Наступствы абстрэлу ў Харкаве. Фота: Getty Images.

Le Monde: «Вінаваты Пуцін»

Французскае медыя піша пра тое, як цяперашняя вайна адрозніваецца ад ранейшых падзей ва Украіне: «Больш няма зялёных чалавечкаў, як у Крыме ў 2014 годзе. Разгортванне сіл больш не прыкрываюць байцамі дзвюх марыянетачных рэспублік Данбаса. На гэты раз Уладзімір Пуцін вядзе вайну ў адкрытую. Яе мэта не хаваецца: зламаць Украіну. І яго пагрозы любому, хто наважыцца гэтаму процістаяць, недвухсэнсоўныя: «Зараз некалькі важных, вельмі важных слоў для тых, у каго можа ўзнікнуць спакуса з боку ўмяшацца ў падзеі, якія адбываюцца. Хто б ні спрабаваў перашкодзіць нам, а тым больш ствараць пагрозы для нашай краіны, для нашага народа, павінны ведаць, што адказ Расеі будзе неадкладным і прывядзе вас да такіх наступстваў, з якімі вы ў сваёй гісторыі яшчэ ніколі не сутыкаліся. Мы гатовыя да любога развіцця падзей. Усе неабходныя ў гэтай сувязі рашэнні прынятыя. Спадзяюся, што я буду пачуты», — жорстка заявіў ён у кароткай прамове аб пачатку аперацыі — а фактычна ў абвяшчэнні вайны». 

Le Monde звяртае ўвагу на дзве перамены ў палітыцы Пуціна пасля яго прыходу да ўлады ў 2000 годзе. Першая з іх — усё больш выразны паварот да аўтарытарызму. Другая ж змена звязаная з паваротам у стаўленні да Украіны. З часоў Аранжавай рэвалюцыі 2004 года ўкраінская дэмакратыя стала сапраўдным ворагам Крамля, Масква ўспрымае развіццё гэтай краіны як пагрозу ўласнаму існаванню.

«Трэба таксама напісаць ясна і адназначна: Уладзімір Пуцін адказны за гэты канфлікт. Ніякая неасцярожнасць Захаду, ніякая гістарычная памылка, ніводзін з аргументаў расійскага рэжыму і яго клеўрэтаў не могуць апраўдаць той напад, які адбыўся».

The Wall Street Journal: «Вайна ва Украіне кладзе край еўрапейскай мары аб сяброўстве з Расіяй»

Як пішуць аўтары рэсурсу, сярод першых ахвяр нападу Расіі на Украіну аказаліся 30 гадоў спадзяванняў Еўропы на тое, што Расія можа быць надзейным партнёрам: «Расійская атака на Украіну азначае канец шматгадовых намаганняў Еўропы, накіраваных на паглыбленне эканамічных і дыпламатычных сувязяў, якія працягваліся, нават калі Уладзімір Пуцін рабіўся ўсё больш агрэсіўным суседам».

Зараз, пішуць аўтары WSJ, з'явяцца больш жорсткія санкцыі ў бок Расіі, паралельна з гэтым дыпламаты будуць спрабаваць дамагчыся перамір'я, а ўкраінскім бежанцам будуць дапамагаць. Рэсурс таксама фармулюе пытанне да еўрапейскіх дэмакратычных краін, якое, на думку журналістаў, можа вызначыць кірунак наступнай эпохі ў гісторыі кантынента: «Як справіцца з Расіяй, якая адкрыта абвясціла, што хоча перапісаць канец халоднай вайны, і зараз падмацоўвае сваё жаданне сілай?»

Al Jazeera: «Паніка, страх і стойкасць ва Украіне падчас уварвання Расіі»

Адзін з асноўных артыкулаў Al Jazeera па тэме расійскага нападу — гэта рэпартаж пра тое, як ва ўкраінскіх гарадах успрымаюць пачатак баявых дзеянняў.

Кіеўскі карэпандэнт выдання піша пра тое, што ад гуку выбухаў і паветранай трывогі некаторыя людзі пачалі панікаваць і шукаць бамбасховішчы. Хаця мясцовыя ўлады і звярнуліся да жыхароў з заклікам не пакідаць дамоў, на выездах з горада утварыліся вялізныя заторы. Тым не менш, хаця людзі і пакідаюць Кіеў, размовы пра масавую паніку не ідзе.

Суразмоўца Al Jazeera сведчыць, што ў Кіеве няма ні панікі, ні крытычных праблем цяпер: «Грамадскі транспарт працуе як раней. Адзінае, што сапраўды змянілася, гэта тое, што школы, універсітэты і дзіцячыя сады закрытыя, а шпіталі знаходзяцца напагатове, бо парламент абвясціў ваеннае становішча».

Guardian: «Пуцін заглушыў апошнія просьбы аб міры»

Буйное брытанскае медыя прысвячае артыкул апісанню пасяджэння Рады бяспекі ААН, што праходзіла ўначы з 23 на 24 лютага.

«Гэтае пасяджэнне застанецца ў гісторыі ААН як адно з самых сюррэалістычных. Бо тая самая вайна, якую пасяджэнне павінна была прадухіліць, распачалася якраз падчас яе.

Уладзімір Пуцін, бязлітасна разлічыўшы час, выступіў з прамовай і абвясціў, што Расія распачынае ва Украіне «спецыяльную ваенную аперацыю» — у той самы час, калі праходзіла тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі».

Калі надышоў час гаварыць прадстаўніку Расіі Васілю Нябензі, Пуцін ужо выступіў, і намеры Масквы больш не заставаліся сакрэтам: «Нябензя, які тыднямі высмейваў заходнія краіны за іх «істэрычныя» папярэджанні пра будучую вайну, цяпер пачаў сцвярджаць, што насамрэч тое, што разварочваецца на вачах, — гэта не вайна. Гэта «спецыяльная ваенная аперацыя» з мэтай абараніць народ Данбаса».

Reuters: «Самая цёмная часіна Еўропы пасля Другой сусветнай»

У сваёй карэспандэнцыі пра пачатак расійскага нападу аўтары Reuters звяртаюць увагу на яго эканамічныя наступствы: «Расія — адзін з найвялікшых вытворцаў энергіі ў свеце, яна і Украіна — адны з галоўных экспарцёраў зерня. Перспектыва вайны і санкцый пагражае эканомікам ва ўсім свеце, якія, пакуль адыходзяць ад наступстваў пандэміі, і так адчуваюць перабоі з пастаўкамі».

Біржавыя каціроўкі рухнулі, цэны на даляр і золата, наадварот, узляцелі. Цана на нафту маркі Brent упершыню за час з 2014 года паднялася вышэй за 100 даляраў за бараль. Таксама, як сведчыць Reuters, як мінімум тры вялікія пакупнікі расійскай нафты сведчаць, што заходнія банкі адмовілі ім у акрэдытывах, неабходных для аплаты нафты.

CNN: «Чаму напад Пуціна на Украіну, якога доўга баяліся, скалане Амерыку і ўвесь свет»

Амерыканскі рэсурс лічыць, што наступствы нападу Расіі на Украіну будуць мець глабальны характар: «Атака Пуціна на Украіну, якой доўга баяліся, рэхам адгукнуцца далёка за межамі Расіі і яе дэмакратычнага суседа. Яна выклікае наступствы, сярод якіх будуць балючыя скачкі ў і так высокіх цэнах на паліва для людзей, якія спрабуюць справіцца з наступствамі такой пандэміі, якая бывае раз у стагоддзе. Гэтая атака можа аднавіць халодную вайну, якая некалі здавалася перажыткам гісторыі, бо праз яе ўзнікне новае і небяспечнае супрацьстаянне ЗША і Расіі — дзвюх самых вялікіх ядзерных дзяржаў свету».

CNN звяртае ўвагу, што дзеянні Пуціна ставяць ЗША ва ўмовы нечаканага крызісу. Амерыканцам дакладна варта чакаць росту інфляцыі і цэн на паліва. Вашынгтон, напэўна, таксама накіруе сваіх вайскоўцаў у Еўропу, каб падтрымаць саюзнікаў. Ёсць імавернасць, што ЗША будуць фінансаваць паўстанцкі рух ва Украіне. Атака Пуціна — гэта выклік статусу ЗША як зверхдзяржавы і амерыканскай канцэпцыі дэмакратычнага свету.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру