— Пуцін развязаў вайну ва Украіне. Вы спадзяваліся, што ў такім маштабе гэта будзе?

— Так, безумоўна. Гэта не павінна было нікога здзіўляць, хто ў гэтым разбіраецца. Усё ж было відавочна, проста моцна працавала агентура, і моцна працавала інфармацыя. Пастаянна Пуцін і ўся яго кліка казалі, што яны не збіраюцца. Яны пагражаюць, але не збіраюцца…

Таму была праведзена вельмі масаваная інфармацыйная работа, каб застаць Украіну знянацку. Думаю, знянацку яны яе не засталі, але сілы вельмі няроўныя. І тэхнічнае ўзбраенне на баку Расіі, а на баку Украіны — маральны чыннік.

— Якая мэта ў Пуціна? Далучыць Украіну да РФ ці проста паставіць свайго «прэзідэнта»?

— Стратэгічная мэта, безумоўна, — далучыць, але напачатку выглядае так, што яны хочуць захапіць Кіеў, захапіць кіраўніцтва і прымусіць іх да капітуляцыі. Ужо пра гэта пачалі гаварыць. І нават такія людзі, як Макрон, пачалі пра гэта казаць. Таму гэты план ужо прасочваецца, каб захапіць Кіеў, прымусіць капітуляваць і вызначыць статус Украіны, падлеглай Расіі, прызначыць сваіх людзей і так далей. Гэта бліжэйшая мэта і яна праглядаецца.

А далёкая мэта, безумоўна, звязаная з тым, што зрабіўшы першы крок, будзе зроблены другі па знішчэнні дзяржавы. Гэта яны так думаюць, але гэтага нічога не атрымаецца. Бо гэтая вайна зрабіла з украінцаў нацыю.

А калі яшчэ далей глядзець, то Пуціну трэба забраць Прыбалтыку, Польшчу і ўвогуле ўсю Еўропу.

— У 2014 годзе Лукашэнка ў размове з Аляксандрам Турчынавым сказаў наступнае: «Саша, ніколі не будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ніколі». І вось маем…

— Тут вінаваты не Лукашэнка, а людзі, якія яму вераць. Што яны, не бачаць, хто такі Лукашэнка? Таму гэтыя словы і ніякія ягоныя словы нельга ўспрымаць сур’ёзна.

— У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка знік з інфармацыйнай прасторы.

— Таму што ён зараз нішто. Зараз ён знішчаны як нейкая самастойная палітычная фігура. Ён цалкам прадаўся Пуціну, стаў халуём, упусціў войскі ў Беларусь, і ніякай ролі ён не грае. Беларусь акупаваная зараз. Зараз усё робяць акупанты, толькі фармальна пакуль існуе Савет міністраў, «прэзідэнт» фальшывы, а насамрэч — гэта ўжо акупацыйная зона, дзе ўсім распараджаюцца акупанты. Вось што ён стварыў. Для Беларусі гэта ганьба і страшэнная бяда, якая пачалася ў 1994 годзе. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0