Дзмітрый Гара.
Дзмітрый Гара расказаў, што Следчым камітэтам распрацаваны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, якім прадугледжваецца ўвядзенне інстытута завочнай вытворчасці.
«Што такое завочная вытворчасць? Гэта магчымасць разгляду судамі крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія здзейснілі злачынствы супраць дзяржавы, экстрэмісцкія злачынствы, пры адсутнасці саміх абвінавачаных.
Гэта дазволіць, па-першае, у нейкай ступені кампенсаваць страты, шкоду, нанесеную дзяржаве дзеяннямі гэтых асоб. Гаворка ідзе пра матэрыяльныя актывы, якія засталіся на нашай тэрыторыі і якія могуць быць забраныя ў даход дзяржавы. Трэба, каб усе ведалі: калі будуць здзяйсняць злачынствы супраць свайго народа — панясуць адказнасць у любым выпадку».
Перакладаючы сказанае з бюракратычнай на звычайную мову: улады рыхтуюцца такім чынам забраць сабе маёмасць тых сваіх апанентаў, якія ўратаваліся ад рэпрэсій, выехаўшы за мяжу. Ці магчыма разлічваць на справядлівасць разгляду такіх спраў у судах? Пытанне рытарычнае.