавах, беларускімі «паветамі».

І ўсе іх думкі і мары ўсё роўна скіраваныя на тое, каб вярнуцца. Я не кажу пра ўсіх, але большасць — 80% — разглядаюць гэты час як час чакання. Яны не будуюць новае жыццё, жывуць з адчуваннем «ані туды, ані сюды». 

І так жыве апошні год-паўтара большасць людзей, якія выехалі з Беларусі. У іх сэрцах адзінае жаданне — вярнуцца. І гэтае памкненне, вярнуцца ў бліжэйшы час, гэта адзінае, што можа цяпер сур’ёзна аб’яднаць людзей за мяжой. Я маю на ўвазе менавіта гэтую «часовую дыяспару»: тых хто выехаў тэрмінова, нярэдка, не плануючы загадзя свой пераезд. 

І другі вектар: ствараецца трошкі розная ідэнтычнасць беларусаў, падзел на тых, хто застаўся, і тых, хто выехаў. І людзі, якія сядзяць у Беларусі, глядзяць на тых, хто з’ехаў, па-іншаму. Маўляў, вы там нешта кажаце, а мы тут сядзім як партызаны, чакаем нейкага моманту. Вы там у бяспецы, а мы тут — не, і чаму мы павінны дзеля вас кудысьці выходзіць? Вось такія меркаванні гучаць.

Але калі будзе агучаны вектар на вяртанне з боку людзей, якія цяпер у часовай эміграцыі, то гэта адгукнецца ў сэрцах і адных, і другіх. Бо людзі ў Беларусі будуць чакаць гэтага моманту, калі сапраўды ўсе змогуць у нейкі час адначасова вярнуцца. Бо тады з’яўляецца нейкі сэнс, людзі ў Беларусі зразумеюць, што мы не кінулі іх, што мы збіраемся вяртацца. Тады яны зразумеюць, дзеля чаго працуюць, дзеля чаго рыхтуюцца да нейкага моманту.

Людзі за мяжой пачынаюць разумець, дзеля чаго яны знаходзяцца ў такім падвешаным стане. Бо ў чалавека за мяжой ёсць два вектары. Першы: забываць пра ўсе гэтыя дэмакратычныя справы і пачынаць жыць звычайным жыццём чалавека за мяжой, бо інакш нельга, бо з глузду з’едзеш, пачынае развівацца кагнітыўны дысананс, сур’ёзнае псіхалагічнае напружанне. 

Альбо другі вектар: разумець, што ты працуеш на вяртанне ў нейкі момант, тады з’яўляецца нейкі сэнс, ментальны сэнс. І гэта іншы ўзровень матывацыі, калі ты разумееш, што мы ўсе павінны ў нейкі момант (не кажу, у адну гадзіну, але, магчыма, у нейкі тыдзень ці некалькі дзён) паехаць у Беларусь і зрабіць такое масавае вяртанне. 

«І гэта не заклік, што вось, давайце заўтра ўсе пойдзем!»

«НН»: Прабачце, але здаецца, што і без вашых допісаў людзі якраз жывуць з такой мэтай. І гэта зразумела ўсім, і тым, хто ўнутры краіны, і ім самім. 

АА: Так, дык я ж нікога і не заклікаю, проста выказваю сваё меркаванне.

«НН»: Але выглядае менавіта як заклік.

АА: Не, бо я не ведаю, як гэта можа выглядаць тэхнічна, як гэта можа выглядаць арганізацыйна. Пакуль гэта толькі маё меркаванне, я ім нават не дзяліўся шырока ў сацсетках. А мой Тэлеграм — гэта пляцоўка, куды я выкладваю імпульсныя думкі, яны неафіцыйныя. 

І гэта не заклік, што вось, давайце заўтра ўсе пойдзем! Увогуле, такога закліку быць не павінна, бо людзі самі павінны гэта зразумець.

Але я шмат з кім размаўляў, і такое адчуванне і жаданне прысутнічае ў большасці людзей, якія выехалі нядаўна. Яны ў цэлым пагаджаюцца, што такі захад стварае сэнс для чалавека. Бо людзі не пачынаюць тут жыць, ані ў Варшаве, ані ў Вільні, яны чакаюць чагосьці. 

«НН»: Але сфармулявалі вы даволі рэзка. Цытата: «Трэба вярнуцца, каб проста вызваліць людзей, нашых таварышаў». Як вы іх вызваліце?

АА: Я ж кажу, што не ведаю механікі, гэта проста меркаванне, не заклік. Я разумею, што тэхнічна людзі павінны самі да гэтага падысці. Патрэбны час: магчыма, год, магчыма, два гады. Бо ментальнасць людзей, рашучасць людзей яна развіваецца, эвалюцынуе. Тое, што зрабілі беларусы ў жніўні 2020 года, гэта подзвіг. Рэальна, квантавы скачок у свядомасці людзей. І цяпер ім патрэбны час, каб зрабіць эвалюцыю таксама. 

«НН»: Калі пры сённяшнім стане беларускай сістэмы нават з’явіцца сто тысяч чалавек, то людзі выйдуць на вуліцы, пасля разыдуцца. А пасля што — іх зноў пачнуць кашмарыць па напрацаваных метадычках?

АА: Таму я і кажу пра эвалюцыю свядомасці. Калі людзі выйшлі ў жніўні 2020-га — гэта было крута, для беларусаў гэта быў касмічны ўзровень. Эвалюцыйны скачок. 

Але зразумела, што, калі вывесці цяпер людзей на вуліцы, то мільён хай выйдзе, два, тры, але калі яны не будуць гатовыя на нейкія рашучыя крокі, то гэта не мае сэнсу. Нават калі ўся краіна выйдзе, Лукашэнка ўсіх разгоніць. Сэнс не ў тым, колькі людзей выйдзе, а ў тым, на што яны гатовыя. 

Лукашэнка разглядае сітуацыю па-іншаму, ён робіць вельмі высокую стаўку. Ён ставіць сваё жыццё, ён гатовы аддаць яго, гатовы ахвяраваць сваёй сям’ёй, каб захаваць сваю ўладу. А дзеля чаго змагаецеся вы? Каб вольна хадзіць па праспектах? 

Ён не бачыць пагрозы ў тым, што людзі выйшлі. Так, спачатку сілавікі разгубіліся, усе разгубіліся. Але пасля ўбачылі, што людзі проста ходзяць — што ж, хай ходзяць. 

І калі заўтра выйдзе мільён — нічога не зменіцца, пакуль людзі не будуць гатовыя рабіць нейкія рашучыя крокі. Справа не ў колькасці, а ў тым, на што людзі гатовыя. На жаль, сёння так. 

Вывесці людзей масава — нічога не вырашае сёння ў Беларусі, да гэтага можна не заклікаць. Гэта проста бязглуздзіца, пакуль людзі не будуць гатовыя ў сваёй свядомасці. Проста мірнае шэсце — яно не працуе. 

«Для нейкага ўзбуджэння патрэбны трыгер ці «чорны лебедзь»

«НН»: Вы кажаце: «Ці небяспечна гэта? Так, небяспечна. Але іншага выйсця няма. Ці планую вяртацца я? Вядома, так». Якія мусяць быць умовы, каб вы вярнуліся ў Беларусь? 

АА: Я павінен разумець, што гэтую ідэю падзяляе вялікая колькасць людзей,што гэта вектар, што гэта не марная ахвяра. Я кажу не толькі пра сябе, я кажу і пра маіх сяброў, таварышаў, яны таксама гатовыя вяртацца, але вяртацца ў той момант, калі гэта сапраўды будзе мець рашучыя наступствы. Калі будзе зразумела, што людзі ў Беларусі чакаюць гэты крок, што людзі за мяжой чакаюць гэты крок. Што гэта ўвогуле камусьці патрэбна.

Але без гэтага вектара, увогуле, людзям за мяжою будзе вельмі цяжка працягваць сваё існаванне. Бо людзі ў падвешаным стане. А так будзе хаця б нейкае разуменне, што мы думкамі, вектарам, накіраваныя на Беларусь. 

