Мэты абвешчанай А.Лукашэнкам у Ляхавіцкім раёне рэвалюцыі ў свінагадоўлі тыя ж, што і ў «аранжавай» — праз два гады «жыць, як у Еўропе». Фельетон Лёліка Ушкіна.

Люты 2014 года. Расія. Дзень выбараў прэзідэнта. Штаб дэмакратычнай апазіцыі. Усе прысутныя тупа глядзяць ў целек.

Дыктар на экране: Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, Дзмітрый Мядзведзеў набраў 74% галасоў, Жырыноўскі — 12%, Зюганаў — 6%, Багдан Ісакавіч Саакабідзэ‑Дудаеў (незалежны кандыдат) — 4%, Анатоль Каспараў (дэмакратычная апазіцыя) — 1,5%.

Усе прысутныя: Колькі‑колькі?

Дыктар: Прабачце. Адбылася памылка. У кандыдата ад дэмакратаў 0,04% галасоў. А зараз — рэклама сродку для чысткі ўнітазаў «Даместас».

Маўчанне.

Касьянаў: У каго ёсць канспект?

Лімонаў: Які канспект?

Касьянаў: Канспект лекцый па арганізацыі свінячых рэвалюцый. Памятаеш семінар у Мінску ў 2012‑м «Парасячая рэвалюцыя як новае слова ў практыцы аранжавай рэвалюцыі»? Ну, іх чытаў у лагеры на базе КДБ такі высокі качок. Як яго — Ян Усеваладоўскі…

Лімонаў: Ды я большасць лекцый прагуляў. Гэтак хацелася пабачыць беларусаў, якія сталі жыць, як у Еўропе…

Каспараў: У мяне ўсе хады запісаныя! Зараз пагляджу. Лекцыя «Кармленне свінаматак». Гэта не тое. Семінар «Купанне народжаных парасят». Не тое. Ага, вось: «Будаўніцтва свінакомплексу на 50 тысяч галоў». Менавіта з такога «пілота», як запісана ў канспекце, пачалася ў Беларусі рэвалюцыя ў свінагадоўлі. Дзякуючы ёй, дарэчы, беларусы жывуць цяпер у Еўропе, а мы дасюль пакутуем пад прыгнётам «крывавай гэбні».

Лімонаў: Кажаце, свінакомплекс? А ён вытрымае DOS атаку?

Каспараў: Дакладчык казаў, што мае вытрымаць.

Лімонаў: Тады наперад! Няхай жыве расійская дэмакратыя!

Дэмакраты высыпалі на вуліцу. Іх адразу падтрымаў просты расійскі люд, які ўжо стаміўся ад тандэму Пуціна—Мядзведзева. На Чырвонай плошчы натоўпам быў стыхійна пабудаваны па дацкіх і галандскіх тэхналогіях свінакомплекс на 50 тысяч галоў. Парсюкоў кармілі ўсім светам. Гурты «ДДТ» і «Ленінград» давалі для іх бясплатныя канцэрты. Заходнія дэмакратычныя палітыкі прыязджалі выказаць захапленне падзеямі.

Хутка такія свінакомплексы выраслі і ў іншых гарадах Расіі. Крамлёўская адміністрацыя не ведала, што рабіць з усенародным рухам дэмакратычнай свінагадоўлі. У выніку пуцінскі клан пагадзіўся пайсці на перамовы з апазіцыяй. Вынікі выбараў пералічылі. Як аказалася, гэта не Мядзведзеў, а Каспараў набраў 74% галасоў. У Расію прыйшла дэмакратыя. Аднак Еўропай чамусьці не пахла.

Дэмакраты зноў палезлі ў канспект лекцый і з жахам зразумелі сваю канцэптуальную памылку. Яны прапусцілі важны абзац, прысвечаны ролі ў рэвалюцыйным працэсе саломы. А між тым галоўны тэарэтык беларускай праеўрапейскай рэвалюцыі ясна сказаў: «Растрасіце яе, потым дадайце калій або азот. Калі зараз мы дадамо гэта ўгнаенне, у нас будуць развязаныя рукі ўвесну».

Дэмакраты схапіліся за галаву, аднак рабіць нешта было позна. Расія ўпусціла ўнікальны шанец вярнуцца ў Еўропу. Хутка краіна зноў трапіла пад кантроль рэжыму кіраванай дэмакратыі.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0