Юрый Стыльскі ў Львове. Фота: Інстаграм

Юрый Стыльскі ў Львове. Фота: Інстаграм

 «Мне раяць неадкладна збіраць чамаданы, але мне падабаецца Украіна»

Лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага вайна заспела ў Львове. Ён расказвае, што зранку вылі сірэны, але верталёты над горадам не лётаюць. Крамы многія закрытыя, паліцыя ходзіць з аўтаматамі.

«У мяне ўсё было нібыта ў кіно, — расказвае Юрый пра тое, як пачаўся яго дзень. — Я не адзін жыву: а трэцяй гадзіне ночы адчыніліся дзверы з крыкамі: «Вайна пачалася!».

Стыльскі кажа, што ў яго ёсць магчымасць выехаць, але пакуль ён сочыць за сітуацыяй.

«Я збіраўся пазней ехаць у Польшчу, а цяпер, як мне раяць, трэба нібыта неадкладна збіраць чамаданы. Чамадан амаль сабраны, але засталіся яшчэ пытанні, якія не перашкаджала б вырашыць. І мне насамрэч не хочацца адсюль з’язджаць — мне падабаецца Украіна. Вельмі сітуацыя напружвае, не ведаю, як яна будзе вырашацца.

Можа, варта хаця б на час пакінуць. Я не ваеннабавязаны ва Украіне і няма знаёмых, якія ідуць на вайну і клічуць мяне з сабой», — дзеліцца думкамі Юрый.

«Дзеці падняліся ад вою сірэн»

У Кіеве цяпер спявачка Кацярына Ваданосава. Яны з сям’ёй (муж і двое дзяцей) спрабуюць пакінуць горад.

Архіўнае фота: фэйсбук

Архіўнае фота: фэйсбук

«Калега на машыне пасадзіў на задняе сядзенне ўсю маю сям’ю, і мы цяпер спрабуем выехаць. Думаем дабрацца да Львова, а што далей — там будзе бачна», — кажа Кацярына.

Загадзя рэчы яна не збірала.

«Але я прачнулася а другой гадзіне ночы — у мяне хранічнае бяссонне — і не заснула да 5-й. І а 5-й мяне паднялі з ложка выбухі. А 7-й раніцы дзеці падняліся ад вою сірэн, і стала зразумела, што штосьці трэба рабіць. Але што, мы доўга не маглі ўцяміць, бо сваёй машыны няма».

Дзве невялічкія валізкі на чацвярых і невялікі заплечнік для кожнага — з такім наборам рэчаў сям’я выязджае з Кіева. Голас у Кацярыны спакойны.

«Ведаеце, я ўжо стамілася нервавацца. Зранку было страшна, калі чуліся выбухі. Мы бачылі знішчальнікі з акна. Тады было вельмі мутарна. Але я вельмі вялікую палёгку адчула, калі мы селі ў машыну — усё ж такі ў нас ёсць шанец выбрацца».

 «Калі нам пашчасціць, трапім у нейкі гуманітарны калідор»

Дзяніс Тарасенка, музыка гурта «РСП», у абед падчас нашага званка знаходзіўся ў горадзе Ірпень (Кіеўская вобласць).

Архіўнае фота: інстаграм

Архіўнае фота: інстаграм

«Спрабую заправіць свой аўтамабіль. Я выехаў на запраўку а 9-й раніцы і дагэтуль да яе не даехаў — велічэзныя заторы, калапс на дарогах. Людзі змятаюць усё, што бачаць — у плане прадуктаў, паліва. Ва ўсё, у што можна, наліваюць паліва».

З сабой музыка ўзяў мінімум рэчаў — грошы, дакументы, ваду і самае неабходнае.

«Будзем абмяркоўваць з сябрамі, куды рухацца, і, можа, высунемся ў бок заходняй Украіны, бліжэй да Польшчы. Калі нам пашчасціць, магчыма, у нейкі гуманітарны калідор трапім».

 «Кіяўляне скупілі ўсю зброю і боепрыпасы»

Шоўмэн Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай таксама ў Кіеве. У Інстаграме яны пішуць, што застаюцца ў горадзе, бо пакуль няма магчымасці эвакуявацца.

«Вадой і ежай запасліся. Элетрычнасць і сувязь ёсць. У горадзе пуста, але ўсё працуе. Праезд бясплатна», — пісаў Дзяніс.

Суседзі ў падвале іх дома зрабілі бомбасховішча.

Дзяніс Дудзінскі ў бомбасховішчы. Фота: інстаграм

Дзяніс Дудзінскі ў бомбасховішчы. Фота: інстаграм

Дудзінскі распавядае пра сітуацыю ў горадзе.

«Кіяўляне скупілі ўсю зброю і боепрыпасы. Ва Украіне зброя ў вольным доступе — «не цалкам аўтаматычная зброя і драбавікі ў неабмежаванай колькасці». Забралі па дамах і эвакуявалі ўсіх вулічных катоў і сабак. Для тых, якіх не знайшлі ці не дагналі, пакінулі ля пад’ездаў і ў падвалах тыднёвы запас ежы і пітва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0