Амаль кожны ведае, што ёсць спецназ ва Уруччы, Мар’інай Горцы, Мінску, ёсць групы «Альфа» і «Алмаз». Аднак мала хто ведае, чым адрозніваюцца паміж сабой гэтыя структуры, хто імі кіруе, што ўваходзіць у іх функцыі. НН прапануе кароткі агляд асноўных беларускіх спецпадраздзяленняў.

Уручанская брыгада спецназа

Трэцяя асобная Чырванасцяжная брыгада спецназа (в/ч 3214, Уручча) была сфармаваная ў 1990‑я гады на базе 334 палка 120‑й дывізіі. Яна падрыхтаваная як для разгону вулічных акцый, так і для ўдзелу ў спецыяльных аперацыях. Гэта ўдарная частка Унутраных войск. Яе колькасць блізу 1500‑2000 чалавек. У складзе часткі некалькі падраздзяленняў — батальёны спецыяльнага прызначэння, Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (СОБР) і падраздзяленні забеспячэння.

Асноўнымі задачамі брыгады з’яўляюцца барацьба з тэрарызмам, дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, баявая падрыхтоўка на выпадак узнікнення ваеннай небяспекі.

У мірны час байцы брыгады выконваюць функцыі па ахове грамадскага парадку. Часта прадстаўнікі брыгады выязджаюць на заданні і за межы Мінска. Напрыклад, ахоўваюць «Славянскі базар».

Падчас вулічных акцый апазіцыі ўручанскую брыгаду звычайна трымаюць на падстрахоўцы. Іх выкарыстоўваюць толькі ў крайніх выпадках, калі з дэманстрантамі не можа справіцца ПМСП. Некалькі разоў байцы Паўлічэнкі былі заўважаныя падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Сам Паўлічэнка, будучы камандзірам брыгады, неаднаразова заяўляў, што стараецца выхоўваць байцоў у «духу праваслаўя». На тэрыторыі часткі ёсць храм.

Вельмі вялікае значэнне адводзіцца баявой падрыхтоўцы, яна ў разы больш жорсткая, чым у іншых вайсковых частках. У праграме — акрабатыка, рукапашны бой, сілавая падрыхтоўка, атлетычная гімнастыка, кросы. Вельмі вялікае значэнне надзяляецца стральбе з розных відаў зброі, а таксама тактычна‑спецыяльнай падрыхтоўцы па дзеяннях у розных сітуацыях.

Варта адзначыць, што большасць шараговых байцоў знаходзіцца ў брыгадзе год ці паўтара. Гэта звычайны тэрмін службы ў войску.

Менавіта Паўлічэнка фігураваў у справах Захаранкі і Ганчара — пакуль тыя справы расследаваў КДБ. У 2000 годзе Лукашэнка адставіў старшыню КДБ Мацкевіча і генпракурора Бажэлку, і ўсё ўстала.

ПМСП = АМАП

Мінскі полк міліцыі спецыяльнага прызначэння быў сфармаваны восенню 2005 года, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. ПМСП быў створаны на базе АМАПа, і ўзначаліў яго Юры Падабед. Як тлумачыў тагачасны начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Анатоль Куляшоў (сённяшні міністр унутраных справаў), галоўная мэта стварэння палка заключалася ў ахове грамадскага парадку ў час правядзення розных масавых акцый.

Па ягоных словах, байцы гэтага падраздзялення павінны быць падрыхтаванымі да катаклізмаў, катастрофаў, аварый прыроднага і тэхнагеннага характару. Трэцяй прычынай Куляшоў назваў тое, што стварэнне палка дасць магчымасць іншым супрацоўнікам міліцыі выконваць свае непасрэдныя абавязкі. Супрацоўнікі палка носяць форму чорнага колеру. Менавіта яны ў асноўным удзельнічалі ў разгоне вулічных акцый, у тым ліку Плошчы.

ПМСП быў створаны з асабістай просьбы Юрыя Падабеда, які скардзіўся на тое, што ў краіне ўвесь час расла колькасць мерапрыемстваў, якім патрэбная была ахова. Нашмат быў павялічаны і штат.

Цяпер кіруе ПМСП Аляксандр Лукомскі. Ён скончыў Ленінградскае вышэйшае палітычнае вучылішча ўнутраных войскаў (1992), Акадэмію міліцыі (1998), камандна‑штабны факультэт Ваеннай акадэміі (2002). Да гэтага ўзначальваў сталічную міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў (в/ч 5448).

Мар’іна Горка

Пад Мінскам, у Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён), існуе 5‑ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння. Але гэта не Унутраныя войскі. Мар’інагорскі спецназ адносіцца да Міністэрства абароны.

Фармаванне брыгады пачало адбывацца ў 1962 годзе.

За савецкімі часамі байцы дасягнулі ўзроўню падрыхтоўкі, які адпавядаў атраду «Вымпел» КДБ СССР. Байцы з Мар’інай Горкі прымалі актыўны ўдзел у афганскім канфлікце. Праз два гады пасля вываду адтуль дэсантнікі з Мар’інай Горкі зноў трапілі на вайну. Амаль цалкам брыгада (805 чалавек) пад камандаваннем палкоўніка Барадача знаходзіліся ў Арменіі.

31 снежня 1992 года былыя савецкія спецназаўцы прысягнулі на вернасць Беларусі. Асноўнымі накірункамі падрыхтоўкі сённяшніх байцоў у частцы з’яўляецца дыверсійная дзейнасць і выведка. Выведчыкаў вучаць пераадольваць балоты, водныя перашкоды, лясы. Для гэтага часта праводзяцца вучэнні ў лясах. Па дзесяць сутак яны знаходзяцца ў невядомай для сябе мясцовасці.

У Мар’інай Горцы лічаць, што іхняя частка з’яўляецца самай элітнай у краіне. Адчуваецца неафіцыйнае спаборніцтва і супрацьстаянне спецназа ўручанскага і мар’інагорскага. І там, і там лічаць, што іхняя частка найлепшая.

У 1996 годзе былы кіраўнік мар’інагорскай часткі палкоўнік Барадач выступіў на баку Канстытуцыі, супраць Лукашэнкі.

«Алмаз»

Фактычна з «Алмаза» і пачынаўся беларускі спецназ у канцы 1980‑х гадоў. Праўда, тады гэтае падраздзяленне мела назву «Беркут», і асноўным назначэннем была арганізацыя атрадаў турэмнага антытэрору. Яны былі створаныя і ў іншых савецкіх рэспубліках.

Цяпер жа гэта своеасаблівы атрад хуткага рэагавання. У 1994 годзе тагачасны кіраўнік «Беркута» і будучы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў выступіў з ініцыятывай перайменаваць спецпадраздзяленне ў «Алмаз». У памятцы для байцоў Навумаў некалі напісаў: «Заўсёды помні, што супрацоўнік спецпадраздзялення павінен быць чысты і цвёрды, як алмаз».

У 2002 годзе базу «Алмаза» адкрываў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

У выпадку трывогі «алмазавец» павінен прыбыць на базу цягам 5‑7 хвілін. А цягам 20 хвілін на месца здарэння ў любую кропку краіны адпраўляюцца разведка і баявая група. Яшчэ праз 20 хвілін следам выязджае другая група.

У функцыі «алмазаўцаў» уваходзіць змаганне з тэрарыстычнай дзейнасцю, вызваленне закладнікаў, абясшкоджванне выбуховых рэчываў. «Алмазаўцы» некалі затрымлівалі ў Мінску падазраваных у забойстве расійскага журналіста Пола Хлебнікава.

«Алмазавец» павінен трэніравацца не меней трох разоў у ты¬дзень. Гэта не толькі спартовыя практыкаванні, але прыкладныя, калі байцы ідуць на бар’еры, лазы, лесвіцы ў поўнай экіпіроўцы.

У асноўным у «Алмаз» трапляюць афіцэры з аналагічных падраздзяленняў Міністэрства абароны, міліцэйскага спецназа, службы аховы кіраўніка дзяржавы, пагранічных войск. Як правіла, гэта людзі, якія аддалі службе не менш за пяць гадоў і ўжо ўдзельнічалі ў спецаперацыях. Служаць у «Алмазе» і жанчыны — перамоўшчыцы і снайперкі.

Акурат супрацоўнікі «Алмазу» збілі 2 сакавіка 2006 года кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Байцы гэтага ж атрада затрымлівалі сёлета Мікалая Аўтуховіча і ягоных паплечнікаў. Менавіта былыя «алмазаўцы» былі асуджаныя па справе знікнення тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

«Алмаз» узначальвае палкоўнік Мікалай Карпянкоў. Ён быў яшчэ ў «Беркуце», калі з 1992 да 1994 года з’яўляўся камандзірам баявой групы падраздзялення. У 2003 годзе Карпянкоў вярнуўся ў «Алмаз» у якасці каман¬дзіра.

«Альфа»

Група «Альфа» пры Камітэце дзяржаўнай бяспекі СССР была створаная яшчэ ў 1974 годзе. У сакавіку 1990 тагачасны галоўны чэкіст Саюза Кручкоў падпісаў указ аб дадатковым увядзенні групы «Альфа» з дыслакацыяй у Мінску. Сярод мэтаў стварэння групы называліся лакалізацыя і папярэджанне тэрарыстычных і экстрэмісцкіх акцый, асабліва небяспечных злачынных праяваў, якія пагражаюць бяспецы краіны. Першапачаткова група дзейнічала і на балтыйскія краіны.

Цікава, што аж да студзеня 1992 года «Альфа» знаходзілася ў прамым падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення пры прэзідэнце СССР. Толькі потым увайшла ў структуру беларускага КДБ. Байцы «Альфы» забяспечваюць фізічную абарону і бяспеку беларускага кіраўніцтва і высокіх замежных гасцей. У новыя абавязкі таксама ўвайшла барацьба з незаконным вывазам каштоўных металаў, матэрыяльных і гістарычных каштоўнасцяў за межы краіны.

Пры стварэнні «Альфы» перавага аддавалася афіцэрам‑афганцам, вэдэвэшнікам, прафесійным спартоўцам. Цяпер вышэйшая адукацыя і служба ў войску абавязковая для кандыдатаў. Таксама ўвага надаецца здольнасці выносіць вялікія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі. Узрост байцоў — 30‑35 гадоў.

Адзначаецца, што цякучка кадраў у «Альфе» вельмі малая. Для таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам, патрэбна чатыры‑пяць гадоў. Увесь гэты час баец знаходзіцца на другіх‑трэціх ролях. Адна поўная экіпіроўка «альфаўца» (бронекамізэлька, шалом, зброя, боепрыпасы) важыць больш за 20 кілаграмаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання ад БНФ Сяргей Навумчык у сваіх успамінах сцвярджае, што менавіта супрацоўнікі «Альфы» збівалі дэпутатаў ад апазіцыі, якія абвясцілі галадоўку ў авальнай зале.

Нейкі час хадзілі чуткі, што байцы «Альфы» атрымлівалі ваенны досвед у Чачні, але кіраўніцтва групы ўпарта гэта адмаўляе. Кіраўніком групы «Альфа» з’яўляецца палкоўнік Мікалай Івінскі.

Пагранічны спецназ

Свой спецназ існуе і ў пагранічнікаў. Гэта Асобная служба актыўных мерапрыемстваў, ці не самае закрытае і малавядомае спецпадраздзяленне.

АСАМ з’явіўся ўжо пасля развалу Савецкага Саюза, у 1993 годзе. Першым начальнікам быў Генадзь Нявыглас.

Найперш стварэнне спецпадраздзялення тлумачылася барацьбой з нелегальнай міграцыяй. У асноўным, грамадзян з азіяцкіх краін у Еўропу. Менавіта гэта і было першай задачай.

Пазней з’явіліся новыя — барацьба з эканамічнай злачыннасцю і наркатрафікам, супрацьдзеянне транзітнаму тэрарызму і гандлю людзьмі.

Праверка будучага асамаўца доўжыцца ад году да двух. Цягам гэтага часу з асаблівай увагай правяраюць паслужны спіс байца, усіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Сярэдні ўзрост афіцэраў 33 гады. На форменным шаўроне байца АСАМа — два скрыжаваныя мячы і ружа вятроў на фоне контуру краіны.

У свой час АСАМ узначальваў сённяшні старшыня Пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі. А служылі ў спецпадраздзяленні старэйшыя сыны Лукашэнкі — Віктар і Дзмітрый.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0