«НН»: Што вы мусіце, не ведаю, убачыць у навінах ці дзе яшчэ, каб зразумець, што прыйшоў час вяртацца?

АА: У СМІ гэтага не ўбачыш, гэта трэба размаўляць з людзьмі, мець уласныя каналы інфармацыі і камунікацыі, так бы мовіць, з глыбіні краіны. 

Тут, зразумела, патрэбны трыгер. Нейкі «чорны лебедзь». Бо сацыяльная дынаміка — яна непрадказальная. Сёння ўсё ціха, але заўтра сітуацыя можа змяніцца проста раптоўна. А ў Беларусі ёсць патэнцыял менавіта да раптоўнай змены сітуацыі, бо людзі сваё меркаванне не змянілі. Прыхільнікаў улады больш не стала, іх стала нават менш. А прыхільнікаў перамен як было шмат, так і засталося, людзі хочуць зменаў, запыт нікуды не падзеўся.

«НН»: Але павялічылася колькасць людзей, якіх запалохалі. Каб сёння выйсці на вуліцу і мець рашучасць на нешта — трэба каб здарылася штосьці зусім ужо надзвычайнае.

АА: Зразумела. Людзям патрэбны час, каб перажыць гэты шок, які цяпер яны маюць. І адбудзецца праз нейкі час псіхалагічная адаптацыя, прыйдзе гатоўнасць і разуменне таго, што мірны пратэст нічога не змяніў. Гэта, я думаю, сёння ў Беларусі людзі і так ужо разумеюць. Але для нейкага ўзбуджэння патрэбны трыгер ці «чорны лебедзь». Мяркую, што нешта такое будзе ў 2022 годзе. 

«Цяпер мы лінейна разважаем, што, магчыма, адбудзецца казахстанскі сцэнарый»

«НН»: Не думаеце, што нават калі людзі выйдуць «гатовыя да рашучых дзеянняў», то ўсё скончыцца казахстанскім сцэнарыем? Прыедуць расійскія войскі і будзе проста вялікая кроў? 

АА: Магчыма, а магчыма, і не. Дакладна ніхто не ведае, гэтыя рэчы проста непрадказальныя. 

Наша ўяўленне пра рэчаіснасць — лінейнае. Ты бачыш карціну і думаеш, што так будзе заўтра, паслязаўтра і праз тыдзень. Бо ты бачыш рэчаіснасць і выбудоўваеш лінейнае ўяўленне.

Але рэчаіснасць працуе па-іншаму, там адбываецца шмат нечаканасцяў. Можна планаваць адно, але заўтра адбудзецца іншае. 

Цяпер людзі, і медыя, і аналітыкі ўспрымаюць усё лінейна, не ўлічваюць, што могуць адбыцца нейкія нечаканыя непрадказальныя трыгеры. І гэта час ад часу адбываецца.

У спорце гэта ўвогуле паўсюль: ёсць намінальны, як кажуць, пратакольны лідар, а ёсць аўтсайдар, андэрдог. І нават букмекеры на андэрдога даюць вялікі каэфіцыент, на лідара — маленькі, але не абавязкова, што лідар заўсёды перамагае андэрдога. Гэта проста лінейнае чаканне, лагічнае, але ж бывае, што перамагае андэрдог. Так працуе, спорт, таму і цікавы, што там шмат чаго нечаканага, па сутнасці, да апошняга ніхто не ведае пераможцу. Не заўжды перамагае фаварыт.

І цяпер мы лінейна разважаем, што, магчыма, адбудзецца казахстанскі сцэнарый. А магчыма, што адбудзецца украінскі сцэнарый, ці грузінскі. Мы ж не ведаем.

«НН»: Тут, можа, трохі некарэктнае параўнанне са спортам. Бо тут адзін з бакоў узброены і гатовы забіваць, а другі — не. 

АА: Ну, мне — не бачна. Бо, магчыма, будуць нейкія рэчы, якія спыняць тых, хто гатовы акупаваць і забіваць, а тыя, хто не гатовы абараняцца, могуць стаць гатовымі гэта зрабіць. Гэта сацыяльныя падзеі, якія непрадказальныя. І як будуць паводзіць сябе людзі, гэта таксама непрадказальна.

Хто мог прадказаць, што ў жніўні 2020 года будзе такі ўздым? Я гэтага не прадказваў, падзялюся сваім меркаваннем: чакаў, што будзе 2010 год. То-бок, выйдзе 20 тысяч чалавек 9 жніўня, а на наступны дзень усе пойдуць на працу. І тое ж чакалі амаль усе. Я нават не сачыў за навінамі, для мяне ўсё было зразумела. Мы нават будавалі планы спакойна на верасень і кастрычнік, займаліся сваімі спартовымі рэчамі і ўспрымалі гэтыя выбары як адзін-два дні нейкага перажывання, але не больш. 

А цяпер мы з вамі гаворым на такія тэмы. Гэта было прадказальна? Не.

Самалёт з Пратасевічам нехта прадказваў? Не.

Перанос Чэмпіяната свету па хакеі хтосьці прадказваў? Не. Да апошняга ўсе спартыўныя спецыялісты-міжнароднікі, якія даўно займаюцца праваабрончай дзейнасцю ў спорце, казалі ў адзін голас: у вас гэта не атрымаецца, гэта немагчыма! Усе казалі! Аўтарытэтныя людзі, якія мелі сур’ёзны досвед, да якіх я прыслухоўваўся, усе ў адзін голас казалі: вы зробіце добрую кампанію, прыцягнеце ўвагу, але чэмпіянат пройдзе. А ён не прайшоў. Адпаведна, можна ўплываць на рэчаіснасць, калі ёсць жаданне.

«НН»: На вашу суб’ектыўную думку, калі адбудзецца ваша вяртанне дадому?

АА: Па маіх прадчуваннях, 2022—23 год. Ці сёлета, ці ўлетку наступнага года. Я не збіраюся будаваць нейкае доўгатэрміновае жыццё за мяжой, я так ці інакш буду шукаць шляхі, каб вяртацца.

Трэба збіраць рэсурсы, збіраць магчымасці, ствараць умовы, каб гэтае вяртанне было бяспечным для вялікай колькасці людзей. Гэта магчыма зрабіць, зрабіць на сваіх умовах. Было б жаданне. 

Па сутнасці, гэта ўсё палітычныя інструменты, якімі ты павінен карыстацца, каб стварыць такія магчымасці. Гэта магчыма зрабіць, патэнцыял вялікі, магчымасцяў таксама шмат. Проста ніхто пакуль не задумваецца над пытаннямі, як гэта зрабіць.

І гэта не абавязкова прарыў мяжы. Могуць стварыцца такія ўмовы, што можна будзе спакойна ўехаць, разумееце? І ніхто цябе не будзе кранаць, бо гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы, калі беларусаў, якія вяртаюцца, пачнуць чапаць.

Гэта ўсё працэс, па сутнасці, гэта пабудова магчымасцяў. І іх можна будаваць.

***

Гэтая размова адбывалася яшчэ да нападу Расіі на Украіну.

Але і цяпер, калі ідзе сапраўдная вайна, у якой беларуская ўлада дапамагае агрэсару, Апейкін свайго меркавання не змяніў:

«Момант Х набліжаецца, нават хутчэй, чым я чакаў і меркаваў. Усё адбудзецца значна хутчэй.

Цяпер іншая сітуацыя — няма правілаў, межаў, усё будзе змяняцца вельмі хутка. І цяпер беларусы павінны вырашаць сваё пытанне — вызвалення Беларусі. 

Сітуацыя жудасная — ідзе сапраўдная вайна. Але гэта, можа, і падштурхне беларусаў, каб змяніць сітуацыю, змяніць уладу і спыніць вайну. 

Я не думаю, што Лукашэнка ад гэтай вайны хоць нешта выйграе. Гэта заканчэнне яго эпохі і заканчэнне ўвогуле дыктатарскіх рэжымаў. Так, праз такі цяжкі сцэнарый, але гэта апошнія дні дыктатуры і ў Беларусі, і ў Расіі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру