«Не факт, што Пуцін загадзя падрабязна інфармаваў Лукашэнку пра свае планы, — кажа Класкоўскі. — Выглядае, што Лукашэнка не кантралюе дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

У гэтай сітуацыі ён ад пачатку ўвязаўся ў авантурную і вельмі рызыкоўную гульню, стаў падгульваць Пуціну ў ягоным ціску на Захад.

Але, здаецца, Лукашэнка да апошняга спадзяваўся, што да сапраўднай вайны не дойдзе, і ён зможа на сітуацыі атрымаць дывідэнды, нейкую ўзнагароду ад Расіі.

Ён і сёння падкрэслівае, што беларускія войскі ў гэтай аперацыі не ўдзельнічаюць, што ніякай небяспекі для Беларусі няма… Але гэта спроба зрабіць добрую міну пры кепскай ігры, бо зразумела, што ад Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі нічога не залежала і не залежыць. Пуцін разглядае яго проста як свой інструмент. 

Цяпер ужо ў Лукашэнкі няма выйсця з гэтай сітуацыі. Хоць ён выдатна разумее, якія страшэнныя выдаткі ўсё гэта прынясе для Беларусі, выскачыць з каляіны ён ужо не можа, хоць робіць адчайныя спробы нават цяпер нацягнуць на сябе тогу міратворца.

Ён жа прапанаваў, каб паміж Украінай і Расіяй адбыліся перамовы ў Беларусі, але відавочна, што гэта пустая рыторыка, бо Кіеў на такое не пойдзе — ад сёння для украінскай нацыі і ўладаў беларускі рэжым — саўдзельнік агрэсіі, як бы Лукашэнка ні спрабаваў выкруціцца».

Як расійская агрэсія ва Украіне адаб’ецца на Беларусі?

«Нічога добрага не будзе. І не толькі для рэжыму, але і для Беларусі ў цэлым, — дае сумны прагноз эксперт. — Па-першае, будуць санкцыі як супраць Расіі, так і супраць Беларусі.

Захад адназначна будзе разглядаць паводзіны беларускага рэжыму як спрыянне агрэсіі, як саўдзел. Таму санкцыі будуць, і, напэўна, моцныя.

Я б яшчэ адзначыў, што чэшскі прэзідэнт Зэман, які заўжды лічыўся прарасійскім палітыкам, заклікаў адключыць Расію ад сістэмы SWIFT. Падобныя захады могуць быць ужытыя і супраць Беларусі, не выключаю.

Таксама будуць спыняцца каналы экспарту беларускіх тавараў у Еўропу.

У беларускім грамадстве, як паказваюць апошнія даследаванні, ідэя ўдзелу Беларусі ў вайне абсалютна непапулярная. Думаю, нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі няма масавага жадання ваяваць. Таму сітуацыя зноў абвастрае раскол у беларускім грамадстве.

Яе можа выкарыстаць беларуская апазіцыя — аднак чакаць вулічных пратэстаў супраць агрэсіі ў Беларусі не варта. Бо пратэсты закаталі ў асфальт і ўзровень страху ў грамадстве вельмі высокі. Таму незадаволенасць людзей будзе пакуль толькі латэнтная, але ж гэта таксама ўзмацняе грамадска-палітычны крызіс унутры Беларусі.

Таксама відавочна, што і крамлёўскі рэжым, і беларускі, ў яшчэ большай ступені супрацьпаставілі сябе цывілізаванаму свету. Цяпер Мінск і Масква апынуліся ў яшчэ мацнейшай звязцы, і абодва рэжымы стануць яшчэ больш жорсткімі.

Бо губляць ім няма чаго, трэба трымаць пад кантролем унутраную сітуацыю, і ўвогуле, філасофія «абложанай крэпасці» вымушае да яшчэ большага закручвання гаек. Так што перспектывы ў гэтым плане для беларускага грамадства кепскія.

Для Мінска зачыняюцца таксама апошнія перспектывы для дыялогу з Захадам».

«Пуціна задавальняе гэтая «паўзучая экспансія»

Пуцін у чарговы раз паказаў, што ён здольны дзейнічаць абсалютна ірацыянальна і авантурна, кажа Класкоўскі, і гэта павышае пагрозы для беларускай незалежнасці.

«Калі раней здавалася, што магчымая акупацыя Беларусі гэта абсалютна нерацыянальны крок для Масквы, то цяпер можна казаць, што ўсё можа быць. І рызыкі страты незалежнасці павялічваюцца, — тлумачыць аналітык. — Я і раней адзначаў, што для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі існуе дзве праблемы: як скінуць рэжым і як пазбегнуць уварвання Расіі пасля гэтага.

Бо нават у жніўні 2020 Пуцін трымаў сваіх сілавікоў на мяжы з Беларуссю. А калі ўявіць, што будзе нейкая беларуская рэвалюцыя і да ўлады прыйдуць дэмакратычныя сілы, то тут усё большай становіцца рызыка, што Расія ўварвецца і сілай задушыць гэты парыў беларусаў да свабоды. І трэба ўжо сёння трымаць гэта ў галаве.

Сітуацыя атрымліваецца парадксальная. Сёння Пуціну не патрэбны сапраўдны захоп Беларусі, бо адбываецца «паўзучы» захоп яе. Гібрыдны, так бы мовіць. Бачым, што Лукашэнка пусціў расійскія войскі і не можа ўплываць на іх паводзіны. Увогуле, расійская вайсковая прысутнасць апошнім часам вельмі ўзмацніліася, згадаем усе супольныя вучэнні. 

Таму пакуль Пуціна задавальняе гэтая «паўзучая экспансія». І ў эканамічнай галіне падпісалі ж 28 эканамічных праграм — гэта не пазбаўленне суверэнітэту Беларусі адразу, але зноў жа, павольная экспансія, форма ўсё мацнейшай прывязкі да Расіі.

Расія паціху запускае шчупальцы ўсё глыбей, а Лукашэнка — ну хай пакуль застаецца, да пары да часу. Але ж праз год, два, тры Расія можа адчуць магчымасць адсунуць і яго, капрызнага і таксічнага кіраўніка, і паставіць больш сервільную фігуру».

Але ці не пойдзе Расія далей? На агрэсію супраць Грузіі, краін Балтыі?

«Шмат будзе залежаць і ад таго, які супраціў зараз акажа Украіна, якой крывёю скончыцца гэтая авантура для Пуціна. І ад таго, як жорстка адрэагуе Захад, мяркуе Класкоўскі. — Бо гэта выклік не толькі для Украіны, але і для НАТА і ўсяго заходняга свету.

Агрэсар становіцца ўсё больш нахабным, калі не адчувае супраціву. І калі Пуцін адчуе, што жорсткасці і цвёрдасці ў Захада няма, то ён праз нейкі час можа захацець працягнуць тое ж самае і на іншых кірунках. Грузія, краіны Балтыі — сёння ані ад чаго нельга заракацца.

Нядаўна ж здавалася, што Пуцін рацыянальна ўзважвае «за» і «супраць», што санкцыі і перспектывы ізаляцыі не вартыя таго. Але прамова яго падчас прызнання ЛНР і ДНР многіх увяла ў жах, бо мы ўбачылі чалавека на чале ядзернай краіны, які ўспрымае рэальнасць абсалютна неадэкватна, па-імперску, у катэгорыях нейкіх гістарычных крыўдаў.

Гэта страшна, калі чалавек апанаваны такімі комплексамі, фобіямі, узначальвае ядзерную дзяржаву, і гэта ўсё выліваецца ў агрэсіўную палітыку. Прамова Пуціна многім расплюшчыла вочы, бо ён фактычна паставіў пад сумнеў недатычнасць постсавецкіх межаў і незалежнасць постсавецкіх дзяржаў.

Збольшага яго пафас быў накіраваны супраць Украіны, але лёгка тое ж можна спраецыраваць і на Беларусь. Бо ва ўяўленнях Пуціна не толькі Украіну стварылі бальшавікі, але і БССР. І ў нейкі момант можа прагучаць у адрас Беларусі тое ж, што прагучала ў адрас Украіны. Імперская матрыца для апраўдання агрэсіі ж ужо ёсць.

Таму перспектывы вельмі змрочная не толькі для Украіны і Беларусі, але і для ўсяго дэмакратычнага свету». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0